Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРАНАВІЧАХ СЬВЯТКАВАЛІ 120-Я ЎГОДКІ БЕЛАРУСКАГА ДРАМАТУРГА, АКТОРА, РЭЖЫСЭРА ЎЛАДЗІСЛАВА ГАЛУБКА


Алесь Горбач, Баранавічы

Баранавіцкая рада Таварыства беларускай мовы разам зь іншымі грамадзкімі суполкамі ды гарадзкой цэнтральнай бібліятэкай правяла сёньня сьвяточную імпрэзу з нагоды юбілею земляка. Прысутных у залі бібліятэкі, дзе ўсё і адбывалася, было больш за сто чалавек — збольшага старшаклясьнікі й студэнты навучальных установаў. Былі таксама госьці зь Менску ды Нясьвіжу.

А ў другой палове дня сьвяткаваньні перанесьліся непасрэдна на радзіму Галубка ў вёску Лясная, дзе адбылося ўскладаньне кветак да памятнага знаку першаму народнаму артысту Беларусі, а затым канцэрт.

Трэба зазначыць, што памяць пра Ўладзіслава Галубка ўшанаваная на Баранавіччыне сьціпла: акрамя ўжо згаданага памятнага знаку ў Лясной ёсьць вуліца, названая ў гонар выбітнага земляка ды куток у школьным музэі, прысьвечаны яго жыцьцю і творчасьці.

Каб не намаганьні грамадзкасьці, таго ж Таварыства беларускай мовы, то юбілей застаўся б цалкам не заўважаным афіцыйнымі ўладамі. Паводле старшыні Баранавіцкай Рады ТБМ Віктара Сырыцы, яму было вельмі складана знайсьці сродкі на правядзеньне юбілейных мерапрыемстваў. А раённы аддзел культуры дапамог толькі часткова зарганізаваць канцэрт. Ніхто з прадстаўнікоў “вэртыкалі” не прысутнічаў на сьвяткаваньні.

На імпрэзе ўзгадваўся міжнародны тэатральны фэстываль “Гасьціны ў Галубка”, што праходзіў у Баранавічах зь вялікім размахам пры канцы 1995 году. Сёньня на падобную раскошу ў бюджэце няма сродкаў. Як лічыць Віктар Сырыца, прычына абыякавасьці ўладаў да юбілею свайго земляка ня толькі ў нястачы сродкаў. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага тэатру Ўладзіслаў Галубок быў, як вядома, рэпрэсаваны ў 1937 годзе і, па некаторых зьвестках, расстраляны ў Курапатах. А такіх цяперашнія ўлады не ўшаноўваюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG