Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ЗАБАРАНІЛІ АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ І ЯШЧЭ СЯМІ АФІЦЫЙНЫМ АСОБАМ БЕЛАРУСІ ЎЕЗД НА СВАЮ ТЭРЫТОРЫЮ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Адзіная краіна Эўразьвязу, якая не ўвяла забарону - Партугалія. Яна цяпер старшынюе ў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе і плянуе кансультацыі зь беларускімі ўладамі аб вяртаньні ў Менск кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ.

Аляксандру Лукашэнку і яшчэ сямі беларускім чыноўнікам цяпер забаронены ўезд на тэрыторыю ўсіх краінаў Эўрапейскага Зьвязу акрамя Партугаліі. Такое рашэньне сёньня у Брусэлі прынялі міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу. Паводле папярэдняй інфармацыі, забарона тычыцца беларускага прэм'ер-міністра, міністраў абароны, унутраных справаў, юстыцыі і замежных справаў, а таксама старшыні КГБ і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Як паведаміла Крыстына Галяк, прэсавая сакратарка каардынатара замежных справаў Эўразьвязу Хавіера Саляны, сьпіс яшчэ не канчатковы. Цягам наступных дзён краіны Эўразьвязу правядуць кансультацыі, каб узгадніць яго. Сп-ня Галяк патлумачыла, што Эўразьвяз такім чынам дасылае сыгнал беларускім уладам аб неабходнасьці палепшыць сытуацыю з правамі чалавека.

(Галяк: ) "Я думаю, што лідэру любой краіны сьвету не спадабаецца, калі яму скажуць, што ён ня можа ўехаць на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу. Таму мы чакаем, што беларускія улады абдумаюць сытуацыю, у якую яны трапілі, сытуацыю, у якую яны ставяць уласнае насельніцтва, і зьменяць свае падыходы".

Дагэтуль уезд на тэрыторыю Эўразьвязу быў забаронены кіраўнікам толькі дзьвюх краінаў -- Зымбабвэ і Бірмы. У забароне для прадстаўнікоў Беларусі могуць рабіцца выняткі, калі яны будуць запрошаныя на мерапрыемствы, што ладзяць міжнародныя арганізацыі.
Як паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар офісу Эўракамісіі ў замежных справах Гуна Віганд, забарону на ўезд беларускіх кіраўнікоў могуць таксама ўвесьці і краіны-кандыдаты ў Эўразьвяз.

(Віганд: ) "Яны самі будуць вырашаць, але такі крок натуральна будзе вітацца".

Сярод краінаў Эўразьвязу толькі Партугалія не забараніла ўезд кіраўніцтву Беларусі. Партугалія цяпер старшынюе ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе і плянуе кансультацыі зь беларускімі ўладамі аб вяртаньні ў Менск кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ. Чакаецца, што дзеля гэтых кансультацыяў у хуткім часе Партугалію мусяць наведаць беларускія прадстаўнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG