Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКІ КНІГАЗБОР” ВЫДАЎ ТОМ ТВОРАЎ НАТАЛЬЛІ АРСЕНЬНЕВАЙ


Валянціна Аксак, Менск

Гэта самы поўны збор твораў Натальлі Арсеньневай з выдадзеных на сёньня. Вершы — некаторыя зь якіх не ўваходзілі ў ранейшыя выданьні, прыкладам, самы першы верш гэтае кнігі "Мой родны край," — паэмы, вершаваныя апавяданьні, лібрэта гістарычнае опэры "Ўсяслаў Чарадзей", пераклад "Песьні пра зубра" Міколы Гусоўскага, аўтабіяграфічныя нарысы паэткі і гутаркі зь ёю, ейныя лісты, успаміны пра яе беларускага паэта Генадзя Бураўкіна і канадыйскае сяброўкі Раісы Жук-Грышкевіч. Усё гэта дапоўненае рэдкімі фотаздымкамі. Цудоўны падарунак знаўцам і аматарам высокае літаратуры.

А блаславіла кнігу ў сьвет, дакладней падрыхтоўку яе, сама паэтка яшчэ ў 1992 годзе. Распавядае дасьледніца беларускае эміграцыйнае літаратуры Лідзія Савік.

(Савік: ) "Яна жыла ў Рочэстэры, а я была ў Нью-Ёрку, і мне давялося пагаварыць зь ёю па тэлефоне, спытаць дазволу на друкаваньне яе твораў на Бацькаўшчыне. Бо тады ў нашай моладзі, студэнтаў, якім я выкладаю, праяўлялася вялікая цікавасьць да той літаратуры, сапраўднай нацыянальнай літаратуры. У адказ я пачула малады, задаволены голас. Яна сказала, што сама ўжо ня здолее вярнуцца ў Беларусь, якую так любіла. Але вельмі ўдзячная, што будуць вяртацца туды яе творы, будзе шчасьлівая тым, што яны будуць чытацца там".

Найбольш поўна тады творы паэткі былі сабраныя пад вокладкамі нью-ёркскага выданьня "Між берагамі". Але далёка ня ўсе. Шмат што параскіданае па эміграцыйных беларускіх часопісах, многае было толькі ў заходнебеларускім друку 1920-1930-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Спадарыні Савік давялося не адзін год папрацаваць у архівах і бібліятэках, каб сабраць багатую творчую спадчыну паэткі, параўнаць пазьнейшыя публікацыі з першадрукамі і рукапісамі. Вялікую дапамогу ёй у гэтым аказалі дзеячы беларускае эміграцыі і сябры паэткі, якія да самага апошняга моманту ня верылі, аднак, у мажлівасьць выданьня ў сёньняшняй Беларусі твораў Арсеньневай, забароненых уладамі для вывучэньня ў школах і ўнівэрсытэтах. Лідзія Савік працягвае:

(Савік: ) "Многія там ня верылі, што гэты том выйдзе на Бацькаўшчыне, таму што зьмяніліся часы, зьмянілася палітычная сытуацыя, і цяпер імя Натальлі Арсеньневай шмат у чым ня тое што ганьбуюць, а проста людзі недасьведчаныя абы што гавораць пра чалавека, які абсалютна ні ў чым не вінаваты перад Беларусьсю, перад беларускім словам, беларускай гісторыяй. Яна сама стварала гэтае слова, сама пісала пра гісторыю. Будучы расейкай паводле паходжаньня, валодаючы эўрапейскімі мовамі, увесь час пісала і гаварыла толькі па-беларуску".

Накладам звыш трох тысяч асобнікаў том твораў Натальлі Арсеньневай выйшаў такі ў недзяржаўным выдавецтве "Беларускі кнігазбор". На жаль, ня ўсё з сабранага складальніцай зьмешчана ў ім. У прыватнасьці, лібрэта опэры "Лясное возера", рукапіс якога нават сама паэтка лічыла страчаным, але Лідзіі Савік ўдалося яго знайсьці. Тым ня менш, Лідзія Савік называе выхад кнігі ў сёньняшніх варунках значнай падзеяй.

(Савік: ) "Выхад гэтага тому, які мы доўга рыхтавалі, я лічу значным дасягненьнем і нашага сучаснага літаратуразнаўства. Ну а Натальлю Арсеньневу я лічу клясыкам. Гэта адна з самых таленавітых паэтак ня толькі беларускае літаратуры дваццатага стагодзьдзя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG