Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ ПАВІННА БЫЛО РАСПАЧАЦЦА ЎСТАЛЯВАНЬНЕ ЖАЛЕЗАБЭТОННЫХ СЛУПОЎ, ЯКІЯ АКРЭСЬЛІЛІ Б УНУТРАНЫЯ МЕЖЫ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Плянавалася, што сёньня ў Курапатах будуць усталёўвацца слупы, якія б пазначылі межы мэмарыяльнай зоны, і гэта стала б асновай для будучай агароджы курапацкіх могілак.

Як распавяла Радыё Свабода навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная, якая была ініцыятаркай гэтай справы, закладка слупоў павінна была весьціся будаўнікамі пад наглядам геадэзістаў і археолягаў з Інстытуту гісторыі. Існуе таксама дамоўленасьць з “Магістральаўтадорам”, што слупы будуць зробленыя за іхны кошт. Але гэтыя працы былі перанесеныя з прычыны непадрыхтаванасьці й пэўнай няўзгодненасьці з боку “Магістральаўтадору”.

Адметна, што менавіта цяпер на тэрыторыі Курапцкага мэмарыялу будаўнікі распачалі пракладаць дарогу да праваслаўнай капліцы, што знаходзіцца на гары. Гаворыць актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Людзі з Магілёўскай вобласьці, якія тут працуюць, увечары, калі ўжо тут не было людзей, нечакана пачалі здымаць грунт у кірунку каплічкі, якая была закладзеная тут чатыры гады таму праваслаўнай парафіяй. Гэта робіцца, каб потым сказаць: “Вось ужо ёсьць дарога да капліцы. Як жа мы можам выводзіць ліўнеўку з Курапатаў? Ужо ж зробленая гэтая праца”. Зараз яны працуюць як злодзеі. Зруйнавалі крыжы, кветкі, што былі пасаджаныя тут. Мне падаецца, што гэтая дарога да праваслаўнай капліцы ніяк не ўваходзіць у пляны працы па кальцавой дарозе”.

Разам з Уладзімерам Юхо я абыходжу тэрыторыю мэмарыялу. Бачна каля дзесяці лунак пад будучыя крыжы. На месцы, дзе будаўнікі капалі траншэю пад сьцёкавую каналізацыю, камянямі выкладзеныя крыжы. У выглядзе крыжа пасаджаныя й кветкі.

Але вернемся да сытуацыі з пабудовай дарогі да праваслаўнай капліцы. Гаворыць навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная:

(Кляшторная: ) “Гэта трэба неадкладна паведаміць у Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, і там павінны даць распараджэньне на спыненьне гэтых працаў. Усе працы па капліцы, якія вядуцца незаконна, павінныя быць спыненыя. Яны сапраўды вядуць гэтыя працы як злодзеі, калі людзей няма ўвечары”.

Адметна, што будаўнікам, якія працуюць на ўчастку дарогі ля Курапатаў, нясвоечасова выплачваюць заробкі. Да таго ж за іхнай працай увесь час назіраюць нейкія людзі ў цывільным. Экскаватаршчык Міхаіл з Заслаўя кажа, што гэта людзі з Лукашэнкавай адміністрацыі.

(Міхаіл: ) “Ходзяць з шыльдамі з адміністрацыі прэзыдэнта, сочаць за ўсім”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму Вы мяркуеце, што з адміністрацыі?”

(Міхаіл: ) “Нас адразу папярэдзілі, што будуць хадзіць. Рабіце ўсё якасна. Ня ведаеш, калі пад’едуць. У любы час пад’едуць, з адкосаў у цывільным спусьцяцца і глядзяць, што мы робім. Калі што, то адразу тэлефанаграму на ПМК. Адно толькі — заробку не даюць і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “І колькі ўжо не атрымліваеце?”

(Міхаіл: ) “Два месяцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG