На прэсавай канфэрэнцыi ў Белым доме Бушу некалькi разоў задавалi пытаньнi пра мажлiвасьць прэвэнтыўнага ваеннага удару супраць Садама Гусэйна. Джордж Буш адказаў, што для ўсiх важна зразумець: ягоная адмiнiстрацыя ня хоча вайны, але яна гатовая да яе ў выпадку патрэбы: “Вайна ня ёсьць маiм першым выбарам, гэта мой апошнi выбар. Тым ня менш, гэта адна з мажлiвасьцяў зрабiць сьвет больш мiрным месцам”.
Буш заявiў, што разумее: ваенная атака супраць Іраку можа раззлаваць некаторых у арабскiм цi iсьлямскiм сьвеце. Але ён лiчыць, што любыя дзеяньнi, якiя ён прадпрымае, могуць раззлаваць кагосьцi, i дадаў, што няма прычыны пазьбягаць таго, што ён назваў адпаведнымi дзеяньнямi.
Прэзыдэнт ЗША сказаў, што калі нічога не рабiць наконт Іраку, то гэта дазволіць iрацкаму прэзыдэнту Садаму Гусэйну працягваць рэалiзацыю плянаў пабудовы ядзернае бомбы ды павялiчыць верагодную магчымасьць атакi з ужываньнем гэтай зброi: “Ёсьць рызыка ўва ўсiх дзеяньнях, якiя мы робім. Але рызыка бязьдзеяньня – гэта ня выбар, калi мова йдзе пра мяне. Бязьдзеяньне стварае большую рызыку, чым выкананьне нашага доўгу зрабiць сьвет больш мiрным”.
Буш сказаў, што важна зразумець: ён спрабуе аб’яднаць вакол сябе iншыя дзяржавы– пад эгiдай ААН – дзеля перакананьня Садама адмовiцца ад ягоных праграмаў стварэньня ядзернае, бiялягiчнае ды хiмiчнае зброi.
Амэрыканскi прэзыдэнт зазначыў, што менавiта таму ЗША й Брытанiя разам прапанавалi праект рэзалюцыi Рады Бясьпекi ААН, якая ўсталюе жорсткi рэжым iнспэкцыяў ў справе зброi ды папярэдзiць пра мажлiвыя наступствы ў тым выпадку, калi Ірак ня будзе выконваць гэтую рэзалюцыю.
Буш выказаў расчараваньне з нагоды таго, што ён назваў невыкананьнем з боку Садама ранейшых дамоўленасьцяў пра раззбраеньне. Паводле Буша, iрацкi прэзыдэнт праiгнараваў 16 рэзалюцыяў Рады Бясьпекi. Цяпер, сказаў прэзыдэнт ЗША, надышоў час прыняць рэзалюцыю пра раззбраеньне Іраку, якая будзе падтрымлiвацца пагрозай акцыi пакараньня: “Зноў жа, мы чакаем ад Садама раззбраеньня. Гэта будзе 17-ы раз, калi мы чакаем ад Садама раззбраеньня. Зараз мы маем на ўвазе менавiта гэта. Разумееце, есьць адрозьненьне, я думаю. На гэты раз усё рэальна. І я кажу, што гэта, напэўна, не было рэальным мiнулыя 16 разоў, таму што нiчога не адбывалася, калi ён не раззбройваўся. На гэты раз нешта адбудзецца”.
Адзiн з рэпартэраў спытаўся, чаму Буш гатовы пачаць вайну супраць Іраку, якi не стварыў яшчэ, як мяркуецца, ядзерную бомбу, але не пагражае вайной Паўночнай Карэi, якая прызнала, што мае ядзерную зброю. Буш адказаў, што дзьве сытуацыi ня ёсьць iдэнтычнымi: “Мы падыходзiм да кожнай пагрозы па-рознаму. Кожная пагроза патрабуе рэакцыi рознага кшталту”.
Буш сказаў, што ягоная рэакцыя на паўночнакарэйскую пагрозу – гэта аб’яднаньне намаганьняў з азiяцкiмi краiнамi дзеля таго, каб пераканаць Пхэньян у тым, што той мусiць адмовiцца ад сваiх праграмаў ядзернае зброi, калi хоча далучыцца да “сям’i мiрных нацыяў”, як сказаў Буш. Ён нагадаў, што кiтайскi прэзыдэнт Цзян Цзэмiн падчас свайго вiзыту на Бушава ранча ў Тэхасе заявiў, што Пэкiн хоча, каб карэйская паўвыспа была вольнай ад ядзернае зброi.
Амэрыканскi прэзыдэнт выказаўся таксама наконт унутраных пытаньняў ЗША, у прыватнасьцi пра перамогу ягонай Рэспублiканскай партыi, якая аднавiла кантроль над абедзьвюма палатамi Кангрэсу. Буш выказаў спадзяваньне, што цяпер Кангрэс будзе дзейнiчаць хутка, каб стварыць дэпартамэнт унутрыдзяржаўнай бясьпекi, мэта якога – абаранiць нацыю ад тэрарыстычных пагрозаў.