Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКАНАМІСТЫ СЬЦЬВЯРДЖАЮЦЬ, ШТО СТРАТЫ БЕЛАРУСАЎ АД ГРАШОВЫХ РЭФОРМАЎ СКЛАЛІ 30–40 МІЛЬЯРДАЎ ДАЛЯРАЎ


Ігар Карней, Менск

Адзін зь дзяржаўных экспэртаў у галіне банкавай эканомікі, які быў сьведкам фінансавага краху яшчэ ў часе так званай "рэформы Паўлава", галоўнай прычынай буйнамаштабнага падману з кампэнсацыяй бачыць тры грашовыя дэнамінацыі, што мелі месца ад 1995 году.

Чыноўнік аргумэнтуе гэта так: калі гэтак званая індэксацыя налічваецца зыходзячы зь некалькіх адсоткаў, то дэнамінацыя скасоўвала лічбы ў тысячы разоў. Паводле фінансіста, калі б да цяперашніх сумаў кампэнсацыі дадаць страчаныя калісьці нулі, то атрымалася б сапраўдная кампэнсацыя.

У 1991 годзе курс даляра да рубля на чорным рынку быў 1:12. Калі чалавек меў на рахунку болей за 5—6 тысяч рублёў, гэта складала прыблізна 500 даляраў. Зараз кампэнсацыя ад раней пазначанай сумы — даляр. Такім чынам, улады імкнуцца закрыць балючае для соцень тысяч людзей пытаньне, але пры гэтым не панесьці амаль ніякіх выдаткаў. Вось як аналізуе сытуацыю эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) "Калі Расея абвесьціла пра дэфолт, прынамсі, гарантавалася, што будуць кампэнсаваныя 25% ад укладзеных сродкаў. Гэта вялізныя страты, але людзі сваю частку атрымалі. Калі мы гаворым пра ўклады беларускія, то бачым кампэнсацыю памерам 1 — 3%. Схема працуе так, што рэальнай кампэнсацыі да памеру хоць бы 10% і болей можна дасягнуць праз 10 — 20 гадоў. Да гэтай пары адсоткаў з 90 такіх людзей ужо будуць у іншым сьвеце і ім такая ласка дзяржавы не спатрэбіцца.

Таму намер кампэнсаваць уклады — ня болей, чым палітычная кампанія; каб падмануць людзей, каб яны ня думалі, што адбываецца сёньня, калі нават бягучы заробак не выплочваецца. Я ўвогуле не называў бы гэта кампэнсацыяй".

Спадар Раманчук таксама ўпэўнены, што нават мэтавыя грошы на кампэнсацыю даходзяць да адрасатаў у вельмі нязначнай колькасьці.

(Раманчук: ) "Калі Нацбанку аддаюць загад друкаваць грошы дзеля кампэнсацыі, ён грошы друкуе. Але куды яны йдуць — гэта ўжо іншая тэма. І ў гэтым кантэксьце пад прыкрыцьцём кампэнсацыі ўкладаў тым, хто іх страціў, ідзе фінансаваньне тых галінаў прамысловасьці і сельскай гаспадаркі, якія ня здольныя зарабляць сродкі самі. Бачны двайны падман, і людзям сапраўды трэба тлумачыць, што гэта насамрэч так".

(Карэспандэнт:) "Спадар Яраслаў, ці ёсьць наагул лічбы, колькі людзей у Беларусі рэальна пацярпелі ад так званых грашовых рэформаў?"

(Раманчук:) "Насельніцтва страціла ад 30 да 40 мільярдаў даляраў. І цалкам відавочна, што такіх грошай у дзяржавы зараз няма".

Бальшыня незалежных экспэртаў выказвае меркаваньне, што цяперашняя кампэнсацыя страчаных укладаў — гэта прадуманая дзяржаўная авантура.

Зараз афіцыйныя ўклады насельніцтва ў беларускіх банках складаюць 170 мільёнаў даляраў. Простага разьліку дастаткова, каб вылічыць, што гэта 17 даляраў на чалавека. А гэта цалкам адлюстроўвае ступень даверу насельніцтва да беларускай банкавай сыстэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG