Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЛЯ ЧАГО ПАТРЭБНЫ САЮЗ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: галоўны рэдактар часопісу “Архэ” Валер Булгакаў і сябра Рады Саюзу пісьменьнікаў паэт Леанід Дранько-Майсюк

(Віталь Цыганкоў: ) “24 верасьня адбудзецца зьезд Саюзу пісьменьнікаў. Некалькі тыдняў напярэдадні гэтага форуму існавала верагоднасьць, што могуць адбыцца два альтэрнатыўныя зьезды. Да расколу вяла групоўка праўладна скіраваных чальцоў Саюзу. Цяпер, аднак, яна зьмяніла тактыку, вырашыўшы, што некалькі арганізацыяў не патрэбныя і Саюз застанецца адзіным.

І перш чым пагаварыць, якім Саюз будзе пасьля зьезду, я задам, здаецца, банальнае пытаньне: для чаго патрэбны сёньня Саюз пісьменьнікаў? Як бы вы патлумачылі неабходнасьць ягонага існаваньня цяпер?”

(Леанід Дранько-Майсюк: ) “Я ўпэўнены, што Беларусі патрэбная адзіная моцная творчая арганізацыя, якая магла б зьмястоўна прадстаўляць нашую нацыянальную культуру і тут, і за межамі Беларусі, і якая магла б палітычна, юрыдычна і сацыяльна абараняць правы сяброў пісьменьніцкай арганізацыі.

Мы жывем у дзяржаве, якая структурная па сваёй сутнасьці. І калі нехта з нас застаецца па-за межамі нейкай структуры, мы адразу адчуваем цяжкасьці, мы самі ня можам пераадолець шматлікія праблемы. А калі за намі стаіць нейкая пэўная арганізацыя, той самы Саюз пісьменьнікаў, тады кожны з нас уяўляе нейкую і творчую і сацыяльную сілу”.

(Цыганкоў: ) “Па-мойму, Леанід Дранько-Майсюк вельмі трапна абазначыў сутнасьць дзяржавы — “структурная”. Іншымі словамі — вэртыкальная.

Валер Булгакаў, вы нядаўна напісалі артыкул “Пагібель беларускіх пісьменьнікаў”. Вы мелі на ўвазе найперш стварэньне голдынгу “Літаратура і мастацтва”. Вы і зараз лічыце, што ваша рэзкая фармулёўка верная?”

(Валер Булгакаў: ) “Ведаеце, гэтая мая фармулёўка досыць такая мэтафарычная. Яна можа добра ўспрымацца, толькі выходзячы з ідэйнага зьместу ўсёй маёй публікацыі, якая пабачыла сьвет у першым нумары сёлета часопісу “Архэ”.

З маёй званіцы, з майго пункту гледжаньня, сам факт крызысу пісьменьніцкага асяродзьдзя, які можна сфармуляваць пры дапамозе паняцьця “пагібель” альбо менш эмацыйных катэгорыяў, выкліканы крызысам у дачыненьнях між Саюзам пісьменьнкікаў і беларускай дзяржавай.

Дагэтуль Саюз пісьменьнікаў выконваў у пэўнай ступені ролю такога “пісьменьніцкага прафсаюзу”, які ня столькі займаецца творчымі пытаньнямі (пасьля развалу СССР ён перастаў дыктаваць нейкія свае ўстаноўкі пісьменьніцкай грамадзе), а зьяўляецца сродкам для ўтрыманьня дабрабыту пісьменьніцкай грамады на пэўным узроўні”.

(Цыганкоў: ) “Але здаецца, гэткая функцыя выконваецца вельмі слаба. Вялікіх дасягненьняў у сацыяльнай абароненасьці пісьменьнікаў няма”.

(Булгакаў: ) “Фактычна, сапраўды, Саюз пісьменьнікаў як структура, якая прадстаўляе пэўнае сацыяльнае асяродзьдзе, увесь час апошнія гады траціць гэтае значэньне. Я думаю, што будучыня гэтай арганізацыі досыць прывідная і эфэмэрная, нягледзячы на ўсе высілкі па яе актывізацыі.

Увогуле, міжнародны досьвед паказвае, што пісьменьніцкія клюбы — гэта рэч неабходная, гэта ёсьць ва ўсёй Эўропе. Але няма такой арганізацыі, на статус якой прэтэндаваў Саюз пісьменьнікаў Беларусі — своеасаблівага пасярэдніка паміж пісьменьнікамі і ўладай. Бо калі ўлада бачыцца адзіным гарантам асабістага дабрабыту і рэалізацыі творчых памкненьняў, то гэтыя настроі, на жаль, моцна патыхаюць савецкімі часамі”.

(Цыганкоў: ) “Тым ня менш улада на сёньняшні дзень не пакідае па-за сваёй увагай Саюз пісьменьнікаў. Прадстаўнікі той групоўкі, якая спачатку нібыта хацела раскалоць Саюз пісьменьнікаў, правесьці два розныя зьезды, сустрэліся з адным з намесьнікаў кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Пасьля таго, як яны выйшлі з адміністрацыі, яны забыліся на свае думкі пра два розныя зьезды і вырашылі змагацца за свае пазыцыі на адзіным зьезьдзе.

Мне здаецца, гэтым улада паказала, што ёй не патрэбная адкрытая апазыцыя з боку пісьменьніцкай арганізацыі. “Хай яны лепш сварацца паміж сабой унутры Саюзу, але не патрэбныя нам дзьве розныя арганізацыі, адна зь якіх будзе апазыцыйнай.

Спадар Дранько-Майсюк, як мусіць Саюз пісьменьнікаў вызначыцца наконт сваіх пазыцыяў да ўлады? Ці трэба зьезду заявіць пра сваю апазыцыйнасьць, як прапануюць некаторыя? Ці пра сваю аддаленасьць ад улады? Альбо наадварот — наблізіцца да яе?”

(Дранько-Майсюк: ) “Калі заўтра на зьезьдзе мы абярэм у якасьці старшыні вельмі таленавітага паэта, здольнага арганізатара выдавецкай справы і выкладчыка Алеся Пашкевіча, то я думаю, мы вырашым шмат якія праблемы. Бо тут выпадае спадзявацца менавіта на асобу, на характар, у якім пераважаюць дыпляматычныя якасьці. Трэба спадзявацца на чалавека, які ўмее дамаўляцца”.

(Цыганкоў: ) “Ці не перабольшваеце вы ролю асобы? Я ўсё ж хацеў пачуць адказ пра прынцып стаўленьня да ўлады. Ці мусіць Саюз пісьменьнікаў сказаць пра сваю незалежнасьць ад дзяржавы, ці павінен імкнуцца падтрымліваць зь дзяржавай вельмі блізкія дачыненьні?”

(Дранько-Майсюк: ) “Што такое дзяржава? Гэта нейкія інстытуты, якія, скажам, выступаюць у форме таго ж Міністэрства інфармацыі. І калі міністэрства сёньня робіць усё для таго, каб выходзіў збор твораў Янкі Купалы, каб неўзабаве распачалося выданьне 18-томнага збору твораў Якуба Коласа, то такія памкненьні мы павінныя і разумець, і падтрымліваць.

Калі ж ад дзяржавы ідзе нейкая адмоўная энэргетыка, то сапраўды, ні ў якім разе ні Алесь Пашкевіч, ні іншы абраны кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў не павінныя іх успрымаць”.

(Булгакаў: ) “Я са свайго ўласнага досьведу ўвогуле асьцерагаюся стасункаў зь беларускай дзяржавай. Гэтая дзяржава нарабіла столькі ліха беларускай культуры цягам апошніх васьмі гадоў, што нейкія гарачыя палымяныя пакладаньні, што яна раптам зьменіцца, распачне якасна новы курс, выглядаюць утапічнымі.

Што тычыцца выданьня збораў твораў Купалы і Коласа, то яны маюць відавочна прапагандысцкае значэньне як фармальны паказчык таго, што ў Беларусі нацыянальная культура неяк талеруецца і нават падтрымліваецца. Але калі паглядзець статыстыку кнігавыданьня, то нейкага якаснага выбуху не адбываецца.

Я думаю, пакуль беларускія пісьменьнікі будуць арыентавацца на дзяржаўныя грошы, а не на беларускі літаратурны рынак і дынаміку ягонага попыту, датуль яны будуць заставацца глыбока правінцыйнай грамадой, якая жыве наводдаль Эўропы і жывіцца нейкімі архаічнымі ўяўленьнямі”.

(Цыганкоў: ) “Паспрабуем даць прагноз на заўтрашні зьезд. Як можа разьвязацца гэтая супярэчнасьць паміж дзьвюма рознымі групоўкамі, якія напярэдадні даволі выразна заявілі пра рознасьць сваіх пазыцыяў? Як могуць яны ўжывацца паміж сабой у адной арганізацыі?”

(Дранько-Майсюк: ) “Існуе, вобразна кажучы, дзьве партыі — “партыя Алеся Пашкевіча” і “партыя Міколы Мятліцкага”. Я перакананы, што на заўтрашнім зьезьдзе “партыя Пашкевіча” пераможа, і ён будзе абраны старшынём Саюзу пісьменьнікаў”.

(Цыганкоў: ) “А чаму самыя знакамітыя постаці беларускай літаратуры не жадаюць заняць гэтую пасаду?”

(Дранько-Майсюк: ) “Напэўна, у іх любоў да ўласнага пісьменьніцкага стала пераважае любоў, якая можа існаваць да адміністратарскага крэсла”.

(Цыганкоў: ) “Ці не паспрыяе магчымая перамога больш дэмакратычных і прагрэсіўных пісьменьнкаў (як гэта ні парадаксальна) таму, што сытуацыя зноў замарозіцца да наступнага рашучага наступу ўлады на пісьменьнікаў?”

(Булгакаў: ) “На жаль, асноўныя магчымасьці для публікацыяў у выглядзе літаратурна-мастацкіх часопісаў Беларусі цяпер адлучаныя ад Саюзу пісьменьнікаў. Баюся, што не зважаючы на вынік імпрэзы, значэньне зьезду для літаратурнага працэсу ў Беларусі, прынамсі, на першым часе будзе мінімальным. Зьменіцца кіраўнік структуры, магчыма, ён будзе лепшым адміністратарам і пачне з большым імпэтам выбіваць пуцёўкі ў Дом адпачынку “Іслач”.

Аднак якасьць літаратурнага працэсу, баюся, ад гэтага не перажыве грунтоўных пераменаў. Сытуацыя можа палепшыцца, толькі калі Саюз пісьменьнікаў і яго старшыня будуць мець рэальныя магчымасьці для публікацыі як асобных выданьняў, так і для выданьня больш-менш рэгулярнага літаратурнага часопіса”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG