Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЗАРОКІ


Вячаслаў Ракіцкі, Празарокі

Ад сярэдзіны мінулага стагодзьдзя лёс быў бязьлітасным да Празарокаў. Разьмешчаныя на скрыжаваньні бальшакоў — так, што наўпрост можна трапіць і ў Вільню, і ў Полацак, і ў Глыбокае, і ў Дзісну, Мёры — мястэчка славілася сваімі кірмашамі, дробнымі рамёсламі і гандлем, праваслаўнымі й каталіцкімі фэстамі.

У фальварку Палевачы, што аддзеленыя ад Празарокаў рэйкамі чыгункі, нарадзіўся, жыў і стварыў тэатар сучаснага тыпу Ігнат Буйніцкі. Той тэатар, якому пляскалі і ў Вільні, і ў Пецярбургу, і ў Варшаве, якому захоплены Купала прысьвячаў свае вершы, а “Наша ніва” зьмяшчала водгукі на кожны выступ трупы.

У Празароках перамяшаліся беларуская і габрэйская культуры. Каталікі, праваслаўныя і юдэі жылі разам, дружна — яны былі проста празарачанамі. Тыповае вялікае мястэчка Заходняй Беларусі, ці як колісь казалі, Віленшчыны. Перадусім сёньня ў Празароках цікава размаўляць з тымі, хто памятае, як гэта было і чаму здарылася так, як ёсьць зараз.

(Піліпёнак: ) “Празарокі тады былі “красата”. Калі едзеш на незузданым кані, паліцыянт штраф дае. Калі, прабачце, карова ці конь проста на вуліцы наробілі, чалавек у Празароках абавязкова падчышчае каля свайго дому. Вуліцы былі брукаваныя, чыстыя. Кожны ля свайго дому падчышчаў абавязкова.

У кожным доме крама была. Тут жыды жылі, а яны ўсе гандлявалі. Амаль усё мястэчка займалі яны. Кожны панядзелак тут адбываўся кірмаш. Што толькі было на сьвеце, там прадавалася. Тавар жыды прывозілі з усяго сьвету. Ідзе мужык які, а жыд запрашае яго: зайдзі, бяры, грошы пасьля заплаціш, калі цяпер няма. Абы толькі ў яго ўзяў, столькі тавару ў яго было”.

Тых Празарокаў, якія памятае Вацлаў Піліпёнак, ужо няма. Дамы на два канцы, у якіх колісь жылі габрэі й трымалі свае крамы, літаральна ўрасьлі ў зямлю. Замест брукаванкі — у калдобінах тое, што называюць асфальтам. Будынкі дому-інтэрнату для састарэлых зруйнавалі, але так і не прыбралі, і пляц амаль што на гектар у цэнтры мястэчка — груды сьмецьця.

Па сьвіней і кароваў на празароцкі кірмаш і цяпер прыяжджаюць з усіх ваколіцаў, але плот, якім агароджаны пляц, дзе адбываецца шточацьвер кірмаш, пачарнелы, скошаны, брудны. Дый кірмаш адбываецца будзённа: прадалі, купілі, разьехаліся.

Ёсьць у Празароках сёньня гандлёвы цэнтар. Вялізны... і пусты: тавару меней, чым нават за савецкім часам. Гэтаксама і ў шпіталі: разьлічаны на 20 ложкаў, а ляжаць трое. Затое абслуга — 10 чалавек.

Хуткую дапамогу можна выклікаць толькі ўначы, удзень — толькі з Падсьвільля, што за 30 кілямэтраў. Будынак колішняй ільномануфактуры, якая належала сям’і Лаўчыноўскіх, цяпер напалову зруйнаваны. Гаспадары былі сасланыя бальшавікамі; лён, які нават спачатку няблага радзіў і ў калгасе, больш не культывуецца.

Што ж адбылося, адбываецца? Тлумачыць пэнсіянэр спадар Тадэвуш:

(Тадэвуш: ) “З кожным годам тут усё горш і горш, і, па-мойму, праз гадоў пятнаццаць-дваццаць увогуле ня будуць існаваць Празарокі. Прадпрыемстваў ніякіх няма, сельгаспрадукцыя танная — дый яна нікому не патрэбная. Сюды ніхто ня зьявіцца з грашыма, каб аднавіць хоць бы тое, што было.

Проста людзі перарадзіліся: разумных людзей бальшавікі павывозілі, пазьнішчалі — дык чаго тут хацець? Панаяжджалі сюды з усходніх раёнаў і сталі тут актывістамі. Людзей у калгасы заганялі і гарэлку тут пілі.

Калгас у Празароках стваралі ў 1950-м годзе. Гэта называлася поўнай калектывізацыяй. За два тыдні калгас сарганізавалі. Два тыдні людзей на сходзе трымалі, пакуль заявы ў калгас не напісалі, не пушчалі ні спаць, ні... Начальства дык напераменку сядзела, а людзей не адпусьцілі, пакуль не расьпісаліся... Гэта расейцы былі”.

Пачынаючы ад 1939 году, лёс бязьлітасна біў па Празароках. Перад і пасьля вайны вынішчалі беларусаў-гаспадароў. А ў сьнежні 1941-га гітлераўцы расстралялі тут 380 габрэяў. Людзі ня могуць забыць, як габрэяў сагналі да ямы па-за вёскай, потым расстрэльвалі і скідвалі ў яму, якую загадалі закапваць мясцовым беларусам. І яшчэ колькі дзён зямля хадуном хадзіла ад закапаных жывымі.

Я збочыў з шашы Празарокі–Глыбокае. Па разьмяклай ад дажджоў ральлі дабраўся да невялікага помнічка, які адразу пасьля вайны паставілі на свае грошы габрэі, якім пашчасьціла ацалець. Надпісы на помніку зьнявечаныя даўно, а вось брацкая магіла разрытая зусім нядаўна. Няўжо і цяпер нехта шукае габрэйскае золата? І хоць кожны ведае, што перад расстрэлам немцы вырывалі залатыя зубы, легенды пра габрэйскае золата захоўваюцца. Адну зь іх распавяла спадарыня Зося Фурс:

(Фурс: ) “Вось у гэтым доме жыў габрэй Янкель, амаль мільянэр. Я добра памятаю ягонае прозьвішча, бо мы заўсёды ў яго куплялі тавары. Калі прыйшлі немцы, ён паклікаў майго тату і кажа, каб тата забраў ягонае золата, бо яму, кажа, усё роўна будзе канец. Тата ня ўзяў, адмовіўся, бо самога як кулака перасьледавалі бальшавікі, усё што можна пазабіралі. Янкеля зь сям’ёю расстралялі немцы. А золата ён схаваў.

Калі прыехала з Ушачы ці адкуль там жанчына — пасялілася ў доме Янкеля, які ёй аддалі, бо ў яе шмат дзяцей было. І ёй не было чым паліць у печы. Яна пачала вэранду разьбіраць, і знайшла ў сьцяне кацялок золата. І тады яна апранулася, тады яна зажыла”.

На ўсіх вуліцах Празарокаў велічэзныя старыя ясені і таполі. Пасаджаныя яшчэ за польскім часам, іх ніхто не абразае. Усе яны ўвітыя гнёздамі кавак, якія, кажучы словамі Кандратамі Крапівы, сьпяваюць хаўтурны сьпеў. Па Празароках?

Колісь у Празароках жыло прыкладна паўтары тысячы жыхароў. Зараз — каля 500. Мястэчка ў 1960-70-я камуністы рабілі пэрспэктыўнай вёскай. Туды сялілі людзей са шматлікіх хутароў. А на пачатку 1990-х маладзейшыя вырашылі загаспадарыць самі, як некалі іхныя бацькі.

Вось і Фэлікс Лавэйка ўзяў адзін з закінутых хутароў, 13 гектараў зямлі. Але цяпер ён ізноў гаспадарыць на сваіх 30 сотках, вырошчвае памідоры. Чаму?

(Лавэйка: ) “Не было часу працаваць, трэба пастаянна было быць у Глыбокім. Зойдзеш у адну кантору, там цябе аблаюць, што ня так запоўніў паперку, ідзеш у іншую — тое самае. Так нэрвы страпалі, што ўзяў і кінуў гэтую справу. Цяпер вось з трыццаці сотак жыву, таму што не перад кім ня трэба трымаць справаздачу, кланяцца. Як сам загаспадарыш, так і будзе. Нашмат лягчэй.

Цяпер жа і тут, як і паўсюль, усё ў заняпадзе. Людзі пастарэлі, моладзь зьехала. Працаваць няма дзе, каб зарабіць. Пэспэктываў у Празарокаў ніякіх няма. Засталіся адныя пэнсіянэры. А побач колькі малых вёсачак было... Касарова, Саньнікі... Касарова амаль няма, некалькі старых жыве ў Саньніках, Сахнавічах. Вось і да Празарокаў дайшла чарга. Апатыя ў людзей, абыякавасьць і да сябе, і да ўсяго”.

У любым выпадку празароцкія пэнсіянэры працуюць. Самім ім ужо шмат чаго ня трэба. Але дбаюць пра дзяцей, якія аказаліся на голых заробках у горадзе. Як, прыкладам, спадарыня Ларыса:

(Ларыса: ) “У нас ёсьць дзеці, у нас ёсьць унукі. Я аднаму хачу даць пяцёрачку, другому — дзясятачку. Гэнаму хачу купіць баціначкі, гэнаму яшчэ нешта. Па дзецях бядую. А я што? Я сорак шэсьць тысяч атрымліваю. Адпрацавала столькі гадоў... Стараемся дзеля дзяцей. Яны ж ня просяць. Яны ня хочуць, каб мы так працавалі, крычаць на нас. Просяць: пажывіце дзеля сябе. Яны ж разумеюць, што мы ўсё жыцьцё цяжка працавалі. Але я ж мама, я хачу, каб дзецям было лепей. Мёду слоічак, бывае, у Полацак завязеш прадаць, нават алычу тыя гады вазіла. А яблычкі ўсе так і ляглі тут. Як абсыпаліся, гэтак і ляжаць...”

А вось нам ужо знаёмы пэнсіянэр спадар Тадэвуш мае магчымасьць параўнаць: як жывуць пэнсіянэры тут, у Празароках, і ў Парыжы. Ён толькі што вярнуўся з турнэ па Эўропе.

(Тадэвуш: ) “Спадабаліся Парыж, Амстэрдам, Бэрлін. Немагчыма нават параноўваць з намі. Тыя людзі, якія не былі на Захадзе, ня бачылі тамтэйшага жыцьця, яны ня змогуць нават уявіць, як там усё зроблена, якая там культура, якія аўтамабілі, дарогі. Там нават не заўважыш такіх старых. Яны там усе шчуплыя, апранутыя, акуратныя. Там ня бачна такіх, як у нас старых — дабітых”.

Размаўляючы з пэнсіянэрамі, пачынаеш задумвацца: а можа яны, а не маладзейшыя (для якіх алькаголь — сёньня ўсё) і склалі тыя 23%, якія атрымаў на празароцкім выбарчым участку Ўладзімер Ганчарык? Падалося, што менавіта старыя людзі не давяраюць тут уладзе.

(Вольга Лапеза-Лёлька: ) “Усюды падман — і ў вобласьці, і ў раёне, і ў калгасе. Усюды падман. Хто камандуе, толькі той і жыве. А хто падпарадкоўваецца, не жыве, а толькі боўтаецца. Ды нас, пэнсіянэраў, ужо ня вельмі і падманеш. Пэнсію ж дадуць — не падмануць. А што за тую пэнсію купіш? Хіба халадзільнік ці тэлевізар з пэнсіі купіш? Што гэта за пэнсія? А ў мяне няпоўны стаж, дык я 36 тысяч атрымліваю. Я куплю тэлевізар? Трыццаць таблетак лекаў каштуе пяць тысяч семсот. Паехала ў Полацак, купіла ўколаў ад сэрца адных, другіх. Вітамінаў купіла, фруктаў купіла... Мая пэнсія — фук і ўсё”.

Як і ў бальшыні мястэчкаў былой Віленшчыны, у Празароках ёсьць праваслаўная царква і касьцёл. А да вайны яшчэ была і сынагога. Саветы царкву не кранулі, а вось у касьцёле зрабілі збожжасховішча, куды заяжджалі і трактары, і коні. У час перабудовы каталікі распачалі змаганьне за касьцёл. І перамаглі.

(Вацак: ) “Людзі як узяліся, туча народу прыходзіла адбудоўваць, як аддалі. Там жа гадамі галубы сядзелі. Высока, на званіцах, гною было шмат. Усё вычысьцілі. Усе бабкі з суседніх вёсак пазьбіраліся, уся парафія. Аднавілі так, што ніхто ня мог пазнаць. Нават з ураду прыяжджалі, цікавіліся, пыталіся ў людзей: як вы гэта рабілі, адкуль сродкі ўзялі, як за нейкіх паўгода змаглі ўсё зрабіць?”

І хоць лёс бязьлітасны да Празарокаў, яны ўсё ж супраціўляюцца. А падставаю таму — памяць пра славутага актора і адраджэнца нашаніўскае пары Ігната Буйніцкага.

У 1970-я з закінутых могілак Палевачоў перазахавалі парэшткі заснавальніка сучаснага беларускага тэатру ў цэнтар Празарокаў і паставілі яму помнік. У мясцовай сярэдняй школе быў адчынены музэй, які пазьней Міністэрства культуры вырашыла зрабіць рэспубліканскім і пабудаваць для яго двухпавярховы будынак.

Дзевяць гадоў таму насупраць помніка Буйніцкаму выкапалі скляпеньне, а над ім узьвялі кавалак сьцяны з чырвонай цэглы, якая нагадвае руіны сярэднявечных беларускіх замкаў. І з раніцы да вечару з акна свайго кабінэту пазірае на гэтыя руіны старшыня сельсавету Валеры Кандзерскі.

(Кандзерскі: ) “Гэта рэспубліканскі даўгабуд. Фундамэнт заклалі — міністра памянялі. І зноў трэба ехаць у Міністэрства культуры, дамаўляцца з новым міністрам. Дамовіліся — і нібыта пачалі сьцены ўзводзіць. Зноў міністра памянялі — зноў фінансаваньне спынілі. А сьцены пачалі развальвацца. Прыехалі з інстытуту, з Наваполацку. Паглядзелі, кажуць: трэба ўсё бурыць і будаваць па-новаму. Яшчэ заваляцца. А там жа дзеці гуляюць. Яшчэ зваліцца якая цагліна і стукне... У тым падвале вада была. Адкачалі ваду, а там карасёў поўна. Вывеліся карасі. Цэлае вядро карасёў налавілі ў гэтым падвале. Уявіце сабе, які гэта абсурд. Праект вельмі дарагі. А навошта ён быў? Зрабілі б драўляны домік накшталт панскага маёнтку. Экспанатаў жа амаль ніякіх няма”.

Але ў Празароках па-ранейшаму штогод праводзяцца тэатральныя сьвяты памяці Буйніцкага, на якія хай і ня так шмат, як у 1980-я, але прыяжджаюць дзеячы тэатру краіны. Памяць Буйніцкага асьвятляе працу настаўнікаў у мясцовай школе. Чысьцюткая, сьветлая, уся ў кветках і абсалютна беларуская школа, якой кіруе дырэктарка мама Зіна (так пяшчотна называюць яе і настаўнікі, і вучні) захоўвае дух беларушчыны і тых Празарокаў, пра якія распавядалі старажылы.

Праўда, школа, у якой яшчэ 10-20 гадоў таму было па дзьве паралельныя клясы і ў кожнай па 30 вучняў, цяпер “малакамплектная” — ледзьве набіраецца зь дзясятак дзяцей. Але штогоду 2–3 выпускнікі паступаюць на гуманітарныя факультэты ўнівэрсытэтаў. Адмысловую экскурсію па школьным музэі ладзіць настаўніца і краязнаўца Вольга Гінько:

(Гінько: ) “Калі б у нашай школе не было гэтага музэю, тых дакумэнтаў, якія дзеці могуць рукамі памацаць, нейкае сачыненьне напісаць і папрацаваць з гэтымі дакумэнтамі, не было б і сапраўднага беларускага духу. Кажуць, што дзеці сёньня кніжак не чытаюць, што дзеці мовай не валодаюць... У нас такой праблемы няма. Няма! Наогул, нашу школу афіцыйна палічылі нацыянальнай школай, якая працуе на прынцыпах народнай пэдагогікі. Так, мы паводле гэтых прынцыпаў і жывем”.

Вучаніца школы Анжэла Голер, сваячаніца Івана Голера, цымбаліста трупы Ігната Буйніцкага, на разьвітаньне чытае верш Уладзімера Караткевіча “Шляхамі Ігната Буйніцкага”, які ўпершыню з вуснаў аўтара прагучэў над магілай Буйніцкага ў Празароках:

(Голер: ) “Што ім іхні лёс? Вялікі, суровы...
Што ім — адкажаш нарэшце ты? —
Да забітай, загнанай, задушанай мовы,
Іх вялікасьць, першы вандроўны артыст?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG