Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНАЙ АКЦЫІ “АД ДЗЬВЯРЭЙ ДА ДЗЬВЯРЭЙ” ВІЦЕБСКІЯ ЎЛАДЫ МЯРКУЮЦЬ СУПРАЦЬПАСТАВІЦЬ АКЦЫЮ “АД ВЫБАРЦА ДА ВЫБАРЦА”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

На апошнім паседжаньні Віцебскага гарвыканкаму прадстаўнікі ўладаў абмяркоўвалі надзвычайныя захады, якія, на іхную думку, мусяць стабілізаваць перадвыбарчую сытуацыю ў горадзе, бо яна пагражае выйсьці з-пад іхнага кантролю.

Найперш намесьнік старшыні аблвыканкаму Пётар Южык раскрытыкаваў дзейнасьць гарадзкой выбарчай камісіі, бо яна зарэгістравала надта шмат кандыдатаў ад апазыцыйных партыяў. Нагадаем, што ўсяго 19 вылучэнцаў ад АГП, БНФ ды “Народнае грамады” трапілі ў сьпіс 162-х зарэгістраваных кандыдатаў, тым ня менш, спадар Южык выказаў сур’ёзную занепакоенасьць адносна наступстваў гэткае недальнабачнасьці.

У прыватнасьці, ён распавёў, што паводле ягоных зьвестак, апазыцыйна настроеныя кандыдаты вырашылі стварыць у гарсавеце антыўрадавы блёк ды распачаць рух за зьмены канстытуцыйнага ладу. Гэткай небясьпецы, на думку спадара Южыка, ягоныя калегі амаль ня маюць што супрацьпаставіць, бо гэтак званыя “кандыдаты ад уладаў” амаль не праяўляюць аніякае перадвыбарчае актыўнасьці.

Да прыкладу, “дабранадзейныя” вылучэнцы ад працоўных калектываў масава адмаўляюцца ад сустрэчаў са сваімі выбарцамі на прадпрыемствах ды нават ад выступаў па мясцовым радыё. І толькі двое са 162-х кандыдатаў у дэпутаты гарсавету ужо гатовыя прадставіць выбарцам свае праграмы — але гэта кандыдаты не ад уладаў, а ад КПБ ды “Народнае грамады”.

Тым часам апазыцыя праводзіць у горадзе доўгатэрміновую акцыю “Ад дзьвярэй да дзьвярэй”, агітуючы насельніцтва за незалежных кандыдатаў. Зазначыўшы, што “людзі мусяць ведаць, каго падтрымліваюць улады”, намесьнік старшыні аблвыканкаму прапанаваў гарадзкому кіраўніцтву ды ягоным вылучэнцам правесьці альтэрнатыўную акцыю “Ад выбарца да выбарца” — гэтаксама скіравацца па кватэрах віцяблянаў ды распавядаць “пра тых, пра каго трэба”.

Апроч небясьпекі стварэньня ў гарсавеце апазыцыйнага блёку, абласныя ўлады ўсур’ёз занепакоеныя відавочным недаверам насельніцтва, з-за чаго выбары ўвогуле могуць не адбыцца, як тое было ў Віцебску падчас папярэдніх выбараў у мясцовыя саветы. Таму дзеля падтрымкі аўтарытэту уладаў кіраўнікам віцебскіх прадпрыемстваў загадана да 25 лютага ліквідаваць запазычанасьці па заробках, а кіраўнікам выбарчах камісіяў — забясьпечыць яўку ня менш як 85% выбарцаў.

Прычым спадар Южык зазначыў, што колькасьць удзельнікаў ня мусіць быць меншай, як на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, ды параіў шырэй выкарыстоўваць магчымасьці датэрміновага галасаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG