Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ САЮЗ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ ЗЬНІШЧЭНЬНЯ АЙЧЫННАГА БІЗНЭСУ


Міхал Стэльмак, Менск

Зьезд Беларускага саюзу прадпрымальнікаў выказаў нэгатыўнае стаўленьне да цяперашняй палітыкі ўладаў у дачыненьні да бізнэсу. Асабліва цяжкае становішча, як вынікае з выступаў дэлегатаў, склалася зараз у сфэры дробнага бізнэсу. У прыватнасьці, бізнэсовец Ігар Ткачык з трыбуны зьезду агучыў пратэст сталічных прадпрымальнікаў, абураных дзеяньнямі Менскага гарвыканкаму. Вось што ён патлумачыў нашаму Радыё:

(Ткачык: ) "Нагодай для звароту сталася рашэньне Менгарвыканкаму пра існаваньне дробнага бізнэсу. Канцэпцыя, якая прадугледжвае узьвядзеньне буйных крамаў, супэрмаркетаў і гіпэрмаркетаў, супярэчыць інтарэсам тысяч прадпрымальнікаў. Таму што ў выніку яе асноўная маса дробных прадпрымальнікаў мусіць спыніць сваю дзейнасьць".

Прадпрымальніца Вольга Селязнёва распавяла пра ціск на гандляроў менскага рынку "Байкальскі", які ўлады сёлета зьбіраюцца закрыць. Шмат праблемаў і ў прадстаўнікоў недзяржаўнага сэктара эканомікі ў рэгіёнах. Гаорыць лідэрка берасьцейскіх прадпрымальнікаў Ніна Карпінчык:

(Карпінчык: ) "Вялікая колькасьць ліцэнзаваных відаў дзейнасьці — гэта на сёньня галоўная праблема. Падаткі таксама. Мае месца і вялікая колькасьць неплацяжоў з боку бюджэтных арганізацыяў".

Паводле зьвестак лідскай прадпрымальніцы Тацяны Станкевіч, дзяржаўныя структуры не выконваць фінансавых абавязкаў перад прадпрымальнікамі.

Улады фактычна праігнаравалі запрашэньне Беларускага саюзу прадпрымальнікаў узяць удзел у зьездзе. Вось што зазначыў на гэты конт прэзыдэнт саюзу Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) “Мы запрашалі кіраўніка дэпартамэнту ў справах прадпрымальніцтва, але ён не прыйшоў”.

Нягледзячы на адсутнасьць дыялёгу з уладамі, Беларускі саюз прадпрымальнікаў, як вынікае з тлумачэньня Аляксандра Патупы, не зьбіраецца апускаць рукі. Зьезд выказаўся за ўзмацненьне праваабарончай дзейнасьці гэтай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG