Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 ТРАЎНЯ БЕЛАРУСКІЯ ПРАФСАЮЗЫ І САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ ЛАДЗЯЦЬ ШЭРАГ МАСАВЫХ АКЦЫЯЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Фэдэрацыя прафсаюзаў мае намер адзначыць 1 траўня шэрагам акцыяў у розных кутках краіны. У прыватнасьці, паводле зьвестак ФПБ, прафсаюзныя мітынгі маюць адбыцца ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі за выняткам Віцебску. Тут, а таксама ў шэрагу райцэнтраў, заплянаваныя сходы.

У Менску прафсаюзы рыхтуюць шэсьце ад станцыі мэтро "Акадэмія навук" да плошчы Бангалёр, пасля чаго у парку Дружбы народаў мае адбыцца мітынг. Акцыі санкцыяваныя ўладамі, і таму іх арганізатары, як паведаміў нашаму Радыё намесьнік старшыні Фэдэрацыі Мікалай Беланоўскі, не чакаюць непаразуменьняў з праваахоўчымі органамі, хоць лёзунгі заўтрашніх акцыяў, паводле ягоных словаў, наўрад ці будуць прыемныя ўладам.

(Беланоўскі: ) "На сёньня ў нас шмат прычынаў, каб гаварыць пра гэтыя правы. Гэта і рэформа пэнсійнай сыстэмы, і заробкі, і забесьпячэньне ўмоваў працы на прадпрыемствах. На жаль, у нас шмат выпадкаў калецтва, сьмяротных выпадкаў. Нам трэба шмат што рабіць, каб людзі сябе добра адчувалі на працоўным месцы”.

(Карэспандэнт: ) "Ці адпавядаюць зьмены ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы, на якіх настойваюць прафсаюзы, таму курсу, які быў учора прадэкляраваны Аляксандрам Лукашэнкам падчас справаздачы ўраду?”

(Беланоўскі: ) "Калі ёсьць затрымка выплатаў пэнсій, чаго ў нас даўно не было, затрымка заробкаў, наяўнасьць стратных прадпрыемстваў, то за гэта мусяць адказваць тыя, хто кіруе дзяржавай. Але лепш не даводзіць да такіх разборак. Каб можна было спытаць зь міністра, трэба гэтаму міністру даць правы, магчымасці, фінансавыя сродкі і высокую ступень свабоды для кіравання галіной".

У першатравеньскіх мерапрыемствах зьбіраюцца браць удзел і прадстаўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Говорыць старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Віктар Бабаед:

(Бабаед: ) "Нашыя акцыі будуць ладзіцца ў тых месцах, дзе дзейнічаюць найбольш вялікія суполкі. У Мазыры, Горадні, Салігорску, Менску. Будзем патрабаваць, каб не парушаліся правы прафсаюзаў".

Паводле словаў Віктара Бабаеда, дэмакратычныя прафсаюзы будуць браць супольны ўдзел у акцыях, якія ладзяць Фэдэрацыя прафсаюзаў і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Народная грамада". БСДГ, паводле словаў ейнага лідэра Мікалая Статкевіча, зьбіраецца 1 траўня правесьці ў менскім парку імя 50-годзьдзя кастрычніка сьвяточную акцыю пад назовам "Сацыял-дэмакратычны фэстываль".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG