Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПРАДПРЫЕМСТВЕ “БЕЛМЭДПРЭПАРАТЫ” АДБЫЎСЯ СТЫХІЙНЫ СТРАЙК З ПРЫЧЫНЫ НЯВЫПЛАТЫ ЗАРОБКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

На некаторых прадпрыемствах людзі, стаміўшыся чакаць грошай, пагражаюць страйкамі. У Менску, напрыклад, канфліктная сытуацыя склалася ў працоўным калектыве “Белмэдпрэпараты”. Сёньня ў працоўным калектыве “Белмэдпрэпаратаў” абмяркоўвалі несанкцыяваную акцыю, якая адбылася тут учора.

(Спадарыня: ) “Яны не прыступілі да працы”.

(Іншая спадарыня: ) “Гэта абгрунтавана”.

(Спадар: ) “Жанчыны выйшлі з цэхаў патрабаваць новага генэральнага дырэктара, каб даведацца пра сытуацыю”.

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Яны спачатку сабраліся на заводзе, а потым выйшлі сюды”.

(Спадар: ) “Таму што няма чым карміць дзяцей і на што прадукты купляць”.

(Спадарыня: ) “Завод у даўгах, адкуль яны возьмуць зарплату?”

(Іншая спадарыня: ) “А якія тут аклады? 42 тысячы рублёў аклад. Ды й той не выплачваюць”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць запазычанасьць па заробках?”

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Грошай за красавік у нас яшчэ не было. Але такая сытуацыя ва ўсіх. У мяне муж працуе на іншым прадпрыемстве, дык там за сакавік яшчэ ня выплацілі. Вось так і жывём”.

Што падштурхнула вытворцаў беларускіх лекаў да пратэсту? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні прафсаюзнага камітэту “Белмэдпрэпаратаў” Алены Вашкевіч.

(Вашкевіч: ) “У нас запазычанасьць — роўна месяц. За красавік у нас не было ніякіх выплатаў. Прычыны ж гэтага трэба шукаць у эканамічнай палітыцы, што мае месца ў нашай дзяржаве. Мы выпускаем сацыяльна значную прадукцыю. Адгружаем яе своечасова ў адпаведнасці зь дзяржзаказам. Але з намі своечасова не разьлічваюцца. Гэта ведаюць нашыя вышэйшыя кіраўнікі на ўсіх узроўнях — і Савету Міністраў, і на ўзроўні мясцовых уладаў, і гарадзкіх уладаў.

Тое ж, што адбылося ўчора, што людзі выйшлі на вуліцу, — гэта наступства эканамічнага стану. Але, на жаль, выніку няма — заробку няма. Не таму, што яго ня хочуць выплачваць, а таму што няма цяпер магчымасьцяў”, — паведаміла прафсаюзная лідэрка “Белмэдпрэпаратаў” Алена Вашкевіч.

Спажыўцы мэдычнай прадукцыі завінаваціліся “Белмэдпрэпаратам” звыш мільярда рублёў. Галоўны даўжнік — дзяржаўнае прадпрыемства “Фармацыя”. Яно набывае лекі, якія вырабляюць “Белмэдпрэпараты”, для дзяржаўных мэдычных установаў. Як лічаць на прадпрыемстве, дзяржава справакавала стыхійны страйк вытворцаў беларускіх лекаў.

Што думаюць на гэты конт у Міністэрстве аховы здароўя? Гаворыць кіраўніца сэктару фармацыі гэтага міністэрства Людміла Рэўцкая:

(Рэўцкая: ) “Белмэдпрэпараты” — флагман нашай фармацэўтычнай індустрыі. Праблема такая на прадпрыемствах фармацыі. Насамрэч, у іх вялікія праблемы ў разьліках за бясплатныя льготныя лекі і за водпуск лекаў у стацыянары”.

Аднак, паводле словаў Рэўцкай, гэта праблема не Міністэрства аховы здароўя, а мясцовых бюджэтаў, якія сёньня ня маюць дастатковай колькасьці грошай для разьлікаў з вытворцамі лекаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG