Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКІТА КНЯЗЕЎ ЗАДАВОЛЕНЫ СВАЁЙ НОВАЙ СЯМ’ЁЙ


Галіна Абакунчык, Менск

Цяпер хлопчык прывыкае да вучобы ў беларускай школе, а ягоныя новыя бацькі ўжо другі месяц зьбіраюць дакумэнты, каб апякунства над хлопчыкам замацаваць юрыдычна.

З кім цяпер жыве Мікіта й як дзяржаўныя структуры маюць намер распарадзіцца ягоным далейшым лёсам — кіраўніца аддзелу апекі Маскоўскага раёну Вольга Барадзіна паведаміць адмовілася катэгарычна. Таму хлопчыка давялося шукаць самастойна: малога я сустрэла на вясковай вуліцы — Мікіта сьпяшаўся ў школу, таму гутарка была нядоўгай.

(Карэспандэнтка: ) "Дзе табе больш падабаецца жыць — у вёсцы ці ў горадзе?"

(Мікіта: ) "У вёсцы".

(Карэспандэнтка: ) "А сваёй новай сям’ёй ты задаволены?"

(Мікіта: ) "Так, задаволены".

(Карэспандэнтка: ) "Якія адзнакі ў школе?"

(Мікіта: ) "Пакуль яшчэ ніякіх".

(Карэспандэнтка: ) "Чула, што ты вучысься размаўляць па-беларуску".

(Мікіта: ) "Так: добрай раніцы, калі ласка".

(Карэспандэнтка: ) "Ну, то посьпехаў".

(Мікіта: ) "Дзякую".

Пасьля расейскамоўнай школы хлопчык толькі прывыкае вучыцца й размаўляць па-беларуску, а таксама жыць у ціхай вёсцы замест мітусьлівай сталіцы. Так, з маленства нешчасьлівы лёс раптам даў малому шанец на лепшае жыцьцё: Мікіту сустрэлася жанчына, якая ўбачыла ў хлопчыку сына й зразумела, што ня зможа пакінуць яго на волю лёсу. Гаворыць цяперашняя маці Мікіты:

(Маці: ) "Спачатку на працы мяне адгаворвалі, каб я брала гэтае дзіця, бо ён шмат перанёс і якія будуць наступствы — невядома. Але гэтае рашэньне было ад сэрца. Хлопчык разумны, добры, ветлівы. За што яго біць? Яго няма за што біць. А правасудзьдзе нашае? Якую яна займала пасаду… можна меркаваць, як судзяць нашых дзяцей. Бог ім судзьдзя".

Цяпер хлопчык мае паўнавартасную й цалкам шчасьлівую сям'ю: у яго ёсьць маці й бацька, старэйшы брат-студэнт, зь якім яны вудзяць рыбу ў вясковым возеры, а таксама бабуля, якая не нацешыцца ўнучкам. Жанчыны паказвалі Мікітаў пакой, ягоныя новыя рэчы, казалі пра хлопчыка шмат добрых словаў і напрамілы Бог прасілі не называць іх імёнаў, а таксама мясцовасьці, дзе жыве сям’я. Новыя Мікітавы сваякі асьцерагаюцца не за сябе, а за хлопчыка, каб былая ўсынавіцелька-пракурорка не знайшла малога й не ўчыніла якой шкоды. Гаворыць бабуля Мікіты:

(Бабуля: ) "Я яго вельмі люблю, і казкі яму чытаю, і вершыкі разам вучым. Буду ў школу праводзіць і сустракаць. Адно толькі баюся, каб тая маці-кат яго дзе-небудзь не злавіла. На Благавешчаньне хадзілі ў царкву й ставілі сьвечкі, каб Бог адвёў ад Мікіты яе вочы".

Новая сям’я хоча вярнуць Мікіту ягонае сапраўднае прозьвішча, каб хлопчык хутчэй забываўся на жахі былога жыцьця ў памочніцы пракурора. Тэрмін на апэляцыю судовага рашэньня аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў Тамары Князевай мінуў, таму дарослыя зьбіраюць дакумэнты для юрыдычнага афармленьня апякунства. Аднак гэта доўжыцца ўжо ўдвая больш за стандартны тэрмін.

Гэтак жа доўга вядзецца сьледзтва паводле крымінальнай справы супраць Тамары Князевай. Як паведаміў сьледчы менскай абласной пракуратуры Зьміцер Сямёнаў, сьледзтва распачатае яшчэ напачатку красавіка, але суд адбудзецца не раней як празь месяц — у выпадку, калі адбудзецца ўвогуле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG