Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЯК 300 КАМБАЙНАЎ ЗАСТАЮЦЦА НА СКЛАДЗКІХ ПЛЯЦОЎКАХ АБ’ЯДНАНЬНЯ “ГОМСЕЛЬМАШ”


Казімер Яноўскі, Гомель

“Гомсельмашу”, як і многім іншым беларускім прадпрыемствам, выгадная схема ўзаемазалікаў гатовай прадукцыяй за скарыстаныя расейскія энэрганосьбіты. Прабіцца на іншыя рынкі з тэхнікай, якая шмат у чым саступае сучасным замежным аналягам, проста немагчыма.

А ўзаемазалікі дазваляюць прадпрыемствам мець яшчэ і нядрэнныя паказчыкі экспарту. Прынамсі, аб’яднаньне “Гомсельмаш” паводле распараджэньня ўраду абавязанае паставіць у Расею за газ кормаўборачных камбайнаў “КСК-100А” на 15 мільёнаў даляраў. Гэта ледзь не траціна ад агульнай сумы ўзгодненых разьлікаў за “блакітнае” паліва паміж урадамі дзьвюх краінаў і амаль 80% заплянаванага паўгадавога экспарту “Гомсельмашу”.

Аднак ранейшая практыка дачыненьняў з Расеяй пачала даваць збоі. Распавядае генэральны дырэктар аб’яднаньня “Гомсельмаш” Валеры Жмайлік:

(Жмайлік: ) “Рэч у тым, што ў Расеі зьмянілася сытуацыя. Зьмянілася схема правядзеньня ўзаемаразьлікаў у сувязі з прыходам да ўлады шэрагу новых кіраўнікоў. Створаная лізынгавая кампанія. Расейскі аграцэнтар забесьпячэньня, які займаўся гэтай праблемай, адхілены ўбок. У “Газпраме” таксама зьмянілася кіраўніцтва.Мы разам з урадам некалькі разоў зьвярталіся да кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку і да прэм’ер-міністра. Прамежкавае рашэньне знойдзенае”.

Паводле словаў генэральнага дырэктара, гэтае прамежкавае рашэньне заключаецца ў тым, каб неяк выканаць ранейшыя дамоўленасьці ў справе разьлікаў тэхнікай за газ.

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што расейскія гаспадаркі ня маюць сродкаў на набыцьцё тых жа гомсельмашаўскіх кормаўборачных камбайнаў. З другога боку, расейскае заканадаўства не дазваляе скарыстоўваць бюджэтныя сродкі на пакупку тэхнікі замежнай вытворчасьці. А беларуская камбайны ды сеялкі для расейцаў, нягледзячы на так званы саюз, адносіцца да ліку імпартовых.

Цяпер у беларускіх вытворцаў усе надзеі на прыезд у Менск намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Расеі спадара Назіна, які павінен быць ужо на гэтым тыдні. Ва ўрадзе будуць працягнутыя перамовы адносна разьлікаў за газ агратэхнікай, у тым ліку і гомсельмашаўскай.

Высілкі беларускіх дыпляматаў унесьці папраўкі ў заканадаўства Расеі, каб не лічыць тэхніку зь Беларусі імпартовай, вынікаў не далі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG