Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСКОЎСКІЯ НЯВОЛЬНІКІ Ў МАГІЛЁВЕ 16-ГА СТАГОДЗЬДЗЯ


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае гісторык Ян Шубанскі.

(Ракіцкі: ) “Калі мы кажам словы "нявольнікі", "нявольніцтва", "нявольніцкія рынкі", то адразу ў нашым уяўленьні паўстаюць малюнкі з ланцугамі цемнаскурых рабоў, прадаваных на кірмашах Азіі, Афрыкі, Паўдзённай Амэрыкі, працуючых на плянтацыях цукровага трысьнягу пад наглядам жорсткіх рабаўладальнікаў. Але паспалітаму беларусу наўрад ці прыдзе ў галаву зьвязваць гэтыя словы ды асацыяцыі з сваёй гісторыяй, культурнай традыцыяй, з сваім мінулым і тым больш уявіць увогуле для сябе нечуваную рэч — сваіх продкаў у ролі рабаўладальнікаў — гандляроў і пакупнікоў "жывога тавару".

Але аказваецца, што нашыя продкі падчас вайсковых канфліктаў з усходнім суседам выступалі ня толькі ў ролі ахвяраў. Пра гэты факт з гісторыі беларуска-расейскіх дачыненьняў распавядзе нам мой госьць, гісторык Ян Шубанскі”.

(Шубанскі: ) “Сапраўды, сюжэт, пра які сёньня будзе ісьці размова, датычыць нявольніцтва, зьвязанага з вайсковымі дзеяньнямі пад час Інфлянцкай (Лівонскай) вайны 16-га стагодзьдзя. А калі больш дакладна — пра выправы на маскоўскі бок “па жывы тавар” магілёўскіх месьцічаў-добраахвотнікаў ды продаж імі на магілёўскім рынку жыхароў Маскоўскай дзяржавы”.

(Ракіцкі: ) “А хіба ж нявольніцтва не было забароненае яшчэ Першым Статутам ВКЛ 1529 году?”

(Шубанскі: ) “Ды не. Першы Статут забараніў нявольніцтва толькі для свабодных грамадзянаў дзяржавы. Вольны чалавек ня меў права, згодна са Статутам, прадаць сябе альбо сваіх дзяцей у рабства, нават калі і быў вінен камусьці грошы. Але патомныя рабы ці, як іх называюць нашыя крыніцы, “чэлядзь нявольная”, працягвалі заставацца ўласнасьцю гаспадара, рабамі станавіліся таксама асуджаныя на сьмерць крымінальныя злачынцы, у выпадку, калі пацярпелы пагаджаўся зрабіць іх сваімі нявольнікамі замест “караньня горлам”. Вольныя людзі, калі жаніліся на рабынях, таксама страчвалі свабоду. Але была яшчэ адна крыніца папаўненьня колькасьці нявольнікаў, што ўзгадваецца ў Першым Статуце — “каторыя палонам заведзены суць з зямлі непрыяцельскае”.

Дарэчы, знакаміты Трэці Статут 1588 году, знішчыўшы нават саму назву “нявольнік”, наказаўшы нявольнікаў называць “дворная чэлядзь” ды скасаваўшы астатнія прычыны нявольніцтва, фігуруючыя ў Першым Статуце, гэтую прычыну нявольніцтва — ваенны палон — пакінуў”.

(Ракіцкі: ) “Якія катэгорыі магілёўскіх месьцічаў бралі ўдзел у падобных выправах? Якім часам датуюцца найбольш раньнія зь іх?”

(Шубанскі: ) “Дзякуючы таму, што захаваліся амаль усе актавыя кнігі магілёўскага магістрату, мы маем магчымасьць скласьці ўяўленьне і аб падрыхтоўцы, і аб саміх удзельніках выправаў. Крыніцы сьведчаць, што "ў загранічча Маскоўскае" , у "зямлю непрыяцеля маскавіціна" хадзілі паводле ўласнай згоды групы добра ўзброеных, "удаўшыхся ў казацтва" на час такой экспэдыцыі, магілёўскіх рамесьнікаў. Сярод удзельнікаў паходаў крыніцы згадваюць гаршэчнікаў, шубнікаў, рымароўды прадстаўнікоў іншых рамесных спэцыяльнасьцяў. Са зброяй у гараджанаў праблемаў не было — бо кожны зь іх, згодна з магдэбурскім правам, павінен быў мець у хаце зброю на выпадак вайны. Найбольш раньнія дакумэнты пра падобныя паходы ды захоп "жывога тавару" датаваныя 1579 годам, апошні выпадак зафіксаваны ў крыніцах у 1581 годзе”.

(Ракіцкі: ) “А ці засталіся ў крыніцах апісаньні падрыхтоўкі падобных экспэдыцыяў'? Можа, існавалі якія-небудзь адмысловыя рытуалы, звязаныя зь іх падрыхтоўкаю?”

(Шубанскі: ) “Так, падобныя апісаньні сапраўды ёсьць. Уявім сабе Магілёў таго часу. Ідзе нядзельная служба ў праваслаўнай царкве. Асобнаю групаю, у поўным узбраеньні, стаяць "паказачаныя браты." Пасьля прычасьця ўсе ўдзельнікі будучага паходу ўрачыста прысягаюць адзін другому дзяліць здабычу справядліва, па-роўну:

"Іж калі шлі за граніцу, тады пастанавене такое ўчынілі і рукі межы сабою далі і словам сваім прырэклі іж у адным таварыстве з намі мелі быць і еслі бы што пан бог паслаў, то мы мелі, вышэдшы загранічча, у роўны дзел дабыч сваю межы сабою раздяліць".

(Ракіцкі: ) “У мяне адразу ўзьнікаюць два пытаньні. Ян, вы падкрэсьлілі, што ўрачыстасьць адбываецца ў праваслаўнай царкве. Дык што, сярод добраахвотнікаў, што хадзілі на маскоўскі бок, былі толькі праваслаўныя? І другое, ці ўступалі гэтыя дабраахвотнікі ў бой з аддзеламі расейскага войска?”

(Шубанскі: ) “Што да канфэсійнага складу ўдзельнікаў, то вы, безумоўна, маеце рацыю. На той час у Магілёве сярод месьцічаў не было ніводнага каталіка, як, натуральна, і ніводнага каталіцкага касьцёлу ў горадзе. Як бачым, прыналежнасьць да праваслаўя не перашкаджала хадзіць праваслаўным магілёўцам у пошуках вайсковай здабычы на маскоўскі (таксама праваслаўны) бок.

Падкрэсьлім, іх ніхто не змушаў да гэтых выправаў. Гэта была, так бы мовіць, "ініцыятыва зьнізу", якая ішла ад саміх жыхароў гораду. Што да другой часткі пытаньня. Найважнейшай і адзінай мэтай, зь якой магілёўцы хадзілі на "маскоўскі" бок, быў трывіяльны рабунак і захоп у палон ды продаж у нявольніцтва насельніцтва варожай дзяржавы. Атрады перасоўваліся па чужой тэрыторыі ўначы, каб пазьбегнуць сустрэчы з маскоўскімі вайскоўцамі, нападалі на вёскі на досьвітку, рабуючы ўсё, што толькі можна было знайсьці ў сялянскіх хатах:

"Року 1579 Івашка Сапронавіч хадзіў за граніцу ў таварыстве ў казацтва пад Смаленск і тут есмо дастапі суполне кобылі дзве, робят москалей два, овчын двадцат чотыры, овец чотыры, замок нутреных чотыры, узголовья дзерюгі дзве, армяк адзін, місы тры, коўшы два, косы тры, тапароў сем, скоблі дзве, воску, воўны рун трідцат, чобаты троі, коўшы тры, скобпі дзве, сорочок дванадцать".

(Ракіцкі: ) “А хто лічыўся найбольш каштоўнай здабычай'? Мужчыны? Жанчыны? Дзеці?”

(Шубанскі: ) “У крыніцах няма ніводнай згадкі аб палоне і продажу ў нявольніцтва дарослых мужчынаў. Гэта цалкам зразумела. Падчас нападу яны баранілі свае сем'і, і іх, як правіла, забівалі на месцы. У палон вывозілі жанчын і дзяцей. Прынамсі, усе ацалелыя акты куплі-продажу нявольнікаў у Магілёве гавораць толькі пра іх.

Натуральна, што асабліва вялікім попытам карысталіся маладыя здаровыя жанчыны. Дарэчы, з-за іх часьцей за ўсё сярод удзельнікаў выправаў выбухалі канфлікты, якія прыводзілі да разьбіральніцтва ў магістрацкім судзе. Даволі часта здаралася так, што паабяцаўшы выплаціць за "маскоўку" "братам" долю яе рэальнага сабекошту на нявольніцкім рынку ўдзельнік экспэдыцыі, стаўшы яе гаспадаром, гэта рабіць не сьпяшаўся. Не заўсёды дзяльба здабычы прызнавалася ўсімі ўдзельнікамі справядлівай. Так, на глебе несумленнай дзяльбы здабычы ў верасьні 1579 году выбухнуў канфлікт паміж магілёўцамі Багданам Кузьмінічам і Жданам Ахрэмавічам. Багдан Кузьмініч паскардзіўся ў суд на былога брата па зброі аб несправядлівым захопе ў яго здабычы загранічнай. Аднак, Ждан аспрэчваў гэтую скаргу, кажучы пра парушэньне Багданам "братэрскай прысягі" аб роўным падзеле здабычы:

“Гды ж мы ўжо з загранічча выйшлі і ўжо на стану будучы, хацелі межы сабою дзяліцца але ж ён сам тых рэчаў, што меў з сваімі таварышамі ў дзел роўны даць не хацеў, то я на стан яго ні з якімі памочнікамі не находзіў, але мяне пан Тудоўскі, яко старшы межы намі будучы, казаў яго дабычы ўзяць у дзел, што я ўзяў маскоўку, каня сляпога, жарабят двое, аўчын адзінаццаць а не так многа, яка ён жалуе”.

(Ракіцкі: ) “А дзе ў Магілёве гандлявалі палоннымі маскоўцамі?”

(Шубанскі: ) “Жывы тавар выстаўлялі на продаж на Гандлёвай плошчы, якая знаходзілася побач з магілёўскім замкам. У часе Інфлянцкай вайны там быў адмысловы рад нявольніцкі, дзе дэманстраваліся стаўшыя воляй лёсу рабамі жыхары Масковіі”.

(Ракіцкі: ) “А ці захаваліся кошты продажу нявольнікаў?”

(Шубанскі: ) “Так, натуральна. Маладая здаровая жанчына каштавала ад 2 да 5 копаў грошай літоўскіх. Падлетка можна было набыць за 1 капу. Капа грошай літоўскіх была роўнай 2 талерам. Гэта былі вялікія, як для таго часу, грошы. Дзеля параўнаньня: згодна са Статутам 1588 году 2 капы грошай каштаваў добры конь, альбо вол”.

(Ракіцкі: ) “Ці меў якія-небудзь шанцы вызваліцца чалавек, прададзены ў рабства?”

(Шубанскі: ) “Усе залежала ад таго, на якіх умовах прадавалі паланянікаў. Самай лёгкай формай няволі быў продаж у часовае рабства на выробак. Гэта значыць, паланянік павінен быў адпрацаваць за акрэсьлены ў акце куплі-продажу час заплочаныя за яго грошы. Звычайна, тэрмін часовага рабства вагаўся ад 2 да 4 год. Менавіта на такіх умовах у жніўні 1579 году была прададзеная маскоўка Саламаніда:

“На справах мескіх у ратушу будучым, стаўшы ачавіста Дзешка Ескавіч, мешчанін магілёўскі, сазнаў, іж паланянку маскоўку Саламаніду, каторую дастаў будучы за граніцаю ў зямлі непрыяцельскай, каторую прыдаў на вырабак учсціваму Цімошку Бутану, мешчаніну Магілёўскаму, за капы дзве грошай манеты і лічбы літоўскіх, каторую мает он у себе держаті до трех лет, а по трех летех волно маеть быть от него пушчона, а в неволі держана не мает быт і, каму хоча, таму мает служыці”.

(Ракіцкі: ) “У дадзеным выпадку чалавек становіцца нявольнікам на пэўны час. А ці існавала для тагачасных палонных пажыцьцёвае рабства?”

(Шубанскі: ) “Так, існавала. У актах куплі-продажу сустракаем такія паняцьці, як продаж "вечна" ці "абел вечна". У такіх выпадках чалавек станавіўся чэлядзьдзю нявольнай да свайго скону, як і яго нашчадкі. Праўда, і ў гэтым выпадкуў палоннага заставаўся шанец стаць вольным У актах куплі-продажу агаворвалася, што ў выпадку, калі паланяніка знаходзілі яго сваякі, то гаспадар абавязаны быў прадаць ім яго па тым жа кошце, за які набыў”.

(Ракіцкі: ) “А цікава, якім чынам выкарыстоўвалі палонных дзяцей? Ці можна прасачыць, якімі відамі дзейнасьці займаліся маленькія нявольнікі?”

(Шубанскі: ) “Палонныя "маскалікі" скарыстоўваліся ў якасьці хатняй прыслугі, лёкаяў, няняк па дагляду за малымі дзецьмі. Дакумэнты за другую палову 16-га стагодзьдзя сьведчаць, што практычна ў доме кожнага багатага магілёўскага бюргера, прадстаўнікоў магістрату, цэхавай старшыны купецтва для паслугаў хатніх меліся чаляднікі-маскалікі. Перапрашаю за параўнаньне, але менавіта маленькія вялікаросы выконвалі ролю "белых мурынаў"' у дамах магілёўскай эліты. Аднак, неабходна адзначыць і факты ўсынаўленьня і выкупу бязьдзетнымі магілёўцамі маленькіх рабоў у іх гаспадароў. Так, у1581 годзе Апанас Дзямідавіч, шубнік магілёўскі, адкупіў у Марыны Жыдкай, мяшчанкі магілёўскай, маскаліка:

“Маскалік каб у няволі вечна не застау іж яго узяў не у няволю але яко за упаснае дзіця каторае перехаваць также карміці адзяваці і таму рамястеу што сам умеець шубтцтву научыць А капі тои Федка Макаравіч доидзе пет дарослых вольна яму будзе каму хацець спужыці”

(Ракіцкі: ) “Ян, дык што, можа, усё гэта, аб чым вы распавядалі, толькі ўсходняя магілёўская экзотыка, для іншых рэгіёнаў тагачаснай Беларусі не характэрная?”

(Шубанскі: ) “Катэгарычна не пагаджуся з такой высновай. Маем шмат дакумэнтальных сьведчаньняў, што чэлядзь маскоўская — чалядніцы-маскоўкі ды маскалікі — былі на паслугах у Вільні, Берасьці, Менску, Горадні, Наваградку. Іншая справа, што яго вялікасьць лёс пакінуў нам у найлепшай захаванасьці і камплектнасьці менавіта кнігі магілёўскага магістрату ды быў нялітасьцівы да гарадзкіх архіваў іншых беларускіх гарадоў, зь якіх ацалелі толькі адзінкавыя паасобнікі магістрацкіх кнігаў”.

(Ракіцкі: ) “Вы сьцьвярджаеце, што нявольніцкі рынак быў фактам ці адной з праяваў міжэтнічных беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў?”

(Шубанскі: ) “Так. Праўда, яны ніякім чынам не ўкладаюцца ў прапагандаваную ідэолягамі заходнерусізму канцэпцыю адвечнае ідыліі паміж старэйшым ды малодшым братам. Хаця, ведама, гэтую зьяву таксама можна патрактаваць як братэрскае рабства — папера сьцерпіць. Але ці спадабаецца такая трактоўка нашым усходнім суседзям?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG