Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДБЫЛАСЯ ПРЭСАВАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ СЯБРОЎ МОЛАДЗЕВАЙ АРГАНІЗАЦЫІ "ЗУБР"


Галіна Абакунчык, Менск

Чацьвёра актывістаў "Зубра" толькі ўчора пакінулі камэры на Акрэсьціна й сёньня яшчэ ахвотна цікавіліся, як падзея тыднёвай даўніны асьвятлялася ў мэдыях. Яны падзякавалі ўсім журналістам за маральную падтрымку, падкрэсьліўшы, што за кратамі гэта мацавала іх дух.

Аляксандар Атрошчанкаў назваў, так бы мовіць, "лібэралізацыяй у дзеяньні" сьлед ад амонаўскага бота, які й цяпер яшчэ добра відаць на ягоным адзеньні. Паводле ягоных словаў, групу моладзі, у якой ён знаходзіўся, у аўтазаку трымалі роўна суткі. Зьміцер Бародка як сябар праваабарончага цэнтру "Вясна" заявіў, што цяпер рыхтуюцца заявы ў пракуратуру на неправамоцныя дзеяньні міліцыянтаў, якія не дазвалялі падсудным скарыстацца паслугамі адвакатаў і ня выклікалі лекараў. Прафэсар Георгі Лепін, які разам з моладзьдзю таксама адбыў пяць сутак арышту, пра дзеяньні міліцыянтаў сказаў наступнае:

(Лепін: ) "Я ўсё жыцьцё быў выкладчыкам і не магу зразумець: як чалавек можа так мяняцца? Яны там былі зьвяры. Іх неяк псыхалягічна накручваюць. Такое ўражаньне,што для іх гэта зьдзельная праца".

Георгі Лепін таксама заўважыў, што быў прыемна ўражаны тым, як трымалася за кратамі моладзь, і ўпэўнены, што за імі — будучыня.

(Лепін: ) "Ні адзін зь іх ня здаўся й не паддаўся. Вытрымалі яны. Малайцы. Я думаю, усё-такі на колькі дурная ўлада: заўтра ж зь імі пойдуць новыя людзі. Калі раней я сумняваўся, бо мала бачыў моладзі, дык цяпер я ўпэўнены, што мы будзем жыць і Беларусь будзе жыць".

“Зубраўка” Аляксандра Анджыеўская — адна з шасьці дзяўчат, якія таксама пяць сутак правялі ў ізалятары на Акрэсьціна. Дзяўчына з удзячнасьцю ўзгадвала некаторых міліцыянтаў, якія хваляваліся за здароўе дзяўчат, прапаноўвалі гарбату й нават прыняць душ. Аляксандра не прамінула нават заклікаць сваіх аднакурсьнікаў з політэхнічнай акадэміі не сядзець у інтэрнаце, дзе чатыры месяцы няма гарачай вады, а ўдзельнічаць у акцыі. У выпадку чаго, пажартавала яна, у ізалятары хоць можна памыцца ў душы. На пытаньне ці не было страшна, Аляксандра Анджыеўская адказала наступнае:

(Анджыеўская: ) "Спачатку было крыху жахліва, але пасьля прыйшло разуменьне, што мы павінны змагацца, бо мы моладзь і за намі будучыня".

Прэсавы сакратар "Зубра" Аляксандар Атрошчанкаў паведаміў таксама, што сябры арганізацыі маюць намер узяць актыўны ўдзел у заўтрашнім шэсьці.

(Атрошчанкаў: ) "Мы выйдзем пад сацыяльнымі лёзунгамі, бо яны датычаць і чарнобыльскай праблемы. Увогуле, воля беларускай апазыцыі пасьля паразы на прэзыдэнцкіх выбарах не зламаная. Супраціў працягваецца, і мы не зьбіраемся болей так жыць".

Штогадовае жалобнае шэсьце "Чарнобыльскі шлях" заўтра пройдзе без удзелу такіх вядомых асобаў, як Валеры Шчукін, Юры Хашчавацкі, Мікалай Халезін, Зьміцер Бандарэнка — усе яны працягваюць адбываць зьняволеньне за арганізацыю акцыі пратэсту "Так жыць нельга".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG