Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛАНЦЁРЫ ПЛЯНУЮЦЬ ВАРТАВАЦЬ КУРАПАТЫ ДА ЗАВЯРШЭНЬНЯ ЗЕМЛЯНЫХ РАБОТ


Ганна Соусь, Менск

Раніцай я засьпела ў Курапатах сем валанцёраў — яны чакалі нямецкіх студэнтаў, так званых “альтэрнатыўшчыкаў”. Гэта маладыя людзі, якія замест службы ў войску працуюць у шпіталях, інтэрнатах ды іншых сацыяльных установах. Плянавалася, што нямецкія юнакі возьмуць удзел ва ўпарадкаваньні ўрочышча.

Валанцёр Дзяніс распавёў Радыё Свабода пра інцыдэнт, што адбыўся ўчора ўвечары:

(Дзяніс: ) “Было гадзін недзе адзінаццаць. Хлопчык зь лесу вылез, пабіты моцна. Увесь твар апухлы. Сьцьвярджаў, што на яго ў лесе кінуўся нейкі дзядзька, прыставіў нож да горла і зьбіў яго. Прычым не абрабаваў яго, а проста зьбіў. Вось такі выпадак. Ноч прайшла спакойна, у лягеры было пяць чалавек”.

Апошнім часам валанцёры абмяркоўваюць, якім чынам і калі завершыць вахту памяці ў Курапатах. Гаворыць лідэр Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Мы раіліся зь людзьмі, якія зрабілі свой унёсак у Курапацкі чын. Усё ж вырашылі, што цяпер прыпыніць яго будзе няправільна. На фоне нядаўніх падзеяў — выкраданьня людзей, зьбіцьцяў, падпалу намёту... Цяпер сысьці да завяршэньня земляных работ — гэта даць падставу тым жа ворагам казаць: “Вось яны тут сядзелі, столькі намаганьняў прыклалі й нічога ня выседзелі”. Натуральна, што раней ці пазьней адсюль трэба будзе сыходзіць. Мяркую, што да канца траўня давядзецца тут быць — дачакацца завяршэньня земляных работ”.

Хутка сьвяточныя дні, і валанцёры чакаюць, што жыхары суседняга мікрараёну зноў масава пойдуць у Курапацкі лес на пікнікі. Актывіст Цімох разважае, якім чынам магчыма спыніць гэты вандалізм на магілах:

(Цімох: ) “Усё ж трэба тлумачыць людзям, што гэта ня тое месца, дзе можна зьбірацца й рабіць пікнікі. Калі гэта не дапамагае, трэба дзейнічаць іншымі сродкамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Якімі іншымі? Выклікаць міліцыю?”

(Цімох: ) “Магчыма, выклікаць міліцыю, магчыма самім выводзіць зь лесу. Калі людзі нармалёвыя, то ім можна нешта растлумачыць, нават калі яны п’яныя, хаця нармалёвыя людзі сюды ня прыйдуць на пікнікі...”

Паводле Цімоха, з гэтай прычыны наступныя дні будуць для валанцёраў надта цяжкімі.

Што да пабытовых складанасьцяў, то пасьля падпалу вайсковага намёту іх паболела. Валанцёрка Люда гатуе на вогнішчы фірмовую курапацкую страву, макароны з тушонкай, і распавядае Радыё Свабода пра цяперашняе жыцьцё-быцьцё:

(Люда: ) “Даволі складана, уначы халодна спаць у маленькіх намётах. Варта зараз на вуліцы. Таксама на вуліцы знаходзяцца ўсе рэчы. Намёты маленькія. Даволі нязручна, усё ж пад дахам было прасьцей”.

Сёньня я зьвязалася па тэлефоне з загадчыкам апёкавага цэнтру Менскага шпіталю хуткай дапамогі Ўладзімерам Дарафеенкам. Ён распавёў Радыё Свабода, што Алесю Покладу стала ўжо крыху лепей, тэмпэратура ўжо не такая высокая, але хлопец яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі, і яму дагэтуль робяць пераліваньне крыві. Паводле Ўладзімера Дарафеенкі, патрэбна, каб кожны тыдзень пяць-шэсьць чалавек здавалі кроў для Алеся Поклада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG