Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКАЯ ЖУРНАЛІСТКА ГАЙКЕ ЗАБЭЛЬ ПАРАЎНОЎВАЕ БЕЛАРУСЬ З УСХОДНЯЙ НЯМЕЧЧЫНАЙ


Алена Панкратава, Менск

Гайке Забэль напісала пра Беларусь дзьве кнігі. Адна прысьвечаная беларускім жанчынам, другая — Менску. Сёньня яна зьбірае матэрыял пра беларускую глыбінку і яе жыхароў. Плянуецца, што расповеды брагінцаў будуць зьмешчаныя побач з інтэрвію жыхароў маленькага ўсходненямецкага гарадка Пірна. Адно з пытаньняў, якое Гайке Забэль задае сваім суразмоўцам — ці цягне іх назад, у былое жыцьцё.

(Забэль: ) “Калі настальгія і ёсьць, то вельмі лёгкая. Я пыталася як у маіх суайчыньнікаў, так і ў беларусаў, ці мае для іх нейкае значэньне, напрыклад, тое ж сацыялістычнае сьвята працы — Першамай. Дэманстрацыі, як у нас, так і ў вас, па-ранейшаму ладзяцца. Праўда, раней да ўдзелу ў іх дзяржава прымушала, сёньня гэта — справа добраахвотная. Пра саму сутнасьць сьвята працы многія, хіба што за выключэньнем людзей экстрэмісцкіх поглядаў, забываюцца.

У нас зараз шмат беспрацоўных. Усходнія немцы, аднак, ня хочуць змагацца. Тыя, хто мае працу, баяцца яе згубіць. Вельмі многія кажуць: усё роўна зьмяніць мы нічога ня зможам. Гэта такая летаргія”.

Паводле Гайке Забэль, падобны стан сацыяльнай дэпрэсіі сёньня ўласьцівы і для беларускай глыбінкі:

(Забэль: ) “Зараз мне ўдалося ўсталяваць партнэрства паміж сем’ямі ў Нямеччыне і Беларусі. Я наведала шмат дамоў у Брагіне. Людзей абсалютна не хвалююць старыя сымбалі. Адзіныя словы, якія ад іх зараз можна пачуць: "Няма грошай". Дарэчы, усяго некалькі гадоў таму яны гаварылі інакш: "Мы маем працу, нашыя заробкі хоць невялікія, але стабільныя".

Сёньня, калі размаўляеш зь імі, думаеш: як можна ўвогуле так жыць. Калі шпацыруеш па горадзе, першае, што кідаецца ў вочы — у якім недагледжаным стане дамы, вуліцы. Калі бачыш будынак старога шпіталя, то з жахам думаеш, як можна там лекавацца. Праўда, у горадзе хутка павінны адкрыць новы шпіталь. Здаецца, гэта адзіны аб'ект, у які ўкладаюцца дзяржаўныя сродкі. На маёй памяці ён будуецца ўжо даўно, і калі я ехала сюды, думала — шпіталь ужо працуе. Аднак гэтага так і ня здаралыся. Шпіталь, з майго гледзішча, вялікі для Брагіну. Аднак, мне сказалі, гэта — палітычнае рашэньне.

Што зьдзіўляе: я шмат гутарыла з моладзьдзю і, хіба што за рэдкім выключэньнем, не пачула, што яны хочуць пакінуць гэтыя мясьціны. Ня ведаю, што гэта? Можа, любоў да Радзімы. А можа, нейкі інфантылізм, няпэўнасьць Як мне здаецца, тут няма пэрспэктываў для моладзі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG