Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТАМП ДАЗВОЛУ НА ВЫЕЗД — ДЗЕЛЯ КАНТРОЛЮ КГБ?


Алесь Грыневіч, Менск

У мінулую пятніцу палата прадстаўнікоў з ініцыятывы дэпутата Ўладзімера Парфяновіча прагаласавала за тое, каб даслаць запыт у Канстытуцыйны суд Беларусі. Цягам наступных трох месяцаў суд мусіць вырашыць, ці законна патрабаваць ад грамадзянаў дазвольны запіс у пашпарце дзеля выезду за межы краіны.

Парфяновіч лічыць, што існаваньне дазвольнага запісу пярэчыць асноўнаму закону Беларусі. У Канстытуцыі запісана, што грамадзяне маюць права свабодна пакідаць краіну. На думку дэпутата, адзіная прычына дазвольнага запісу — гэта жаданьне дзяржавы спагнаць грошы з грамадзянаў. Дазвольная пячатка на пяць гадоў каштуе 50 тысяч рублёў. Яшчэ 500 рублёў трэба даплачваць за гэтак званыя “кампутарныя паслугі”.

На пачатку 1990-х гадоў, калі Вярхоўны Савет 12 скліканьня зацьвярджаў пашпарты незалежнай Беларусі, былі прапановы адмовіцца ад дазвольнага запісу. Але, як распавёў мне адзін з тагачасных дэпутатаў, на захаваньні штампу тады настаяў КГБ. Дазвольны запіс дазваляе лягчэй абмяжоўваць выезд з краіны — да прыкладу тых, хто мае доступ да дзяржаўных таямніцаў.

Але працэдура атрыманьня штампу можа выкарыстоўвацца й па-іншаму. Да прыкладу, перакладчык прыватнага агенцтва навінаў “БелаПАН” Аляксандар Янусік кажа, што яму давялося прайсьці праз сапраўдны допыт, каб атрымаць свой пашпарт са штампам у пашпартна-візавай службе Савецкага раёну Менску. Невядомага супрацоўніка службы чамусьці цікавіла, як працуе інфармацыйнае агенцтва, з кім мае кантракты, адкуль атрымлівае грошы.

(Янусік: ) “Гэта доўжылася хвілінаў дваццаць, а можа й больш. Ён вельмі шмат пытаньняў мне задаваў, але я адыходзіў убок, калі адчуваў, што гэта можа неяк зашкодзіць нашай кампаніі. Потым пры канцы размовы ён усё ж аддаў мне мой пашпарт, але запытаў, ці можна ўзяць мой хатні й працоўны тэлефон, каб ён мне патэлефанаваў, калі будуць нейкія праблемы з пашпартам”.

Янусік кажа, што праблемы ўзьніклі празь некалькі тыдняў. Яму некалькі разоў тэлефанавалі і прасілі зайсьці ў пашпартна-візавую службу, бо нібыта зьніклі ягоныя зьвесткі ў кампутары. Перакладчык адмовіўся, спаслаўшыся на занятасьць. Тады супрацоўнік службы сам прыехаў да яго на працу, цяпер ужо разам з чалавекам, які паказаў пасьведчаньне супрацоўніка КГБ. Супрацоўнік КГБ прапанаваў Янусіку нумары сваіх тэлефонаў, на выпадак, калі ўзьнікнуць праблемы з праваахоўчымі органамі.

(Янусік: ) “Я сказаў ім, што гэта была нашая апошняя сустрэча, каб яны мне болей не тэлефанавалі, бо ў мяне няма ні часу, ні настрою зь імі больш сустракацца. Яны асабліва не настойвалі, і з таго часу яны зьніклі, але таго хлопца з пашпартна-візавай службы я заўсёды бачу каля гэтай службы на вуліцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG