Арганізатары акцыі, а гэта актывісты “Хартыі-97” Мікалай Халезін і Зьміцер Бандарэнка, праваабаронца Валер Шчукін і вядомы рэжысэр Юры Хашчавацкі, заклікаюць людзей прыйсьці заўтра а 18 гадзіне на плошчу Якуба Коласа, адкуль пачнецца марш пратэсту "Так жыць нельга!" Пра тое, для чаго задуманая гэтая акцыя, распавядае адзін зь яе арганізатараў Зьміцер Бандарэнка:
(Бандарэнка: ) "Гэтая акцыя будзе праходзіць у заяўленым фармаце. Гэта марш пратэсту — мэта прыцягненьня ўвагі грамадзтва да праблемы невыкананьня Аляксандрам Лукашэнкам сваіх перадвыбарчых абяцаньняў. Як 1994 году, так і 2001. А менавіта: кампэнсацыя ўкладаў насельніцтва, рэзкае ўзьняцьцё роўню жыцьця да роўню разьвітых эўрапейскіх краінаў і праблема зьнікненьня людзей".
Нагадаю, што напярэдадні гэтага маршу арганізатары зьвярталіся па дазвол на яго правядзеньне ў Менскі гарвыканкам, але чыноўнікі дазволілі толькі мітынг, і ня ў цэнтры, а на плошчы Бангалёр. Аднак арганізатары акцыі лічаць, што шэсьце праз цэнтар Менску ўлады не забаранялі. Зьміцер Бандарэка працягвае:
(Бандарэнка: ) "Няма забароны правядзеньня маршу, ёсьць дазвол на мітынг. Той з чыноўнікаў Менгарвыканкаму, ён ведае, што ён парушыў Канстытуцыю Беларусі, а дакладна артыкул 35, які гарантуе грамадзянам права на правядзеньне шэсьцяў, дэманстрацыяў і мітынгаў. Таму нам ніхто не забараняў шэсьця, і гэта ведаюць супрацоўнікі міліцыі. У нас была сустрэча з вышэйшымі афіцэрамі, па іхнай просьбе. Яны сказалі так: зьявіліся ўлёткі ў горадзе, распаўсюджваецца інфармацыя. Мы ведаем, што вы ня можаце зьмяніць месца збору. Таму мы ня будзем чыніць нейкіх перашкодаў, каб людзі сабраліся на плошчы Якуба Коласа”.
Арганізатры маршу падалі скаргу ў суд на рашэньне менскіх уладаў, але калі пачнецца яе разгляд — пакуль невядома.
Зьміцер Бандарэнка спадзяецца, што ўлады заўтра ня будуць ужываць сілу супраць дэманстрантаў, якія выйдуць на вуліцу пад сацыяльнымі лёзунгамі. Арганізатары таксама лічаць, што марш паспрыяе актывізацыі людзей перад 26 красавіка, калі ў Менску пройдзе традыцыйны Чарнобыльскі шлях.