Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ” У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На заклік актывістаў “Моладзі АГП” сёньня на Кастрычніцкую плошчу прыйшло каля 50 чалавек. Пераважна гэта былі маладыя людзі. Удзельнікі акцыі расьцягнуліся ланцугом уздоўж плошчы. У руках яны трымалі партрэты зьніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі й Зьмітра Завадзкага, пакараных уладамі журналістаў Міколы Маркевіча, Паўла Мажэйкі, Віктара Івашкевіча, памерлага Генадзя Карпенкі, а таксама рэпрэсаваных у 1930-40 гады мінулага стагодзьдзя вядомых беларускіх пісьменьнікаў і навукоўцаў. Арганізатар акцыі Андрэй Козел так патлумачыў яе мэту:

(Козел: ) “Мы жадаем правесьці нейкую паралель у гісторыі паміж тымі часамі і цяперашнімі. Шмат у чым ёсьць падабенства.

Можа адбыцца нейкі кантакт з насельніцтвам, больш насельніцтва даведаецца пра гэта. Большасьць увогуле ня ведае, што ў нас, у Беларусі робіцца, што ў нас людзі зьнікаюць ды іншае”.

Ягоны калега Андрэй Дзьмітрыеў дадаў:

(Дзьмітрыеў: ) “Мы хочам, каб ніхто не казаў: “Гэта нікога не цікавіць, і гэтага ўвогуле няма. Каб бачылі, што гэта цікавіць людзей, што людзі здольныя выходзіць на вуліцы і казаць пра гэта”.

Удзельнікі "Ланцугу неабыякавых людзей" так тлумачылі чаму яны прыйшлі на плошчу – гаворыць Алесь Тарасаў:

(Тарасаў: ) “Мяне хвалююць працэсы, якія адбываюцца ў маёй краіне, і я лічу, што мя не павінныя заставацца абыякавымі да ахвяраў рэжыму, да тых, хто нейкім чынам гэтаму рэжыму пярэчыў і хто быў выдалены з грамадзкага, палітычнага жыцьця нецывілізаваным спосабам”.

А вось меркаваньне студэнткі Ганны:

(Ганна: ) “Я лічу, што гэтая акцыя прыцягвае ўвагу простых людзей да праблемаў грамадзтва, і людзі могуць бачыць партрэты людзей, якія зьніклі, і гэта, на маё меркаваньне, вельмі важна”.

Каб прыцягнуць увагу людзей, удзельнікі акцыі раздавалі мінакам адмысловы зварот з заклікам ня быць абыякавымі да лёсаў зьніклых вядомых людзей і рэпрэсаваных журналістаў. На думку аўтараў звароту, новы 1937 год у Беларусі не павінен паўтарыцца.

Вось як рэагавалі на правядзеньне гэтай акцыі менчукі:

(Дзяўчына: ) “Мяне таксама хвалюе сытуацыя палітычная ў нашай краіне, і я разумею гэтых людзей, якія выйшлі на вуліцу і хоць нешта спрабуюць зрабіць для сваёй Радзімы”.

(Іншая дзяўчына: ) “Я цікаўлюся гэтым, таму што на самай справе нешта дзіўнае і незразумелае адбываецца ў нашай краіне. Калі ў чалавека ёсьць боль у сэрцы, чыму б яму ня выказаць гэты боль, не прыйсьці й не сказаць... Іх мала, але яны ёсьць, і гэта добра”.

(Мужчына: ) “Калі людзі зьніклі, трэба іх шукаць, нельга быць абыякавымі да гэтай праблемы”.

Прысутныя міліцыянты ўдзельнікам ланцуга не перашкаджалі. Падпалкоўнік Сяргей Гірэль сказаў, што гэтыя людзі – законапаслухмяныя грамадзяне, і таму міліцыя ня будзе іх разганяць. Акцыя працягвалася 45 хвілінаў, пасьля чаго яе ўдзельнікі спакойна разыйшліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG