Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ СУПРАЦЬ ПАВЕЛІЧЭНЬНЯ НОРМЫ ВЫВАЗУ ВАЛЮТЫ З РАСЕІ ДА 10 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Для Беларусі расейская ініцыятыва была нечаканай. Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё дырэктар валютнага дэпартамэнту Нацыянальнага банку Анатоль Мароз:

(Мароз: ) “Было даволі нечакана для нас. 20 сьнежня пазванілі нашы расейскія калегі й паведамілі, што ў іх унесьлі карэктывы ў закон пра валютнае рэгуляваньне. Паводле новай рэдакцыі закону, якую зацьвердзіла Дзяржаўная дума, норма вывазу фізычнымі асобамі валюты за межы павялічаная да 10 тысяч даляраў. Вываз мяркуецца свабодным, для яго не патрэбныя дазвольныя дакумэнты. Гэта тычыцца і грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, паколькі між намі няма мяжы. Вываз 10 тысяч даляраў дэпутаты Дзярждумы прынялі на карысьць “шэрай” эканомікі”.

Спадар Мароз паведаміў, што ў той жа самы дзень 20 сьнежня беларускі парлямэнт прыняў валютны закон, дзе была замацаваная норма вывазу памерам 1500 даляраў. Гэтую няўзгодненасьць краінаў-партнэраў па інтэграцыі кіраўніцтва Нацбанку лічыць наступствам непрафэсійных дзеяньняў расейскіх дэпутатаў.

Нацбанк спадзяецца, што ўрад Расеі заблякуе непажаданае для Беларусі рашэньне, паколькі яно адкрывае магчымасьць вывозіць па 10 тысяч даляраў праз расейскую тэрыторыю і беларусам. Рэч у тым, што нават пры цяперашняй норме сёлета зь Беларусі вывезена 435 мільёнаў даляраў. Гэтую лічбу агучыў сёньня намесьнік старшыні Нацбанку Мікалай Лузгін:

(Лузгін: ) “Што тычыцца 435 мільёнаў даляраў, то, як мы лічым, яны пайшлі на набыццё імпартных спажывецкіх тавараў. Іх вывезьлі прадпрымальнікі. Тыя, што працуюць на “Дынама”, на “Ждановічах”, іншых рынках. Яны купляюць валюту ў гэтых абменных пунктах”.

Ці насамрэч айчынныя бізнэсоўцы спусташаюць беларускую казну? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да аднаго зь лідэраў грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі:

(Шумчанка: ) “Калі спадары з Нацбанку так заклапочаныя вывазам капіталаў зь Беларусі, то мы ім параілі б наступныя рэцэпты для вырашэньня праблемы. А менавіта: трэба выйсьці з агульнай мытнай прасторы з Расеяй і ўсталяваць зь ёй дзяржаўную мяжу. І самае галоўнае: лібэралізаваць беларускую эканоміку. Трэба стварыць уласныя рынкі капіталаў, паслугаў і вытворчасьці. Гэта тыя рэцэпты, якімі кіруюцца цывілізаваныя краіны. Корань праблемы вывазу капіталу не ў прадпрымальніках, а ў эканамічнай мадэлі, якая сёньня існуе ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG