Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКІМ МЭТАЛЮРГІЧНЫМ ЗАВОДЗЕ Ў ЖЛОБІНЕ ВЫЗВАЛЕНЫ АД ПАСАДЫ ГЕНЭРАЛЬНЫ ДЫРЭКТАР ВАДЗІМ ФІЛІПАЎ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Здымаць дырэктара з пасады ўчора пад вечар прыехаў міністар прамысловасьці краіны Анатоль Харлап. Ён жа прывез з сабою і новага прызначэнца — свайго першага намесьніка Івана Дземідовіча.

Афіцыйная вэрсія зьмены кіраўніцтва — уласная заява Вадзіма Філіпава з просьбай вызваліць ад пасады па стане здароўя. На прадпрыемстве ж сьцьвярджаюць, што нядаўна Філіпаў быў выкліканы ў міністэрства, дзе яго і вымусілі напісаць заяву.

Вадзім Філіпаў узначаліў прадпрыемства ў кастрычніку 1999 году. Сытуацыя на заводзе тады была даволі нэрвовая. Ягонага папярэдніка Юрыя Феакцістава, таксама былога спэцыяліста Арлоўскага сталепракатнага заводу Расеі, запрошанага ў Беларусь, пасадзілі за краты. Абвінавацілі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі й нанясеньні заводу буйных матэрыяльных стратаў. Дасьведчаныя людзі сьцьвярджалі, што арышт быў зьвязаны з падзелам у “вярхах” сфэры ўплыву.

Цяпер, дарэчы, на БМЗ таксама заведзеная крымінальная справа пра злоўжываньне ўладай. Пра гэта ня так даўно аб’явіў на беларускім тэлебачаньні генэральны пракурор Віктар Шэйман.

Намесьнік дырэктара БМЗ у справе пэрсаналу Ўладзімер Фларызяк паведаміў з гэтай нагоды наступнае:

(Фларызяк: ) “Нікому на сёньняшні дзень не прад’яўлена абвінавачаньня”.

Наколькі вядома, без прэтэнзіяў з боку праваахоўчых органаў пакінуў сваю пасаду і Вадзім Філіпаў. Ён наагул, будучы генэральным дырэктарам, вельмі неахвотна адгукаўся на прапановы пра накіраваньне сродкаў на розныя паказныя мерапрыемствы. Кажуць, не паслухаўся нават міністэрства і не адлічыў грошы на ўпарадкаванне Партызанскага праспэкту сталіцы. Гэта падабалася далёка ня ўсім.

Апроч таго, сёлета мэталюргічны завод, які найвышэйшыя кіраўнікі краіны заўсёды ставілі ў прыклад, не выконвае прагнозных паказчыкаў па росьце аб’ёмаў вытворчасьці і экспарту прадукцыі. Да гэтага спрычыніліся і перабоі ў пастаўках сыравіннага мэталалому з Расеі. Там пры канцы мінулага году ўвялі ліцэнзаваньне на гэты від дзейнасьці і падвысілі цану чыгуначных перавозак. Гэта моцна адбілася на фінансавым стане заводу ў Жлобіне.

Відавочна, патрэбны быў адказчык. І адказчыка знайшлі ў асобе дырэктара. А заадно і перапынілі на БМЗ практыку прызначэньня на найвышэйшую пасаду расейскіх вылучэнцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG