Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ТАЛАКА, У ЯКОЙ УЗЯЛІ ЎДЗЕЛ НЕКАЛЬКІ ДЗЯСЯТКАЎ ЧАЛАВЕК


Ганна Соусь, Менск

Нягледзячы на зусім не красавіцкае надвор'е — у суботу ішоў сьнег — з самай раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі на талаку. Прыкладам, сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Аліна Дуброўская прыехала з Койданава, каб узяць удзел у добраўпарадкаваньні ўрочышча.

(Дуброўская: ) "Гэта — сьвятое месца, гэта гістарычная памяць. Я лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам. Якія б у мяне не былі справы, усё гэта другараднае. Сюды трэба ісьці й працаваць, працаваць для нашай будучыні, для нашых продкаў..."

З адзінаццаці гадзінаў раніцы ў Курапатах працаваў археоляг Мікола Крывальцэвіч. Нагадаю, што чатырнаццаць гадоў таму ён разам зь Зянонам Пазьняком ладзіў археалягічныя раскопкі ва ўрочышчы. З таго часу Мікола Крывальцэвіч кожны год на сваю ініцыятыву прыходзіць у Курапаты й прыбірае тэрыторыю могільніка перад Дзядамі й Радаўніцай.

(Крывальцэвіч: ) "Штосуботу на працягу красавіка з 11 гадзінаў мы ўсіх чакаем на талокі. Мяркуецца, што будзе высякацца кустоўе, сьцежка будзе рабіцца. Я думаю, што талокі, якія штогод праводзяцца напярэдадні Радаўніцы й Дзядоў, стануць традыцыйнымі.

Вось ёсьць адная магіла, вельмі глыбока раскопаная, яшчэ шмат гадоў таму вандаламі раскапаная. Мы яе не маглі засыпаць, таму што кусты вырасьлі вельмі вялікія. Трэба кустоўе высекчы, агаліць усю гэтую прастору — там шмат магіл у кустах пазарастала, а потым і крыжы паставіць, і ўпарадкаваць".

Разам з усімі ў талацэ бралі ўдел і абаронцы Курапатаў. Я падыходжу да лідэра Беларускай партыі свабоды Сяржука Высоцкага, які раскідвае пясок на ўзгорку.

(Высоцкі: ) "Гэты пясок, які быў насыпаны тады, калі адбылася цырымонія аднаўленьня амэрыканскага памятнага знаку, цяпер зьбіраецца да кучы, каб усё выглядала больш прыстойна. Звычайная такая праца, я думаю, што яна не такая цяжкая, хутчэй яна дае асалоду".

Сяржук Высоцкі разамі з валанцёрамі працягвае сваю працу. А я накіроўваюся далей у лес і падыходжу да сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Міколы Капарыхі, які высякае хмызьняк.

(Капарыха: ) "Такія месцы трэба ўшаноўваць і добраўпарадкоўваць, ня так, як гэта робяць нашыя будаўнікі й кіраўніцтва, якое аддае ім такія загады. Вось гэтыя кусты будзем падцярэбім. Жанчыны сьмецце зьбіраюць, каб можна было бачыць з дарогі, колькі тут крыжоў".

Ва ўрочышчы актыўна й шчыльна працавалі сябры самых розных палітычных партыяў і арганізацыяў. Паводле Міколы Крывальцэвіча, у Курапатах зусім няважна, да якіх арганізацыяў належаць людзі.

(Крывальцэвіч: ) "Тут жа супольная праца. І ў гэтым нашая сіла. Мы пакажам, што нешта здолеем зрабіць у абароне Курапатаў. І тут ёсьць для ўсіх магчымасць папрацаваць і сказаць, што я — абаронца Курапатаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG