Агульная эўрапейская сыстэма іміграцыі й прадастаўленьня прытулку будзе ўведзеная ў 2004 годзе. Учорашняя дамова дапаможа спыніць так званы “asylum shopping” – пакупку прытулку, калі ўцекачы выбіраюць краіну ў залежнасьці ад набору сацыяльных ільготаў. Вялікабрытанія і Нямеччына скардзяцца, што ўцекачы разглядаюць іх як слабое зьвяно і імкнуцца скарыстацца гэтым.
Прыняцьце агульнага заканадаўства падштурховаюць і апошнія выпадкі – надзвычайныя здарэньні з уцекачамі на Сыцыліі і ў тунэлі пад Ля Маншам.
Прадугледжваецца гарманізацыя працэдураў разгляду заяваў на прытулак, увядзеньне агульнага вызначэньня “ўцекач” і перагляду Дублінскай канвэнцыі, паводле якой заявы на прытулак павінны разглядацца ў той краіне, дзе яны ад пачатку былі пададзеныя.
Пагадненьне, якога дасягнулі ў чацьвер, вызначае базавыя сацыяльныя гарантыі, у тым ліку доступ да адукацыі, дастойнае жытло і мэдыцынскія паслугі. Краіны будуць мець свае правы нешта зьмяняць – напрыклад, не дазваляць працаваць на працягу году.
Агенцтва ў справе уцекачоў АНН выказала асьцярожную падтрымку пагадненьню і заклікала надалей працаваць над агульным заканадаўствам. Міністар унутраных справаў Швэцыі назваў пагадненьне мінімалісцкім і прапанаваў дамагацца больш ясна акрэсьленых нормаў.
Гэтыя перамены будуць уведзеныя праз два гады. Адначасна ў шмат якіх краінах Эўропы, дзе адбываецца агульнае старэньне насельніцтва, мяняецца заканадаўства, зьвязанае з іміграцыяй і працаўладкаваньнем спэцыялістаў – лічыцца, што эўрапейская эканоміка надалей ня зможа функцыянаваць без прытоку рабочай сілы.