Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ЛІЧАЦЬ, ШТО БІН ЛЯДЭНУ ЎДАЛОСЯ ЎЦЯЧЫ


Кастусь Бандарук, Прага

Згодна з інфармацыяй з розных крыніцаў, Усама бін Лядэн спачатку хаваўся ў пячорах Тора Бора, аднак летась у першую дэкаду сьнежня ён пакінуў сховішча. Для многіх гэта была буйная параза ЗША, а камандаваньне амэрыканскіх сілаў на чале з генэралам Фрэнксам пераацаніла жаданьне афганскіх саюзьнікаў злавіць бін Лядэна і толькі на трэці дзень паслала ў наземны бой за Тора Бора амэрыканскіх вайскоўцаў, адзначае газэта “Washington Post”.

У баях за горныя пячоры карумпаваныя афганскія саюзьнікі ЗША не выканалі свайго абяцаньня, не заблякавалі патаемныя выхады – і, відаць, дазволілі некаторым баевікам “Аль-Каіды” ўцячы. Да таго ж генэрал Фрэнкс камандаваў амэрыканскімі сіламі ў Афганістане са сваёй штаб-кватэры ў Фларыдзе, а на месцы апэрацыямі кіравалі ніжэйшыя рангам афіцэры.

Што ж да бін Лядэна, дык адміністрацыя ЗША ніколі афіцыйна не казала, што ён наагул быў у Тора Бора. Нягледзячы на супярэчлівыя зьвесткі ад захопленых у палон баевікоў “Аль-Каіды” і разьведвальных службаў, прадстаўнік камандаваньня адмірал Крэйг Квіглі заявіў: “Мы ніколі ня мелі неаспрэчных доказаў, што бін Лядэн знаходзіўся ў Тора Бора перад атакай, у часе, або пасьля яе”.

Адмірал прызнаў, што адрозна ад Паўночнага Альянсу задзейнічаныя ў баёх мясцовыя пуштунскія камандзіры ставяцца да амэрыканцаў даволі насьцярожана.

Толькі пасьля таго, як многім баевікам “Аль-Каіды” ўдалося ўцячы зь пячораў, прэзыдэнт Пакістану Мушараф накіраваў на дапамогу 10-й Горнай дывізіі ЗША свае сілы. Пакістанцам ўдалося перахапіць на мяжы 300 баевікоў з Тора Бора. Затым Ісьлямабад выдаў палонных амэрыканцам, і цяпер каля паловы зь іх знаходзяцца на базе Гуантанама на Кубе.

Што тычыцца камандзіраў “Аль-Каіды”, дык акрамя забітага Мугамада Атэфа і захопленага ў палон Абу Зубайда рэшта, відаць, застаецца на волі.

Адміністрацыя ЗША прызнала сваю памылку пры спробе захопу бін Лядэна, аднак толькі часткова. Маўляў, засяродзіўшыся на бомбавых ударах, запозна былі задзейнічаныя амэрыканскія марскія пехацінцы. У сакавіку падчас апэрацыі “Анаконда” амэрыканцы зноў паслалі ў бой сьпярша афганскіх саюзьнікаў, аднак калі апэрацыя запаволілася, тады ў бой рушыла амэрыканская пяхота.

Адносна бін Лядэна няма ніякіх канкрэтных зьвестак. Некаторыя лічаць, што ён загінуў, іншыя – што ён цяжка хворы. Аднак большасьць мяркуе, што ён жывы. Інакш ягоныя прыхільнікі й памагатыя згадалі бы пра ягоную сьмерць – хаця б ускосна.

Паводле “Washington Post”, калі шанцы злавіць бін Лядэна зьменшыліся да нуля, прэзыдэнт Буш кінуў паўтараць, што мэта апэрацыі – знайсьці бін Лядэна “жывым або мёртвым”.

“Барацьба з тэрарызмам – гэта больш як адзін чалавек. Зараз бін Лядэн зрабіўся маргінальнай фігурай”, – сказаў Буш 14 красавіка ў інтэрвію “Washington Post”. Ён ня выключыў, што бін Лядэн загінуў, і дадаў: “Па праўдзе, я не пераймаюся з-за яго”. Начальнік аб’яднаных штабоў узброеных сілаў ЗША генэрал Маерс заявіў, што ЗША ня ставілі сабе за мэту зьнішчэньне паасобных людзей, але важная тэрарыстычная сетка ў цэлым.

З пачатку 1980-х гадоў Злучаныя Штаты ніколі адкрыта не гаварылі, што ставяць сабе за мэту захапіць або забіць такіх ворагаў як панамскі дыктатар Нар’ега або ірацкі лідэр Хусэйн. Аднак пазьней аказвалася, што ўсё ж гэта была прыярытэтная задача. Гэтак жа і цяпер – цьвердзіць міністар узброеных сілаў Вялікабрытаніі Адам Інгрэм – асоба бін Лядэна была галоўнай мэтай вайны супраць тэрарызму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG