Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МСЬЦІСЛАВУ РАСТРАПОВІЧУ СПАЎНЯЕЦЦА 75 ГАДОЎ


Алесь Грыневіч, Менск

Былы галоўны дырыжор Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру Беларусі Генадзь Праватораў лічыць вялікім гонарам тое, што у 1960-я і 1970-я гады мінулага стагодзьдзя яму давялося некалькі разоў дырыгаваць аркестрамі, якія акампаніявалі Растраповічу.

Спадар Праватораў кажа, што дагэтуль удзячны Растраповічу, які ў 1963 годзе дапамог яму ў пастаноўцы опэры "Кацярына Ізмайлава" у Маскоўскім тэатры Станіслаўскага. Тое была першая пастаноўка пасьля доўгай забароны гэтай опэры Дзьмітрыя Шастаковіча ў сталінскія часы.

(Праватораў:) "Тады Растраповіч пажадаў дапамагчы тэатру, аркестру тэатру і сеў у аркестр разам са сваімі студэнтамі. Ён сваім аўтарытэтам надзвычай падмацаваў і аркестар, і ўсю гэтую пастаноўку, беручы ўдзел у прэм'еры ў якасьці канцэртмайстра віялянчэлі".

Былы галоўны дырыжор Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру Беларусі кажа, што ўсё яшчэ спадзяецца, што сустрэчы і супольная праца з Растраповічам чвэрць стагодзьдзя таму былі не ў апошні раз.

(Праватораў:) "Я ўвесь час імкнуся да таго, каб гэтая сустрэча ў бліжэйшыя гады абавязкова адбылася. Бачыце, колькі гадоў, 25 гадоў прайшло, але, як кажуць, ён сьвежанькі і малады, яму 75 гадоў сёньня, але ён па-ранейшаму няўрымсьлівы; і рэзананс і прамені ад яго сыходзяць на ўвесь сьвет".

Але асоба Растраповіча паўплывала ня толькі на музычны сьвет Беларусі. Гаворыць народны паэт Беларусі Рыгор Барадуулін, які ўпершыню пачуў віялянчэль Растраповіча ў 1960-я гады:

(Барадулін:) "Музыка ягоная і наагул яго асоба вязалася з памкненьнем да свабоды, да волі, вязалася з такім ня лёзунгавым, а глыбінным пратэстам душы супраць прыгнёту. Я лічу, што гэта яго ўсё ж вяжа зь беларусамі, з крывічамі, таму што беларусы, як я заўсёды кажу, гэта хрышчаныя паганцы, а ў выкананьні, музычным выкананьні Растраповіча ёсьць нешта ад паганства, ад глыбіннага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG