Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ КІРАЎНІК ОФІСУ АБСЭ ПАЧАЎ ПРАЦУ З ВЫКАНАНЬНЯ ФАРМАЛЬНАСЬЦЯЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Эбэргарт Гайкен ужо сёньня правёў першыя сустрэчы і перамовы ў якасьці новага кіраўніка прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі. Аднак яшчэ ўдакладняецца, якія афіцыйныя фармальнасьці яму неабходна выканаць у сувязі з уступленьнем на пасаду. МЗС Беларусі ці прэзыдэнцкай адміністрацыі спадар Гайкен яшчэ не наведваў. У сувязі з гэтым і сам ён, і беларускія супрацоўнікі прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску пакуль ухіляюцца ад камэнтароў.

Але як і абяцаў спадар Гайкен журналістам пасьля свайго прылёту ў Менск, неўзабаве ён адкажа на ўсе пытаньні на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. У прадстаўніцтве АБСЭ ўжо ідзе падрыхтоўка да гэтай падзеі. Як запэўніваюць у офісе АБСЭ, гэтая прэсавая канфэрэнцыя адбудзецца ў самыя блізкія дні, прынамсі на гэтым тыдні.

Як паведамляюць у МЗС Беларусі, спадар Гайкен мае статус кіраўніка прадстаўніцтва міжнароднай арганізацыі, згодна зь Венскай канвэнцыяй 1969 году пра адмысловыя місіі. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Дадатковай працэдуры, звязанай з уступленьнем спадара Гайкена на пасаду, не патрэбна. Блізкім часам адбудзецца ягоная сустрэча пратакольнага характару зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым”.

Амбасадар Гайкен будзе мець больш абмежаваныя магчымасьці, чым ягоны папярэднік Ганс-Георг Вік, — упэўнены вядомы беларускі дыплямат Андрэй Саньнікаў, гэта выцякае з таго мэмарандуму, які быў падпісаны ў канцы мінулага году, і новага мандату місіі АБСЭ:

(Саньнікаў: ) “З гэтага мандату выцякае, што бяз згоды, без дазволу ўлады офісу амаль што нічога нельга рабіць, і асноўная функцыя офісу ў тым, каб забясьпечыць сувязь улады з грамадзянскай супольнасьцю. Гэта нешта незразумелае, можа, маецца на ўвазе той “шырокі грамадзянскі дыялёг”, пра які мы ўжо добра ведаем”.

Андрэй Саньнікаў хацеў бы неўзабаве сустрэцца са спадаром Гайкенам і выказаць яму галоўнае пажаданьне:

(Саньнікаў: ) “Я параіў бы тое самае, што раіў і ягонаму папярэдніку, — надаваць найбольш увагі сытуацыі з правамі чалавека перш за ўсё. А гэта тычыцца ўсяго, усёй нашай сытуацыі”.

Эбэргарт Гайкен фактычна праз год пасьля свайго першага прызначэньня ў Менск, пасьля адмовы беларускіх уладаў у ягоным прыёме ды скандальнага візавага канфлікту паміж Беларусьсю і АБСЭ, нарэшце стаў наступнікам Ганса-Георга Віка. Дарэчы, ён заняў і памяшканьне ў менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры, дзе жыў амбасадар Вік. Як і спадар Вік, Эбэргарт Гайкен знаходзіцца ў Беларусі безь сям’і.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG