Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЬВІРАНАХ АДКРЫЛІ МЭМАРЫЯЛЬНУЮ ШЫЛЬДУ Ў ГОНАР ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА


Тацяна Поклад, Вільня

На радзіме Францішка Багушэвіча ў вёсачцы Сьвіраны (цяпер у Літве гэтая вёска афіцыйна называецца Сьвірону Каймас) урачыста замацаваная яшчэ адна мэмарыяльная шыльда ў гонар паэта. Самога будынку, дзе нарадзіўся Францішак Багушэвіч, ужо няма, але на тым самым месцы стаіць цяпер сядзіба Філіповічаў – на гэтай хаце і зьявілася сёньня белая мармуровая шыльда з барэльефам і надпісам на лацініцы па-беларуску: “У гэтым доме нарадзіўся паэт Францішак Багушэвіч”.

Гаспадыня сядзібы, Марыя Філіповіч-Равіцкене кажа, што ўсьцешаная:

(Філіповіч-Равіцкене: ) “Я вельмі ўсьцешаная, што будзе шыльда на нашым доме. Прыяжджайце адведваць, я тут дарожкі зраблю, кветнік”.

Імпрэзу ўрачыстага адкрыцьця шыльды ладзіла Віленскае аддзяленьне Таварыства беларускае мовы, якое ўзначальвае Юры Гіль. Ён распавёў мне, што з нагоды адкрыцьця шыльды ў суседняй вёсцы Савічуны, дзе знаходзіцца бібліятэка імя Багушэвіча, ладзіцца сёньня сьвята паэзіі.

Намаганьнямі таго ж Таварыства беларускай мовы на будынку бібліятэкі ўжо ёсьць мэмарыяльная табліца ў гонар бацькі беларускай паэзіі Францішка Багушэвіча на трох мовах – літоўскай, беларускай і польскай, – а сама бібліятэка знаходзіцца на вуліцы імя паэта.

На сьвята прыехаў і знаны дасьледчык жыцьця і творчасьці Францішка Багушэвіча, пісьменьнік Уладзімер Содаль:

(Содаль: ) “Я адчуваю радасьць, шчасьце, што я тут – і мы ўсе сабраліся на радзіме Багушэвіча. Хацеў бы, каб разышліся сёньня хмары, каб яснае неба адкрыла нам, як і што тут адбывалася ў тыя далёкія часы. Нашыя шыльды будуць нагадваць пра Багушэвіча і ўвогуле далучаць тутэйшых людзей да сусьветнае культуры. А я рыхтую новыя кнігі – вось мяркую выдаць кніжачку дыямэнтаў кушлянскага гумару – гумару Багушэвіча “Кушлянскія жарты”. Далей хачу выдаць кнігу пра старонкі жыцьця Багушэвіча ў Вільні. Сёньня, на гэтым сьвяце, я даў цэлую падборку абразкоў для друку тут”.

Гэтая падборка з матэрыялаў для будучай кнігі пра Багушэвіча ў Вільні зьявіцца ў наступным нумары газэты беларусаў Літвы “Рунь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG