(Мажэйка: ) “Першая мая рэакцыя пасьля суду – гэта фарс, самы звычайны фарс, прытым без варыянтаў. Уявеце сабе: пракурор – зноў жа, той самы, які падтрымоўваў абвінавачаньне на папярэдніх судах, што ў прынцыпе не дазваляецца законам. Па-другое, ён зноў жа выказваў не пазыцыю, ня доказы, а выказваў свае меркаваньні, напрыклад: “... чытачы «Пагоні» маглі зразумець гэты артыкул толькі вось так” – як трэба пракуратуры, а ня так, як гэта лічаць экспэрты – спэцыялісты, лінгвісты.
Шчыра сказаўшы, мы былі падрыхтаваныя да гэтага выраку, таму што тыя судзьдзі, якія былі прызначаныя – усё гэта сьведчыла пра тое, што ніякіх зьменаў у нашым прысудзе ня будзе”.
(Карэспандэнт: ) Што азначае гэтае рашэньне для вас? Як далей будуць разьвівацца падзеі?
(Мажэйка: ) “На жаль, тут усё вельмі проста – на працягу некалькіх дзён мы павінны будзем стаць на ўлік у адно з аддзяленьняў міліцыі і таксама на працягу, можа быць, тыдня-двух вырашыцца наш далейшы лёс. Гэта азначае, што ў адной са спэцкамэндатураў Гарадзенскай вобласьці мы мусім адбываць пакараньне”.
(Карэспандэнт: ) Ці вядома – вы будзеце разам адбываць пакараньне ці паасобку?
(Мажэйка: ) “Паводле заканадаўства – я вось літаральна дзень таму вывучаў – асобы, асуджаныя паводле таго самага прысуду, ня маюць права адбываць пакараньне ў адной спэцкамэндатуры. Гэта азначае, што мы будзем падзеленыя па спэцкамэндатурах Гарадзенскай вобласьці”.
(Карэспандэнт: ) Вашыя пляны – ці зьбіраецеся вы пагадзіцца зь сёньняшнім прысудам?
(Мажэйка: ) “Адназначна не. Ужо літаральна сёньня ўвечары мы з маім адвакатам Аляксандрам Бірылавым падрыхтуем скаргу на рашэньне калегіі абласнога суду, падамо яе спачатку старшыні абласнога суду, пасьля, калі трэба, дойдзем і да Вярхоўнага Суду, і да Камітэту ААН у справах правоў чалавека. Мы буздем выкарыстоўваць усе нашыя магчымасьці, бо менавіта ў тым, што мы не пагодзімся з гэтым прысудам, і будзе нашая перамога”.