Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У СЬМЕРЦЬ ІГАРА НЕМАГЧЫМА ПАВЕРЫЦЬ”


Віталь Цыганкоў, Прага

Ён не баяўся брацца за тыя праекты, у якія большасьць людзей ня верыла. Калі ў 2000 годзе Гермянчук вырашыў стварыць першы ў Беларусі грамадзка-палітычны каляровы часопіс “Кур’ер”, мала хто верыў у гэты праект. Але часопіс нарадзіўся, для яго пісалі найлепшыя беларускія журналісты, ён таксама стаў часткай беларускай гісторыі. І хаця ў “Кур’ера” былі праблемы і з пэрыядычнасьцю, і з рэклямай, сам факт ягонага нараджэньне кажа найперш пра Гермянчука, які не жадаў спыняцца, які не баяўся аддаць усяго сябе самым негарантаваным на посьпех праектам.

Як неашчадна ён ставіўся да жыцьця, так ён ставіўся і да сваёй хваробы. Сьмяротная хвароба – рак – зьела яго вельмі хутка, усяго за год. Апошнія гады, працуючы ў розных СМІ, мы, зразумела, сустракаліся ўжо ня так часта, але я пісаў для “Кур’ера” артыкулы, і таму зрэдку мы кантактавалі. Калісьці, некалькі месяцаў таму, Ігар сказаў мне, што кладзецца ў шпіталь, і калі я спытаўся пра прычыну, адказаў штосьці накшталт: “Ат, ня важна, дробязі”. І пра тое, што ў яго быў рак, я даведаўся толькі сёньня, у дзень ягонай сьмерці. Ён не хацеў гаварыць пра хваробу, пра нейкае абмежаваньне сваіх магчымасьцяў.

Гермянчук з тых людзей, пра якіх кажуць, што ён спаліў сябе. Праца для яго была ўсім. Працуючы зь ім тры гады ў газэце “Свабода”, я магу засьведчыць, што ён, галоўны рэдактар выданьня, раней за ўсіх прыходзіў і пазьней за ўсіх сыходзіў. Ён ня вельмі ўмеў перадаверыць, перадаручыць нешта іншым. Ён мог толькі ўсё рабіць сам. Таму, магчыма, і вычарпаў сабе вельмі рана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG