Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БОІНГАЎ” У БЕЛАРУСІ ПАКУЛЬ НЯМА, АЛЕ ПАВЕТРАНЫЯ ЭКІПАЖЫ ЎЖО ПАЧАЛІ АДМЫСЛОВУЮ ПАДРЫХТОЎКУ


Ігар Карней, Менск

Толькі тры лётчыкі з будучага экіпажу “Боінгу” дагэтуль выконвалі рэгулярныя рэйсы. Астатнія прыпісаныя да так званага прэзыдэнцкага самалёту Лукашэнкі. Такім чынам, ускосна пацьвярджаецца інфармацыя, што першы “Боінг” можа быць набыты менавіта для Аляксандра Лукашэнкі, які, відавочна, усё ж ня страчвае надзею трапіць за межы Беларусі.

Яшчэ раней крыніцы ў “Белавія” сьцьвярджалі, што на стапэлях у амэрыканскім Сыэтле стаіць самалёт для беларускага лідэра, і справа зараз за малым — перагнаць самалёт у Менск. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ў Дзяржаўным камітэце па авіяцыі адмовіліся. Але пацьвердзілі, што будзе распачатая інтэнсіўная праца ў справе падрыхтоўкі адмыслоўцаў для кіраваньня і абслугоўваньня “Боінгамі”. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік Дзяржкамавіяцыі Вадзім Біцан:

(Біцан: ) “Рыхтуеццца пяць экіпажаў для навучаньня на “Боінгах”. Пэрсанальны склад ужо вызначаны. Гэта першыя, але не апошнія людзі, бо экіпажы будуць фармавацца рэгулярна. Пытаньне вырашанае: у сакавіку наступнага году першы “Боінг-737” зь беларускімі бартавымі нумарамі павінен падняцца ў паветра. Запатрабуецца шмат экіпажаў: спэцыфіка самалётаў у тым, каб яны як мага меней былі на зямлі. Будуць прылятаць, абслугоўвацца і тут жа адлятаць. Таму загадзя рыхтуюцца пяць экіпажаў”.

Ад сёлетняга красавіка Беларусь страціла значны сэктар паветраных перавозак у краіны Заходняй Эўропы. Самалёты састарэлага авіяпарку ўжо не адпавядалі апошнім эўрапейскім патрабаваньням па ўзроўні шумоў і экалягічнай бясьпекі, і таму іхныя палёты над краінамі Эўразьвязу былі скасаваныя. Часова, да 2006 году, зьяўляцца на чартэрных і рэгулярных рэйсах у Заходнюю Эўропу дазваляецца толькі чатыром мадэрнізаваным самалётам Ту-154М, але пасьля гэтага тэрміну “пэрсонамі нон-грата” зробяцца і яны.

Жорсткія захады міжнароднай арганізацыі авіяперавозчыкаў (ІКАО) вымусілі беларускіх чыноўнікаў тэрмінова перагледзець дзяржаўную праграму абнаўленьня нацыянальнага авіяпарку. Замест першапачаткова заплянаванага паэтапнага пераходу на новыя самалёты расейскай вытворчасьці, урад ухваліў варыянт набыцьця ў лізынг некалькіх “Боінгаў”, якія ўжо былі ў карыстаньні. Характэрна, што яшчэ летась падобных размоваў ва ўладных структурах не было наогул, хоць першыя папярэджаньні ІКАО агалошаныя яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Як бачна, час зрабіў істотныя карэктывы.

Праўда, зараз хоць і абвешчана, што ўвесну першы “Боінг” з бартавымі нумарамі “Белавія” павінен падняцца ў неба, ці здарыцца гэта ў прызначаны тэрмін, дакладна невядома. Гаворыць Вадзім Біцан:

(Біцан: ) “Пакуль ня скончаны тэндэр.Свае паслугі ў справе набыцьця авіятэхнікі прапануюць некалькі замежных кампаніяў. Натуральна, што самалёты гэтыя ня новыя, у сярэднім дзесяцігадовыя. Але лічыцца, што гэта цалкам нармальная практыка. Бо гаворка ідзе пра лізынг”.

Адмыслоўцы канстатуюць, што дзесяцігадовы “Боінг” нашмат пераўзыходзіць расейскую авіятэхніку паводле ўсіх парамэтраў — і па камфорце, і па бясьпецы палётаў. Да таго ж, і міжнародная арганізацыя авіяперавозчыкаў ня мае да іх ніякіх прэтэнзіяў па шумнасьці і экалягічных патрабаваньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG