Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ АСУДЖАЕ ПРАІРАЦКУЮ ПАЗЫЦЫЮ БЕЛАРУСКІХ ЎЛАДАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Ангажаваньне ў гэты канфлікт на баку Багдаду можа быць шкодным для Беларусі - лічаць апазыцыйныя лідэры.
У МЗС Беларусі настойваюць, што сэнс знаходжаньня беларускай урадавай дэлегацыі ў Іраку палягаў у развіцьці эканамічнага супрацоўніцтва з гэтай кріанай. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Мэтай візыту Беларускай дэлегацыі ў Ірак зьяўлялася ўзгадненьне пытаньняў двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, выключна разглядаліся пытаньні грамадзянскай прамысловасьці і аховы здароўя”.

Намеснік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Мікалай Іванчанка выступіў у Багдадзе з адкрытай палітычнай падтрымкай ірацкага рэжыму і з асуджэннем пазыцыі ЗША. Дэпутат Іван Пашкевіч нэгатыўна ацэньвае гэтыя заявы, “яны прынясуць шкоду Беларусі на міжнароднай арэне”, - лічыць ён:

(Пашкевіч: ) “Тое, што яны выказалі, на жаль, ідзе ў рэчышчы дзяржаўнай думкі, я так скажу. Яны нічога новага не сказалі. А гэтая думка разыходзіцца з думкай міжнароднай супольнасьці. І, канечне, гэта зноў адкідвае Беларусь ад цывілізаванага сьвету, гэта зноў не дае падставаў Беларусі заняць сваё пачэснае месца ў міжнародных структурах, эўрапейскіх”.

На думку Івана Пашкевіча, беларускае кіраўніцтва зусім ня ўлічвае грамадскай думкі ў Беларусі, якая ніколі не была праірацкай.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што адносіны Багдаду і Менску абумоўлены зусім не эканомікай, а адзіным ідэалягічным полем.

(Лябедзька: ) “Эканомікай тут і ня пахне. У першую чаргу, гэта аднолькавы погляд на стратэгію разьвіцьця сваёй краіны, на аналіз падзеяў, якія адбываюцца ў сьвеце. Проста сёньня людзі пачынаюць называць рэчы сваімі імёнамі”.

Паводле словаў А. Лябедзькі, АГП катэгарычна супраць таго, каб беларускія ўлады развівалі стасункі з дыктатарскім рэжымам Хусэйна, гэта не адпавядае нацыянальным інтарэсам краіны і далей заганяе Бедларусь у стан самаізаляцыі, што адаб’ецца і на дабрабыце беларускага народу.

(Лябедзька: ) “Лукашэнка проста падстаўляе краіну, ён не зьвяртаецца да людзей, да грамадзкай думкі. Яго не цікавіць, што яны думаюць. Зроблены стратэгічны выбар: шлях на самаізаляцыю. Тыя падзеі, якія адбываюцца ў сьвеце, шэраг тэрарыстычных актаў апошніх дзён, яны сьведчаць, што ўсё больш і больш аргумэнтаў, каб узброеным чынам вырашыць пытаньне Іраку. Лукашэнка разумее, што, калі Саддам Хусэйн сыходзіць, пасьля Мілошавіча, то у сьвеце не застаецца такіх калярытных пэрсанажаў зь іміджам дыктатараў. Ён баіцца за сябе”.

Стасункі з Іракам - гэта рызыкоўная гульня - лічыць лідар БСДП "Народная грамада" Мікалай Статкевіч. Ён мяркуе, што беларускія ўлады развіваюць адносіны з Іракам ад эканамічнай безвыходнасці, яны сапраўды спадзяюцца палепшыць свой знешні таваразварот, атрымаць нейкія эканамічныя прэфэрэнцыі з боку Іраку будучым. Але гэта марна. Калі цяпер Ірак цікавіць любая, нават мізэрная падтрымка, то, калі з Іраку будзе зьнятае міжнароднае эмбарга, то там будуць купляць больш якасныя заходнія тавары, ўпэўнены спадар Статкевіч, а пра палітычныя паслугі афіцыйнага Менску ў Багдадзе хутка забудуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG