Гэтая канструкцыя ўяўляе сабой нешта накшталт вялізнага скэйтборду – плятформу на чатырох колах даўжынёй 4,5 мэтра, на якой можна змантажаваць кодаб любой формы. Рухавік ўнутранага спальваньня, каробка перадачаў, гамульцы, карданны вал, органы кіраваньня – ўсё гэта зьнікла. Іх замянілі электрычныя схемы і кнопачныя панэлі, якія кантралюе кампутар, а традыцыйны мэханічны прывод – індывідуальныя электрарухавікі, усталяваныя на восі кожнага кола. Кампактная паліўная батарэя, што сілкуе токам электрарухавікі. дазваляе пазбавіцца ад баку з палівам і ад калектарных трубаў. Але каб увасобіць рэвалюцыйную канцэпцыю ў прынцыпова новы аўтамабіль, неабходныя ня меней рэвалюцыйныя тэхналёгіі. Таму адмыслоўцы мяркуюць, што аўта-скэйтборды зьявяцца на вуліцах гарадоў не раней, чым праз 20 гадоў.
АЎСТРАЛІЯ. Аўстралійскія вучоныя правялі першыя выпрабаваньні новага спосабу ўвядзеньня лекаў у арганізам, які ў пэрспэктыве зможа замяніць сабой таблеткі, уколы і плястыры. Новы спосаб – гэта нанясеньне на скуру ў выглядзе аэразолю адмыслова прыгатаванага раствору рэчыва. Лек трапляе ў кроў хутчэй за хвіліну. У клінічных экспэрымэнтах мэтад выкарыстоўваўся ў курсе гармоназамяняльнай тэрапіі. Паводле навукоўцаў, ён таксама можа быць выкарыстаны для кантрацэптываў, сродкаў ад мігрэні і іншых боляў.
ЯПОНІЯ. У краіне тэхнічнага прагрэсу распачалася сапраўдная “іонная ліхаманка”. Японцы актыўна купляюць фены, кандыцыянэры, шчоткі для валасоў, іншыя электрапрыборы, адмоўна зараджаныя іонамі. Нават ювэліры прапануюць бранзалеты з турмаліну, які, як яны пераконваюць, выпраменьвае адмоўныя іоны. Справа ў тым, што менавіта нэгатыўныя іоны назапашваюцца ў вялікай колькасьці побач з вадаёмамі і пад дрэвамі пасьля дажджу. “Вернікі” цьвердзяць, што адмоўны іоны могуць усё: ад павелічэньня актанавай лічбы паліва ў аўто да зьняцьця стомленасьці з мышцаў і паляпшэньня настрою. Ці зьяўляецца гэта сур’ёзным навуковым фактам, ці звычайнай рэклямнай прынадай, не асабліва хвалюе пакупнікоў, якія набываюць прыстасаваньні у кампаніі “Matsushita Electric Industrial”.
ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Навукоўцы Інстытуту фонду Сангэра каля Кэмбрыджу выявілі генныя мутацыі, якія вядуць да захворваньня на рак скуры. Гэтае адкрыцьце дазволілі ім распачаць пошук сродкаў вылечваньня ад захворваньня, ахвярамі якога штогод становяцца 1100 жыхароў Вялікай Брытаніі і 7400 чалавек у ЗША. Дасьледчыкі выявілі, што ў 70 адсотках выпадкаў зьяўленьня мэланомаў вінаватыя мутацыі гену БРАФ. На іхную думку, мутацыі не зьяўляюцца спадчыннымі. Яны адбываюцца ў часе жыцьця чалавека, магчыма, у выніку ўзьдзеяньня сонца.
НЯМЕЧЧЫНА. Нямецкая кампанія “EnOcean” запатэнтавала пераключальнік, які працуе без электрычнасьці. Ён увогуле не патрабуе ніякіх крыніцаў энэргіі. Калі націснуць на яго, п’езаэлектрычныя крышталі канвэртуюць мэханічную энэргію ў электрычнасьць. Перадатчык дасылае радыёсыгналі ў прыймач, які “ўключае” адпаведнае асьвятленьне. Цяпер кампанія распрацоўвае бесправадныя сэнсары, якія будуць уключацца аўтаномна, без мэханічнага ўзьдзеяньня. Такія датчыкі будуць рэагаваць на ціск, тэмпэратуру і асьвятленьне. Мяркуецца, што бесправадныя выключальнікі пачнуць прадавацца напрыканцы гэтага году.
ГАЛЯНДЫЯ. Галяндзкі мікрабіёляг Крыстына распрацавала мэтодыку падліку бактэрыяў, што ўтрымліваюцца ў малочнакіслых харчах. Выкарыстаньне гэтай тэхнікі ня толькі палепшыць якасьць вытворчага кантролю над працэсамі высьпяваньня сыроў і ёгуртаў, але і будзе спрыяць абнаўленьню асартымэнту гастранамічных тавараў.