Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЯЛЫНІЧЫ


Марыя Ўсьціновіч, Бялынічы

Бялыніцкі раён звычайна называюць візытоўкай Магілёўскай вобласьці. Праз ускраіны райцэнтру звычайна праяжджаюць усе высокія начальнікі, якія едуць са сталіцы ў Магілёў. Таму чысьціня ля дарогі і скамейкі ў Бялыніцкім парку – гэта ледзь ня першае, што патрабуецца ад мясцовых чыноўнікаў.

Цяперашняе кіраўніцтва рэгіёну ня вельмі задаволенае сваёй “візытоўкай”. У гэтым сельскагаспадарчым раёне з 18 калгасаў толькі адзін працуе бяз стратаў. У гэтай пасьпяховай гаспадарцы ўведзеныя, дарэчы, надбаўкі да заробкаў за здаровы лад жыцьця – калгасьніку трэба кінуць паліць і піць гарэлку.

Усе астатнія сфэры жыцьця Бялыніччыны таксама зазнаюць праблемы. Тутэйшыя начальнікі нават падумваюць аб тым, каб адмяніць абеды ў школах.

(Голас: ) “З грашыма праблема. На наступным тыдні будзем глядзець, што з харчаваньнем дзяцей рабіць. Можа нават будзем адмаўляцца”.


Адметнасьцяў у сучасным жыцьці Бялынічаў, як і іншых раённых цэнтраў, сёньня шукаць не выпадае. Жыхары амаль аднолькава скардзяцца на жыцьцё, вялікія цэны, падвышаныя тарыфы.

(Голас: ) “Лепей жыць ня стала, наадварот – горш. Пэнсіі пэнсіянэрам ужо пачалі затрымліваць. Заробкі таксама. Перад выбарамі абяцаньняў было шмат, але як толькі скончыліся выбары, самі ў курсе справы, усё ня так, як казалі.

(Голас: ) “А хвалюе найперш заробак. Як я ужо працую на экскаватары 21-ы год, і ўвесь час дастае гэта, шчыра кажучы. Ні заробку, ні… Ужо хочацца і кінуць усю гэтую працу, і падацца куды-небудзь ужо… Ну, а хто, калі ня я, гэтую працу будзе рабіць?”

Раніцай у цэнтры Бялынічаў дзве цёткі гандлявалі малаком ды яйкамі. Яны прыехалі на роварах зь вёскі Рагач, што ў пяці кілямэтрах ад райцэнтру. Стаялі з таварам ужо дзьве гадзіны, але я стала іх першай пакупнічкай.

(Голас: ) “Людзі не купляюць, бо грошай няма. Прадаем ня дорага, па 400. Таньней, чым у магазіне. Ды і грошай няма. Людзі б купілі, ды грошай няма. Бізнэс дрэнны. Які тут бізнэс?”

(Голас: ) “Як Лукашэнку выбіралі, усе пэнсіянэры за яго галасавалі. У асноўным яго выбралі толькі пэнсіянэры. А ён цяпер пэнсіянэраў зусім душыць. Поўнасьцю. Душыць і ўсе. Капітальна задушыў”.

(Голас: ) “А калгасьнікам у нас у вёсцы? За кастрычнік людзі яшчэ не атрымалі. Калі б былі перавыбары, я б галасавала толькі каб супраць Лукашэнкі. Ён нічога добрага. Толькі адныя словы, толькі адныя мыльныя бурбалкі па тэлевізары. Як выступае, я нават і тэлевізар выключаю, каб не глядзець”.


У невялікім шэрагу славутасьцяў Бялыніцкага раёну звычайна называюць гандбольную каманду “Друць-БелПАК”, даўгабуд Дому культуры ў цэнтры гораду – руіны 12-гадовай даўніны – ды мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулю.

Сёлета ў раёне сьвяткавалі 130-годзьдзе з дня нараджэньня гэтага чалавека, які ў свой час меў ганаровыя званьні народнага мастака і БССР, і РСФСР. Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся ў сядзібе Крынкі Бялыніцкага раёну, якая не захавалася, і на яе месцы на ўзьбярэжжы ракі Друць стаіць памятны камень.

Калі казаць шчыра, то Бялыніцкі-Бірулі ніколі ня меў ніякага дачыненьня да беларускай зямлі, акрамя як да месца свайго нараджэньня, і ўсё жыцьцё пражыў у Расеі. Беларус Віктар Карамазаў напісаў пра мастака кнігу “Крыж на зямлі і поўня ў небе”, але на афіцыйным узроўні пра Бялыніцкага ўзгадалі на фоне інтэграцыйных беларуска-расейскіх працэсаў. Ён абраны мясцовым сымбалем яднаньня славян, і на ўсіх імпрэзах выступоўцы падкрэсьліваюць, што гэтага выбітнага мастака нельга падзяліць паміж Беларусьсю і Расеяй.

(Голас з аіфцыйнага мерапрыемства: ) “Мастацтва, якое падарыў сьвету Вітольд Каэтанавіч, зьяўляецца для нас асноваю, базай для маральнага, духоўнага выхаваньня моладзі і яго землякоў.

Сёлета Бялыніцкі райвыканкам заснаваў прэмію імя Бялыніцкага-Бірулі за асабісты ўклад у духоўнае адраджэньне. Суму ў 25 мінімальных заробкаў атрымала 37-гадовая мясцовая мастачка Ларыса Журавовіч, якая марыла на гэтыя грошы набыць сабе добры магнітафон.

Цэнтар грамадзкага жыцьця Бялынічаў – раённае краязнаўчае таварыства, якое ўзначальвае журналіст, літаратар і сталы сацыял-дэмакрат Міхась Карпечанка. Краязнаўчыя чытаньні, гістарычныя конкурсы сярод дзяцей і, нарэшце, Народны ўнівэрсытэт – вось як працуюць бялыніцкія краязнаўцы, і фактычна кожны зь іх – апазыцыянер цяперашняй уладзе па палітычных перакананьнях, сябра адной з партыяў дэмакратычнага накірунку.

Апошняе добра разумеюць улады, таму часам непаразуменьні здараюцца. Як, напрыклад, гэта адбылося з Народным унівэрсытэтам. Арганізатары меркавалі, што яго актыўна будуць наведваць ня толькі дэмакратычныя актывісты, але школьнікі і настаўнікі.

(Голас: ) “Тут, разумееце, выбраны час такі для правядзеньня заняткаў Народнага ўнівэрсытэту, ён аптымальны. У сьнежні месяцы пачаўся, і вось заканчваецца. Людзі асабліва не занятыя ў гэты час. Яны ў суботу, нядзелю – што? Альбо п’юць гарэлку, альбо па дзяўчатах ходзяць, альбо тэлевізар глядзяць. Работы ніякай няма. Па-другое, людзі прыходзяць таму, што адчуваецца дэфіцыт ведаў”.

Аднак спачатку слухачам адмовілі ў памяшканьні ў цэнтры вольнага часу, потым у прыватны дом прыходзілі міліцыянты, але справа законная, і заняткі Народнага ўнівэрсытэту працягваліся, хоць і скарацілася колькасць яго слухачоў.

(Голас: ) “Каторыя людзі сёньня ходзяць на заняткі, іх можна назваць мужнымі. Гэты страх таго, што могуць быць непрыемнасьці, і жаданьне атрымаць веды, усё-такі жаданьне перавышае гэты страх. Таму што каб быў адзін страх, то людзі б не пайшлі”.


У Бялынічах у 1987 годзе быў утвораны культурна-асьветніцкі і літаратурна-мастацкі клуб “Усход”. Ля вытокаў гэтай арганізацыі стаяў 62-гадовы Васіль Цыркуноў. Ён – старэйшы дэмакрат у раёне, жыве ў вёсцы Галоўчын, настаўнік селькай школы. З гэтага ўсё і пачалося.

Цяпер у Бялынічах ёсць філія Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якая падтрымала пазыцыю Аляксея Караля, суполка партыі БНФ “Адраджэньне”, Малады Фронт і незарэгістраваны рух “Зубр”. Усе гэтыя людзі зьбіраюцца зараз, у пэрыяд палітычнага зацішша, на краязнаўчыя мерапрыемствы. Вось меркаваньне Міхася Карпечанкі:

(Карпечанка: ) “Некалькі дзясяткаў дэмакратычна настроеных людзей у Бялынічах ёсьць, гэта паказалі і апошнія прэзыдэнцкія выбары. Але жыцьцё ад кампаніі да кампаніі сьціхае. Тут патрэбныя мерапрыемствы, якія б дысцыплінавалі, арганізоўвалі, самаарганізоувалі”.

Рады дэмаратычных сілаў у Бялыніцкім раёне арганізоўваліся тройчы. Першым разам такая рада была ўтвораная ў 1991 годзе, калі ствараліся суполкі палітычных партыяў. Потым – на апошнія парлямэнцкія выбары, калі дэмакраты дамовіліся падтрымаць выкладчыка машынабудаўнічага інстытуту Валерыя Кулікова. Але рада разышлася, калі Кулікоў стаў сябрам Камуністычнай партыі Беларусі. Дэпутатам так званага нацыянальнага сходу ўрэшце быў абраны цяперашні віцэ-сьпікер палаты прадстаўнікоў шклаўчанін Уладзімер Канаплёў.

Трэцяя рада стварылася на прэзыдэнцкіх выбарах і была, паводле агульнага меркаваньня, самая пасьпяховая. Была агульная справа – выбары, і кожны рабіў у яе свой унёсак, наколькі мог.

(Голас: ) “Ядро баявітае, працаздольнае.Тут можна ня быць сьціплым і сказаць – прафэсіяналы нейкім чынам. Асноўнае ядро як было, так і засталося. Ніхто не дэзэрціраваў з нашага кола”.


Бібліятэкарка Ала Войлакава ўзначальвае суполку партыі БНФ “Адраджэньне”. Суполка, праўда, маленькая, усяго тры чалавекі. Ды і сама кіраўнічка сьцьвярджае, што яна не палітык па натуры, а паэтка, але вымушаная працаваць дзеля лепшага жыцця.

(Войлакава: ) “Ад халадоў у вырай адляцелі
Чароды самых звонкіх галасоў,
Аб цёплых днях апошняя надзея
З лісьцём згарае ў засені лясоў.
Спяшаецца з панурасьцю галоднай
З пустога поля статак да хлява,
А шэрая сіпатая варона
Крычыць зь сіпатай злосьцю са слупа.
Ды верная сваёй сьвятой плянідзе,
Хоць колькі непагодзе не кружыць.
Чакае ніва, што пасеенае ўзыдзе,
І збожжам сьпелым будзе каласіць.

Вось такое у нас жыцьцё… Такое жыцьцё! Жывём надзеяй у будучы дзень”.

Актывістка мяркуе, што трэба браць удзел у выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў, якія маюць адбыцца. Але да новай кампаніі трэба належным чынам падрыхтавацца.

(Войлакава: ) “У мяне такое ўражаньне, што мы крыху ідзем сьледам за намэнклятурай, за іхнай работай. Яны арганізоўваюць усе гэтыя выбары, а мы толькі рэагуем і прыстасоўваемся. А нам трэба хоць ня крок, а паўкрока зрабіць на апярэджаньне, прадугадаць, чым можа абярнуцца іхны выбарны прэсынг”.

У стаўленьні да наступных выбараў у Беларусі – у мясцовыя саветы – у кіраўнічкі суполкі партыі БНФ “Адраджэньне” ёсць аднадумцы. Мясцовы беспартыйны дэмакрат Сяргей Сувееў настойвае на тым, што любыя выбары можна выкарыстоўваць дзеля прапаганды сваёй пазыцыі.

(Сувееў: ) “У нас па тэлебачаньні, радыё, у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі мы бачым і чуем толькі адзін пункт гледжаньня. А тут мы можам данесьці нешта новае. Можам распавесьці, у які бок трэба мяняць нашую ўнутраную, перадусім, палітыку, каб зьявіліся нейкія зьмены ў нашым жыцьці да лепшага.


Пад час буйной палітычнай кампаніі ў Бялынічах знайшліся маладыя людзі – прадпрымальнікі, мэдыкі, настаўнікі, якія прыйшлі у рух “Зубр” з жаданьнем, каб нешта зьмянілася. Цяпер каардынатарам руху па Магілёўскай вобласці стаў бялыніцкі прадпрымальнік, раней настаўнік геаграфіі Алег Мяцеліца.

(Мяцеліца: ) “Наша галоўная ідэя была, што людзі штосьці самі могуць зрабіць, толькі яны, ніхто больш – ні Захад, ні Ўсход, ні апазыцыя, ні “зуброўцы”.

Імкнуліся людзям сказаць: “Падыміцеся!” Але атрымалася, што людзі зноў падумалі, што хтосьці ўсё зробіць за іх. І як гэта пераадолець, я ня ведаю.

Алегу Мяцеліцу давялося ў гэтую прэзыдэнцкую кампанію адседзець 15 сутак за арганізацыю несанкцыяванага мерапрыемства. Дасюль у маладога чалавека на грудзях напісана “Время убирать”, але ён сьмяецца, што надпіс трэба зьмяніць на “Час працягваць”.

(Мяцеліца: ) “На новыя выбары, я думаю, людзі зноў уздымуцца. Выбары прэзыдэнта пачынаюцца зь мясцовых саветаў. Калі пераможам у маленькім, пераможым у большым”.


Бялыніцкія дэмакраты рыхтуюцца да новых палітычных кампаній і асьветніцкіх мерапрыемстваў.

У чаканьні гэтага часу Міхась Карпечанка працуе над кнігамі і вывучае гісторыю роднага краю:

(Карпечанка: ) “Надзеі зьвязаныя толькі з сабой. Што зраблю, то і маё, як кажуць. Сёньня такая сытуацыя, што дапамогі чакаць аднекуль не выпадае. Толькі сваё”.

Ала Войлакава хоча пісаць свае вершы ў Бялынічах:

(Войлакава: ) “Але так яны для нас дарагія Бялынічы, жывем. Стараемся рабіць як лепш, верым, што калісьці яны будуць добрымі, прыгожымі”.

Аляксандар Дарашкевіч чакае, пакуль народ выйдзе са сьпячкі:

(Дарашкевіч: ) “Зразумеюць жа людзі, што яны павінны быць свабоднымі, як іншыя эўрапейскія краіны. Калі-небудзь гэта адбудзецца”.

Генадзь Лапо спадзяецца, што беларусы яшчэ будуць жыць, як і ўсе людзі:

(Лапо: ) “Усё чалавецтва цывілізаванае ідзе адным шляхам, і я лічу, што зь цягам часу перахварэем, і ўсё роўна мы пойдзем разам з сусьветнай супольнасьцю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG