Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭР КАМПАРТЫІ ВІЕТНАМУ НЕ СУСТРЭЎСЯ З АПАЗЫЦЫЙНЫМІ БЕЛАРУСКІМІ КАМУНІСТАМІ


Валер Каліноўскі, Менск

Генэральны сакратар Нонг Дык Мань фактычна кіруе Віетнамам, паколькі там аднапартыйная сыстэма, а прэзыдэнта абірае пленум цэнтральнага камітэту кампартыі. Ён прыляцеў у Менск на пэрсанальным “Боінгу”, але як калісьці савецкія партыйныя лідэры, адмежаваўся ад прэсы, не выступаючы ні зь якімі камэнтарамі.

Гэты візыт таварыш Нонг Дык Мань зрабіў у адказ на наведваньне А.Лукашэнкам Віетнаму ў 1997 годзе. Сёньня, сустракаючыся зь віетнамскім генэральным сакратаром і падпарадкаванымі яму міністрамі, Аляксандар Лукашэнка заўважыў, што ўсе яны добра гавораць “на нашай мове”, і што шмат хто зь віетнамскага кіраўніцтва вучыўся ў Беларусі і можа стаць “апірышчам” для арганізацыі сувязяў зь Беларусьсю.

Найперш Аляксандар Лукашэнка выказаў зацікаўленасьць у пашырэньні таваразвароту зь Віетнамам. Ён паабяцаў інвэстарам з гэтай краіны істотныя льготы, выказваў гатовасьць нават прадаць ім частку беларускіх прадпрыемстваў, што працуюць на віетнамскі рынак. Перш за ўсё размова ідзе пра Менскі мотавелазавод.

Першапачаткова плянавалася, што лідэр віетнамскіх камуністаў у неафіцыйнай частцы свайго візыту сустрэнецца са сваімі беларускімі аднадумцамі зь дзьвюх беларускіх кампартыяў. Аднак у апошні момант сустрэча з кіраўнікамі апазыцыйнай ПКБ была адмененая, і яны ня змогуць расказаць сябрам зь Віетнаму пра ўціск з боку беларускіх уладаў, высяленьне іх з офіса, парушэньне правоў працоўных у Беларусі.

Гаворыць сакратар ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “У Міністэрстве замежных справаў, калі яны даведаліся аб тым, што такая сустрэча плянуецца, яны прыйшлі ў нейкае замяшальніцтва, вельмі доўга дапытваліся, зь якой мы партыі. Калі даведаліся, што з партыі Калякіна, тады яны сказалі, што яшчэ нічога не сплянавана, хаця гэта была ўжо пятніца, канец дня — так быць ня можа, падчас такіх замежных візытаў, і яны зрабілі ўсё, каб гэтая сустрэча не адбылася”.

Афіцыйная прычына гэтай адмовы — напружаны графік сустрэчаў віетнамскага генэральнага сакратара. Аднак для ляяльных уладзе камуністаў з КПБ Нонг Дык Мань знайшоў час 15 кастрычніка. Пра гэта паведаміў першы сакратар КПБ Валеры Захарчанка, які зазначыў, што хоча абмеркаваць зь віетнамскімі гасьцямі міжпартыйныя адносіны і магчымасьці супрацоўніцтва:

(Захарчанка: ) “Кампартыя Віетнаму зьяўляецца цяпер кіроўнай партыяй, яна вядзе будаўніцтва сацыялістычнага грамадзтва, і, канечне, тое, што робяць яны на цяперашнім этапе, для нас проста цікава ў чыста пазнавальным пляне. А ў практычным пляне ў нас іншыя задачы на сёньняшнім этапе”.

Як паведамілі ў МУС Беларусі, у краіне жыве каля тысячы віетнамцаў, зь іх 400 грамадзянаў Сацыялістычеай Рэспублікі Віетнам, якія калісьці працавалі на беларускіх прадпрыемствах, а цяпер ня маюць грошай, каб вярнуцца дадому. Але вялікіх праблемаў зь імі няма, яны ціха гандлююць і нікога не чапаюць, — паведаміў намесьнік начальніка пашпартна-візавай службы МУС Беларусі Валерый Казлоўскі.

Больш праблемаў з транзытнымі віетнамцамі, якія празь Беларусь накіроўваюцца ў Эўропу. Сёлета было дэпартавана зь Беларусі 220 такіх грамадзянаў Віетнаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG