Патэлефанаваўшы ў мэрыю Ялты, я спытаўся, калі ж нарэшце там будзе ўсталяваны помнік Максіму Багдановічу. Вось што адказала супрацоўніца гарадзкога аддзелу культуры Алена Пераверзева:
(Пераверзева: ) “Не, пакуль такой інфармацыі няма. Ведаю, што пытаньне даўно абмяркоўвалася, але канкрэтнай інфармацыі няма. А хто будзе ўсталёўваць? Амбасада Беларусі. Значыць, напэўна, пытаньне хутчэй у амбасадзе Беларусі”.
Як і параіла спадарыня Пераверзева зь ялцінскае мэрыі, я задаў гэтае пытаньне супрацоўніку беларускай амбасады ў Кіеве, які адказвае за сфэру культуры, — Віктару Дзенісенку.
(Дзенісенка: ) “Пакуль не ўсталявалі помнік. Займаецца гэтым Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусі. Я сам цікавіўся гэтым пытаньнем. Мы хацелі ў рамках мерапрыемстваў, прысьвечаных 120-годзьдзю Якуба Коласа й Янкі Купалы гэта зрабіць, таму што калі 110 гадоў Максіму Багдановічу было, яны, груба кажучы, не пасьпелі яго вырабіць”.
(Карэспандэнт: ) “Відаць, ня будзе й сёлета помніка?”
(Дзенісенка: ) “Было паабяцана, што мы сёлета ўсталюем. Мы хацелі б тады, калі мы плянуем у Крыме правядзеньне літаратурнага творчага вечару, прысьвечанага творчасьці двух клясыкаў, зрабіць адкрыцьцё. Папярэдне на кастрычнік заплянаванае парвядзеньне Дзён культуры Беларусі ва Ўкраіне.
Спадар Дзенісенка зь беларускае амбасады ў Кіеве перанакіраваў мяне ў Менск, да галоўнай спэцыялісткі Міністэрства культуры Беларусі Людмілы Кірэевай, якая заявіла:
(Кірэева: ) “Так, я зараз займаюся пытаньнямі нашых дыяспараў, беларусаў замежжа, нашых суполак, якія ў нас тут у Беларусі. Я працую толькі тры месяцы — пакуль што мне ніякіх дакумэнтаў наконт помніка Багдановічу ў Ялце няма. Можа, гэта быў які ліст год таму? Можа, гэта была папярэдняя вусная дамоўленасьць?”
Такім чынам, пра лёс помніка Максіма Багдановіча ў Ялце ня ведаюць ані ў мэрыі гэтага крымскага гораду, ані ў беларускай амбасадзе ва Ўкраіне, ані ў Менску ў Міністэрстве культуры.