Я задаваў гэтыя пытаньні некалькім дзясяткам чалавек і вось якія найбольш характэрныя адказы атрымаў:
(Жанчына: ) “Я думаю, гэта нармальна, што выводзяць, каб меней было клопатаў з гэтымі рублямі. Яны ўвогуле былі непатрэбныя”.
(Іншая жанчына: ) “Горш стала. Толькі гэта азначае. Выводзяць рублёвыя, уводзяць больш буйныя купюры. Гэта толькі з-за таго, што вялікая інфляцыя, і нічога добрага чакаць не выпадае”.
(Хлопец: ) “Нічога гэта не азначае. Інфляцыя вялікая, вось што. Няхай касуюць, нашто гэтыя рублі?”
(Студэнт: ) “Гэта добра, бо было, што пакідалі гэтыя купюры — і выкідалі. Калі ў мяне былі такія купюры, дык я іх адразу траціў”.
(Дзяўчына: ) “Увогуле стаўлюся нэўтральна. Мяне гэта не цікавіць”.
(Іншая дзяўчына: ) “Вельмі добра, што іх ня будзе, бо гэтая драбяза ўвогуле нікому не патрэбная”.
(Спадар: ) “Залатога запасу няма, грошай у народу няма. Рубель, дзесяць, тысячу выведуць, розьніцы няма. Народ бяднее, вось і ўсё”.
(Дзяўчына: ) “Я лічу, што калі выводзяць, значыць трэба іх прыбіраць. Дзяржава не павінна траціць сродкі на іх выпуск. Эканоміка ў нас такая, што ж рабіць?”
(Спадарыня: ) “Гэта будзе вельмі зручна для крамаў, бо ў іх заўсёды не хапае гэтых рублёў. А ўвогуле ня думаю, што гэта нешта зьменіць”.
(Спадар: ) “Нармальна. Будзе больш рацыянальнае выкарыстаньне грашовых купюраў”.
(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, што гэта вельмі разумна. Бо гэтая купюра ўжо шмат часу неплатаздольная. Магчыма, трэба вывесьці з абароту ня толькі аднарублёвыя, але й пяці–дзесяцірублёвыя купюры”.
(Спадарыня: ) “Я да гэтага стаўлюся ня вельмі, таму што калі на цэньніку было 4 рублі, то акругляць да 5. Паводле законаў матэматыкі ўсё мусіць ісьці назад. Падымуць на рубель цэны. Гэта нічога, для дзяржавы будзе прыбытак”.
(Спадар: ) “Трэба даўно было вывесьці, бо гэтая купюра ня мае вартасьці. Эканоміка ў нас такая. Замежны капітал не працуе, а свая эканоміка стаіць”.
(Дзяўчына: ) “Ня вельмі даўно такія ж грошы выводзілі з нашага абароту. Вінаватая ва ўсім інфляцыя. Будзе лягчэй карыстацца грашыма”.
(Хлопец: ) “Гэта толькі з-за вялікай інфляцыі. З аднаго боку, нам лягчэй будзе лічыць. Але зь іншага, гэта паказьнік таго, што нашая эканоміка падае”.
(Дзяўчына: ) “Зразумела, гэта ня вельмі добра. Таму, што цэны ўзрастуць. Ды ўвогуле, гэтыя цэны ўсё вышэй і вышэй, і грошы ня маюць ніякай вартасьці”.