Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАСОВАЯ КІРАЎНІЦА КНГ АБСЭ МЭГАН ФІЦДЖЭРАЛЬД ПАКІНУЛА МЕНСК, АЛЕ СПАДЗЯЕЦЦА ВЯРНУЦЦА


Валер Каліноўскі, Менск

Першы сакратар КНГ АБСЭ Мэган Фіцджэральд, якая выконвала абавязкі кіраўніка групы, сёньня пакінула Менск рэйсам авіякампаніі “Люфтганза”. МЗС Беларусі адмовіў ёй у візе, як і папярэднім часовым кіраўнікам місіі АБСЭ, з фармулёўкай “МЗС ня бачыць падставаў для працягу візы”.

Да канца верасьня спадарыня Фіцджэральд будзе ў адпачынку на радзіме — у ЗША. Да гэтага часу ў яе яшчэ дзейнічае кантракт. Што будзе пасьля, залежыць ад пазыцыі беларускіх уладаў і кіраўніцтва АБСЭ, — заўважыла Мэган Фіцджэральд.

(Фіцджэральд: ) “Я яшчэ адкрытая да вяртаньня сюды, калі сытуацыя памяняецца, я гатовая яшчэ папрацаваць у КНГ ці нейкіх іншых офісах АБСЭ тут, у Менску. Калі гэта ўдасца, хацелася б вярнуцца”.

Мэган Фіцджэральд працавала ў групе АБСЭ толькі са студзеня гэтага году. Раней цягам году яна была супрацоўніцай амэрыканскай амбасады ў Менску. Вынікі сваёй працы ацэньвае стрымана:

(Фіцджэральд: ) “Мы не маглі эфэктыўна працаваць практычна ўвесь гэты год, былі без амбасадара, перашкодзіў нашай дзейнасьці і вымушаны ад’езд Мішэля Рывалье... Але я спадзяюся, што мая дзейнасьць у Беларусі была карыснай, хаця мы ня мелі поўнай магчымасьці тут эфэктыўна працаваць, аднак спадзяюся, што наш маніторынг, наша прысутнасьць у гэтай краіне, увага да яе праблемаў — гэта неяк дапаўняла і дапамагала сытуацыі тут”.

Нягледзячы на дзеяньні беларускіх уладаў, якія выкарыстоўваюць тактыку выцісканьня дыпляматаў АБСЭ зь Беларусі, спадарыня Фіцджэральд спадзяецца, што місія АБСЭ ў Менску застанецца, што перамовы пра яе статус будуць працягвацца і будзе знойдзены кампраміс.

Прынамсі, будуць працягваць дзейнасьць 11 мясцовых супрацоўнікаў КНГ АБСЭ, беларускіх грамадзянаў, якіх спадарыня Фіцджэральд назвала вельмі адукаванымі й дасьведчанымі. З-за мяжы Беларусьсю па-ранейшаму займаюцца Мішэль Рывалье і адмысловы пасланьнік дзейнага старшыні АБСЭ Эбэргард Гайкен, якія знаходзяцца ў Вене, паколькі беларускія ўлады не даюць ім візаў.

З замежных дыпляматаў у Менску застаецца толькі грамадзянка Малдовы Аліна Жасан. Яна працуе ў Менску ўжо 4 гады. Цяпер надышла яе чарга ўзначаліць місію — ёй не патрэбная беларуская віза. Але ў канцы кастрычніка і ў яе закончыцца дыпляматычная акрэдытацыя.

(Жасан: ) “У верасьні 1998 году, калі я сюды прыехала, калі б мне хтосьці сказаў, што я “перажыву” тут і спадара Віка, і Кляйнэра, і Рывалье, я б ніколі гэтаму не паверыла... А так у прынцыпе мне праца знаёмая, краіна знаёмая, я пакуль далей выконваю сваю работу ў чаканьні нейкіх рашэньняў”, — зазначыла часовая кіраўніца групы АБСЭ ў Менску Аліна Жасан, якая праводзіла ў аэрапорце “Менск-2” сваю калегу і папярэдніцу Мэган Фіцджэральд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG