Алесь Марачкін мяркуе, што прадказаў чарнобыльскую катастрофу, за дзесяць гадоў да яе, напісаўшы свой вядомы твор "Прывід над маёй вёскай". У 1986 годзе прывід стаў яваю і зьнішчыў ягоную радзіму ў Чэрыкаўскім раёне. Пасьля чаго зьявіліся страшныя ў сваёй праўдзе карціны "Хадора", "Прывід Марыі", "Плянэта палын". І нарэшце абраз "Маці Божая ахвяраў Чарнобылю", які пасьля ўрачыстага супольнага асьвячэньня сьвятарамі праваслаўнае і каталіцкае канфэсіяў быў зьмешчаны ў алтары жодзінскае царквы. На просьбу паэта Анатоля Сыса мастак намаляваў копію абраза адмыслова для царквы ягонае вёскі Гарошкаў, якая таксама апынулася ў радыяцыйнай зоне. Ёсьць яшчэ копія. Вось што пра яе лёс гаворыць спадар Марачкін:
(Марачкін: ) "Адзін з варыянтаў гэтага абразу быў у 1996 годзе гвалтоўна пабіты, памяты, калі ўлады разганялі "Чарнобыльскі шлях". Гэта была такая страшная падзея, я сёньня нават не магу яе асэнсаваць".
Мастак аднавіў той абраз, і яго штогод нясуць наперадзе жалобнага шэсьця.
Боль трагедыі прайшоўся па творчасьці яшчэ некалькіх беларускіх мастакоў. Алесь Марачкін працягвае:
(Марачкін:) "Гэта была група мастакоў, якія правялі ў зоне плэнэр. Трэба тут згадаць Валерыя Шкарубу і Ўладзімера Кожуха, у чыёй творчасьці таксама праходзіць гэтая тэма. Але найперш я б згадаў нашага выдатнага мастацтвазнаўцу, доктара Віктара Шматава, які гэтую тэму асвойвае ўжо шмат гадоў пасьля таго, як здарылася гэтая навала. Гэта выключныя працы. Калі мы ўпершыню ў Штутгарце выставілі сэрыю ягоных гэтых працаў, то нямецкія гледачы проста не змаглі быць абыякавымі. Ну ўявіце сабе карціну: зіма, закінутая вёска, разбураныя хаты, а па вуліцы бягуць чорныя дзікі. Гэта, канечне, уражвае".
Тэма чарнобыльскае катастрофы зь цягам часу ад ілюстратыўнасьці перайшла да філязафічных твораў, што прадэманстравала выстава суполкі "Пагоня", якая сёлета ладзілася пад назовам "Экаарт". Сябры суполкі мяркуюць налета зрабіць экспазыцыю "Ззноў пабачыў я сялібы, альбо рэквіем па зьніклых вёсках".
Паўстае пытаньне: ці не ператворыцца і гэтая бяда, як некалі ваенная тэма, у творчую кан'юнктуру? Алесь Марачкін адказвае:
(Марачкін:) "Вельмі цікавае пытаньне. Справа ў тым, што калі б гэтыя творы купляліся нашым міністэрствам культуры, нашай уладай, заахвочваліся матэрыяльна, то, відаць, знайшліся б такія мастакі, якія б пайшлі гэткім шляхам. Але так ня будзе, таму што гэтую тэматыку падымаюць тыя мастакі. якім гэтая тэматыка вельмі блізкая, і якія працуюць без грашовых датацый. Таму, бачыце, ня так ужо і шмат мастакоў, якія працуюць у гэтай тэматыцы. Так што тут аналёгія ня зусім праўдзівая".