На падставе міліцэйскага пратаколу адміністрацыйная камісія Чыгуначнага раёну аштрафавала спадара Дашкевіча на 50 тысячаў рублёў. Ёй, як і міліцыянтам, не спадабаліся на ўлётцы выява “Пагоні” і словы з тэксту: “Сумесна з апазыцыяй пазбавім улады ўзурпатара і ягоных халуёў”.
Праўдападобна, меркаваньні супалі таму, што падпалкоўнік міліцыі Сьпірыдовіч, які спрычыніўся да пратаколу, зьяўляецца ў камісіі намесьнікам старшыні. У выніку Юрась Дашкевіч быў пакараны. Аднак штраф ён ня стаў плаціць, а падаў у суд скаргу.
Юрыст Свабоднага прафсаюзу Віктар Ялфімаў, які абараняў інтарэсы спазыскоўца, зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што адміністрацыйная камісія Чыгуначнага раёну ня мела нават права прыцягваць Дашкевіча да адказнасьці. Парушаны Адміністрацыйны кодэкс. Дашкевіч жыве ў Савецкім раёне, а не ў Чыгуначным. Да таго ж міліцыянты, складаючы пратакол, не дазволілі прысутнічаць прадстаўніку Дашкевіча, чым парушылі Канстытуцыю.
Аднабока паставіліся міліцыянты і камісія і да словаў ва ўлётцы “пазбавіць улады”. Распавядае юрыст Ялфімаў:
(Ялфімаў: ) “Калі “пазбавіць”, а тым болей разам з апазыцыяй, то гэта для іх яўна са зброяю ў руках, з бамбардыроўкамі. Чамусьці міліцэйскім начальнікам і ў галаву не прыходзіць, што ўзурпатара можна пазбавіць улады, прыйшоўшы на выбары”.
Судзьдзя Дзямідчык усе згаданыя высновы не ўзяла пад увагу і не адмяніла пастанову адміністрацыйнай камісіі пра пакараньне Юрася Дашкевіча.
Сам Юрась кажа пра немагчымасьць у Беларусі свабодна выказваць думкі, якія не супадаюць з афіцыйнымі ўстаноўкамі.
(Дашкевіч: ) “Я выйшаў выказаць сваю думку, нагадаць людзям іх гісторыю, павіншаваць, вярнуць да вытокаў – і вось чым гэта скончылася”.
Пастанову судзьдзі Валянціны Дзямідчык Юрась Дашкевіч будзе абскарджваць у вышэйшай судовай інстанцыі.