Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІЯКІХ НОВЫХ ПАГАДНЕНЬНЯЎ НА РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКАЙ МІЖБАНКАЎСКАЙ ВАЛЮТНАЙ РАДЗЕ Ў ЯРАСЛАЎЛІ НЕ ПАДПІСАЛІ


Юры Сьвірко, Менск

У пятніцу ў Яраслаўлі прайшло 13-е паседжаньне Міжбанкаўскае валютнае рады Беларусі й Расеі, пасьля якога прадстаўнік галоўнае ўправы расейскага Цэнтральнага банку па Яраслаўскай вобласьці Аляксандар Арлоў паведаміў, што ніякіх афіцыйных пагадненьняў падпісана не было. Старшыня Цэнтрабанку Расеі Сяргей Ігнацьеў і кіраўнік беларускага Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч проста абмеркавалі пытаньні пераходу на адзіную валюту як супольны плацежны сродак.

Зь Яраслаўлю паведамілі, што “праца ў гэтым напрамку будзе працягнутая”. Але напярэдадні, прымаючы ў Менску спадара Пракаповіча, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб на перамовах у Яраслаўлі беларускі бок абараняў наступную пазыцыю: роўныя ўмовы для абедзьвюх дзяржаваў падчас увядзеньня расейскага рубля як агульнага плацежнага сродку з 1 студзеня 2005 году.

А ўжо з 1 ліпеня гэтага году Нацыянальны банк плянуе дазволіць на тэрыторыі Беларусі абарачэньне безнаяўнага расейскага рубля. Таму ў Яраслаўлі дамаўляліся пра мяккую прывязку курсу беларускага рубля да расейскага.

Кіраўнік управы інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў падаў наступныя парамэтры гэтай прывязкі:

(Драздоў: ) “Дэвальвацыя беларускага рубля да расейскага — 0,8% на месяц плюс-мінус 1% на квартал”.

Што да абмеркаванай хады выкананьня пляну супольных дзеяньняў у справе ўвядзеньня супольнае грашовае адзінкі, дык у Яраслаўлі канстатавалі, што ўрады дзьвюх краін значна адстаюць ад галоўных банкаў Расеі й Беларусі. Аднак яны вельмі хутка прасоўваюцца наперад у газавай сфэры. 3 лютага Савет Міністраў Беларусі выдаў пастанову пра акцыянаваньне “Белтрансгазу”, і ўжо на гэтым тыдні, нават цягам выходных, намесьнікі генэральнага дырэктара “Белтрансгазу” езьдзяць у працоўныя калектывы гэтага прадпрыемства, каб атрымаць згоду на акцыянаваньне з удзелам Расеі.

Ужо 11 лютага каля Радашкавічаў адбудзецца агульны сход прадстаўнікоў усіх 4 тысяч супрацоўнікаў “Белтрансгазу”, які мусіць ухваліць акцыянаваньне. На мясцовых сходах усе падтрымліваюць гэтую прапанову аднагалосна, хаця адміністрацыя абвесьціла, што кожны супрацоўнік “Белтрансгазу” зможа набыць акцыяў на суму ня больш за 1 мільён 200 тысяч рублёў — гэта 100 базавых велічыняў, ці каля 600 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG