Лінкі ўнівэрсальнага доступу

59% ПРАДПРЫЕМСТВАЎ СЫСТЭМЫ БЫТАВОГА АБСЛУГОЎВАНЬНЯ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ СТРАТНЫЯ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня я наведаў два салёны, дзе працуюць цырульнікі, касмэтолягі, манікюркі. Адзін зь іх, салён “Наталі” — прыватны, другі, “Локан” — яшчэ паўдзяржаўны. У першым працавалі ўсе майстры, другі быў амаль пусты.

І клопаты ў адмыслоўцаў, натуральна, розныя. У першых — пра якасьць паслугаў, у апошніх — пра плян. Распавядае гаспадыня прыватнага салёну “Наталі” спадарыня Варанчук:

(Варанчук: ) “Мы працуем іншымі матэрыяламі. Да нас імкнуцца патрапіць добрыя майстры. Мы іх накіроўваем у сталіцу ў салён “Валянціна” вывучаць новыя тэхналёгіі. Працуем зь нямецкай фірмай, удзельнічаем у эўрапейскіх конкурсах прыгажосьці. Усе імкнуцца ўдасканальваць майстэрства. Дзяўчаты зацікаўленыя і вельмі ўважліва ставяцца да кліентаў”.

У цырульнікаў “Локану” галоўнае — плян, які яны лічаць нерэальным.

(Вялічка: ) “Зьмена — сем гадзінаў. На кліента трэба затраціць прынамсі 40 хвілінаў. Але трэба абслужыць як паболей людзей. І калі ў мяне ідзе стрыжка за 20 хвілінаў, я проста ганю плян і не раблю якасна”, — адкрыта сьцьвярджае майстрыха Віка Вялічка.

Аб’яднаньне цырульняў “Локан” спрабавалі прыватызаваць, ператварыўшы яго ў акцыянэрнае таварыства. Але ў ім мала што зьмянілася. Доля дзяржаўнай уласнасьці тут складае ледзь не палову. Дзяржаўны пакет акцыяў хацеў выкупіць адзін з прадпрымальнікаў.

Аднак упраўленьне бытавога абслугоўваньня аблвыканкаму, цяпер гэта ўнітарнае прадпрыемства “Гомельаблбыт”, працівілася гэтаму, паколькі прадпрымальнік аказаўся ўраджэнцам Чачэніі.

Тым ня менш, генэральны дырэктар “Гомельаблбыту” Барыс Камісарчык ня супраць, каб прыдпрыемствы бытавога абслугоўваньня пераходзілі ў прыватныя рукі. Не чачэнцаў, канечне. А хоць бы немцаў, як у Лельчыцах.

Інакш прадпрыемствам ня выжыць. У сельскіх комплексных прыёмных пунктах месячны заробак у людзей не перавышае ў эквіваленце 6,5 даляраў. Затое ва ўтвораных так званых сямейных дамах быту, дзе працуюць уласьнікі, даход даволі прыстойны.

Прычыну таго, што ў рэгіёне яшчэ застаецца больш паловы прадпрыемстваў бытавога абслугоўваньня зь дзяржаўнай формаю ўласнасьці, спадар Камісарчык бачыць у даволі грувасткай працэдуры разьдзяржаўленьня. Адных даведак і ўзгадненьняў трэба займець каля трох дзясяткаў. І за кожную паперку трэба заплаціць, на што ў многіх прадпрыемстваў проста няма грошай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG