Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АХВЯРАЙ ГАЗУ МОГ СТАЦЬ ХТО ЗАЎГОДНА. АДНЫМ ПАШЧАСЬЦІЛА МЕНШ, ДРУГІМ БОЛЬШ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Людміла Багачова была пятай у сьпісе беларускіх грамадзянаў, якія апынуліся ў закладніках узброеных чачэнцаў. Яна, адзіная зь беларусаў, значыцца ў трагічным сьпісе загінулых. Жанчыне было 55 гадоў, нядаўна яна выйшла на пэнсію і зь Менску пераехала ў Маскву, каб жыць разам з сынамі. Малодшы з трох яе сыноў, Дзьмітры, працаваў камэрцыйным дырэктарам мюзыклу “Норд-Ост”. Туды ж білецёркай уладкавалася і Людміла Багачова.

Калі чачэнскія баевікі захапілі будынак, то ўсіх супрацоўнікаў адвялі ў залю да гледачоў. Так Людміла Багачова апынулася сярод закладнікаў. А тое, што яна не перажыла газавай атакі расейскай “Альфы”, тлумачыцца самымі рознымі фактарамі. Вось што распавеў мне сёньня супрацоўнік беларускай амбасады ў Расеі Аляксандар Гардзейчык, які кантактаваў з закладнікамі і быў сьведкам шэрагу падзеяў з гэтай трагічнай гісторыі:

(Гардзейчык: ) “Газ пусьцілі не раўнамерна ва ўсе памяшканьні, а дзе здолелі — таму канцэнтрацыя газу ў розных месцах была рознай. Па-другое, людзі зусім па-рознаму на яго рэагуюць. Адзін вытрымае толькі 10 хвілінаў, а другі ўдвая больш. Кажуць, што спэцаддзелу “Альфа” з улікам гэтага і давалася на штурм толькі 15 хвілінаў. Пасьля гэтага часу нехта ачуняў ад газу, а нехта памёр ад перадазіроўкі”.

Аляксандар Гардзейчык размаўляў зь некаторымі закладнікамі, у тым ліку з Тацянай Ткачук зь Менску. Паводле яго, Тацяна адчувае сябе лепш за астатніх беларускіх грамадзянаў, якія яшчэ застаюцца ў шпіталях. З раніцы яна ўжо на нагах, сама ўзялася дапамагаць у вяртаньні асабістых рэчаў закладнікаў. Яна і яе сяброўка Вольга Золіна — мэдыкі, і з дазволу чачэнцаў яны яшчэ ў палоне аказвалі мэдычную дапамогу закладнікам. Іх трымалі на аддаленьні ад асноўнай групы закладнікаў, што і дапамагло выратавацца, калі пачаўся штурм. Аляксандар Гардзейчык казаў, спасылаючыся на Тацяну Ткачук:

(Гардзейчык: ) “Як распавядала Тацяна Міхайлаўна, яны знаходзіліся на другім паверсе, іх і ў прыбіральню вадзілі асобную. Але не таму, што іх лічылі замежнымі грамадзянамі. Увогуле гэты падзел быў даволі ўмоўны, як і на мужчынаў з жанчынамі”.

Спачатку закладнікаў разьдзялілі на мужчынаў і жанчын, а потым усе зноў аб’ядналіся, і чачэнцы гэтаму не пярэчылі. Гэтак сама было і з замежнікамі. Беларусаў спачатку за замежнікаў не хацелі прызнаваць, але потым прызналі, калі Бараеў паглядзеў пашпарт Тацяны Ткачук з “Пагоняй”. Але на той момант ад думкі адпусьціць замежнікаў чачэнцы ўжо адмовіліся. Бо многія расейцы пачалі называцца замежнікамі.

Сёньня Тацяна Ткачук ужо пабывала ў шпіталі ў сваёй сяброўкі Вольгі Золінай. Тая адчувае сябе яшчэ дрэнна, таму дадому яе не адпускаюць. А сама Тацяна, магчыма, паляціць дадому сёньня ўвечары. А раней Тацяна Ткачук удзельнічала ў цырымоніі ўскладаньня вянка да будынку тэатральнага цэнтру на Дуброўцы, якую першай з усіх дыпляматычных місіяў у Маскве наладзіла беларуская амбасада.

16-гадовая Вольга Протас знаходзіцца ў 84-м шпіталі, і гаворка ідзе ўжо пра ейную выпіску.

(Гардзейчык : ) “Бацька да яе прыехаў, ён зьбіраецца забраць яе 30 ці 31 кастрычніка, значыць, стан яе лепшы. Да Ларысы Краўцовай з Магілёва прыехаў муж, яна ў шпіталі, паводле зьвестак, пагрозы жыцьцю няма. Муж і жонка Савіцкія таксама дагэтуль у шпіталі, да іх прыехалі сваякі. Стан Савіцкіх мэдыкі вызначаюць як “сярэдняй цяжкасьці”.

З маскоўскіх шпіталяў распаўсюдзіліся зьвесткі, што ва ўсіх пацярпелых, нават тых, каго ўжо выпісалі, дрэнныя аналізы крыві, і лекары ня могуць спрагназаваць, чым скончыцца для іх атручаньне газам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG