Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Да 2005 году навукоўцы плянуюць стварыць першы нябачны эсьмінец. Кантракт на стварэньне навінкі каштаваў 2,9 мільярда даляраў і быў падпісаны з карпарацыяй “Northrop Grumman”. Апрача новых эсьмінцаў, у плянах стварэньне цэлай сям’і высокатэхналягічных вадаплаваў зь меншымі экіпажамі, большай непрыступнасьцю і здольнасьцю несьці на борце найноўшую зброю.


ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. У верасьні на дарогах графства Лэстэршыр зьявяцца аўтобусы з рухавікамі, якія працуюць на ачышчаным алеі. Апрача карысьці для навакольнага асяродзьдзя, гэтая навінка дапаможа ўладальнікам рэстаранаў і закусачных атрымаць безадкідную вытворчасьць, паколькі менавіта яны будуць забясьпечваць транспартную службу ўжываным алеем. На разьвіцьцё гэтай сыстэмы ўжо атрыманыя 1,6 мільёна даляраў. Найперш на алей будуць пераарыентаваныя дызэльныя аўтамабілі й аўтобусы. Распрацоўшчыкі сыстэмы папярэджваюць пра своеасаблівы пах разагрэтага алею, які, аднак, будзе прыемным, калі алей будзе ўзяты з кітайскіх рэстаранаў.


ЗША. Стваральнік кампутарнага вірусу “Melissa” 33-гадовы Дэйвід Сьміт атрымаў 20 месяцаў турэмнага зьняволеньня і быў аштрафаваны на 5 тысяч даляраў за шматмільённыя страты, нанесеныя ў 1999 годзе электроннай пошце ўсяго сьвету. Вірус рассылаўся пад выглядам электроннага ліста ад калегаў альбо знаёмых з пазнакай “важнае паведамленьне”. Пасьля “прачытаньня” ліста ён аўтаматычна высылаў сам сябе пяцідзесяці іншым людзям з вашай адраснай кнігі. Ён не зьнішчаў файлаў і не рабіў пашкоджаньняў, а проста перагружаў пошту. Страты ад віруса ацэненыя на больш як 80 мільёнаў даляраў. Паводле закону, Сьміту пагражаў тэрмін зьняволеньня пяць гадоў, які быў зьменшаны за інфармацыю гакера адносна іншых стваральнікаў вірусаў.


НЯМЕЧЧЫНА. Кампанія “Інфайнан Тэхноладжыс” паказала новыя вырабы для рынку “інтэлектуальнага тэкстылю”. Сярод іх – інтэграваны ў тканіну для вопраткі плэер. У прадэманстраваным узоры працуе незалежная галасавая сыстэма кіраваньня, якая замяняе ўсе звычайныя кнопачныя функцыі. Электрычныя злучэньні паміж сыстэмай, памяцьцю, навушнікамі й мікрафонам рэалізаваныя за кошт электраправодных уласьцівасьцяў тканіны. На думку навукоўцаў, навінка дае магчымасьць распрацаваць новую кампутарную тэхналёгію, паводле якой мікраэлектронныя кампанэнты будуць падлучацца да электраправоднай тканіны й ўшывацца ў вопратку.


ЗША. Навукоўцы са Злучаных Штатаў пачалі ствараць першых-кіборгаў-грызуноў “Ratbot”. У часе дасьледаваньняў яны выявілі, што звычайным пацуком можна кіраваць пры дапамозе партатыўнага кампутара, перадатчыка і адмысловага мікрачыпу, імплянтаванага ў мазгі жывёліны. На думку навукоўцаў, такіх пацукоў можна будзе ўжываць для выратаваных працаў у эпіцэнтрах землятрусаў, адшуканьня мінаў і ў выведчых апэрацыях на чужых сакрэтных аб’ектах – яны могуць пралезьці туды, куды не пралазяць пашуковыя сабакі, і бясьпечна сядзець на мінах. На сёньня пры дапамозе новай тэхналёгіі навукоўцы здолелі правесьці пяць пацукоў празь вялікі складаны лябірынт. Кіраваньне пацукамі ажыцьцяўлялася з адлегласьці 700 мэтраў.


РАСЕЯ. Урадавая камісія ў ваенна-прамысловых пытаньнях зацьвердзіла вынікі тэндэра на распрацоўку самалёта-зьнішчальніка пятага пакаленьня. Галоўным выканаўцам тэндэру стаў авіяканцэрн “Сухой”. Паведамляецца, што праграма працы для распрацоўкі новага зьнішчальніка зьявіцца пры канцы гэтага году. Нагадаем, што канцэрн атрымаў сваю назву ад імя авіякаструктара Паўла Сухога, які нарадзіўся ў вёсцы Глыбокае, што на Гомельшчыне.


ТАЙВАНЬ. Кампутарны вірус “Чарнобыль”, які ўжо тры гады запар у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС атакуе кампутары, сёлета нанёс мінімальныя страты, паколькі бальшыня карыстальнікаў сеціва абароненая ад яго. І ўсё ж карыстальнікі зьвярнуліся да распрацоўшчыкаў антывіруснага праграмнага забесьпячэньня па дапамогу. На думку распрацоўшчыкаў, са стварэньнем новых праграмаў вірус будзе рабіцца ўсё больш і больш бясьпечным. Ужо сёньня ён небясьпечны толькі для кампутараў з “Windows-95” і “Windows-98”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG