Творчая майстэрня Ўладзімера Пузыні месьцілася ў адным з інтэрнатаў Беларускага унівэрсытэту культуры. Паводле загаду адміністрацыі ўніверсытэту, Уладзімер Пузыня мусіць перадаць памяшканьне майстэрні ўнівэрсытэцкай лябараторыі беларускіх народных інструмэнтаў. Вось што спадар Пузыня распавёў пра гэта сёньня нашаму Радыё:
(Карэспандэнт: ) "Вам патлумачылі матывы, паводле якіх забіраюць вашу "хатку?”
(Пузыня: ) "Нічога не сказалі. Я тут працую як майстар па рамонту музычных інструмэнтаў. Калі ёсьць музычныя інтсрумэнты, я іх раблю. Калі няма, я займаюся іншымі справамі. У мяне тут сустрэчы праходзяць, са студэнтамі заняткі".
Ці насамрэч унівэрсытэцкае начальства мае намер зьліквідаваць яго творчую майстэрню? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да прарэктара Беларускага ўнівэрсытэту культуры ў гаспадарчых пытаньнях Юрыя Бондара:
(Бондар: ) "Ня тое, каб вызваліць займанае памяшканьне. Наагул, гэтае памяшканьне — унівэрсытэцкае, а Пузыня — наш супрацоўнік. І лябараторыя — гэта майстэрня музычных інструмэнтаў, якую займае Пузыня, — будзе выкарыстоўвацца такімі ж майстрамі, як і Пузыня, для вытворчасьці музычных інструмэнтаў".
Паводле словаў Юрыя Бондара, да такога рашэньня спрычыніўся дэфіцыт унівэрсытэцкіх плошчаў. Тэлефон, як зазначыў унівэрсытэцкі прарэктар, быў перададзены іншаму карыстальніку. Але й гэта, маўляў, вымушаны крок. Як вынікае з тлумачэньня Юрыя Бондара, Уладзімеру Пузыню ўсяго толькі трэба будзе пацясьніцца, а не ліквідаваць майстэрню.
Між тым, цяжка ўявіць, як у гэтым невялікім памяшканьні, якое атрымала назоў "Беларуская хатка" і ў якім адраджаліся старадаўнія музычныя інструмэнты, разьмесьціцца адразу некалькі гаспадароў.
(Пузыня: ) "Я ў асноўным удасканальваю (ці ўжо ўдасканальваў?) нацыянальныя інструмэнты. Беларуская ліра, адрадзіў дуду, басэтлю, удасканаліў жалейку, адрадзіў сурму, хорум адрадзіў з гравюры "Князь Радзівіл" XIII стагодзьдзя. Усе гэтыя інструмэнты ўвайшлі ня толькі ў фальклёрныя калектывы, а й у опэрна-сымфанічную музыку. У опэры "Князь Наваградзкі" і "Дзікае паляваньне караля Стаха".
(Карэспандэнт: ) "Што тут было да таго часу, як вы тут зьявіліся?"
(Пузыня: ) "Тут былі голыя сьцены. Усю "хатку" я збудаваў сам. Тут валяліся дошкі, я іх сабраў і зрабіў вось гэтую "хатку", дзе сустракаюся зь людзьмі”.
(Карэспандэнт: ) "Вы маглі б сказаць, колькі ўсяго людзей пабывала ў вашай "хатцы?”
(Пузыня: ) "Тут была ў мяне Ельцына Наіна. Тут былі з усяго сьвету людзі — з Кітаю, Японіі, тут быў амбасадар ЗША".