Сёньня раніцай, калі дзяржаўнае радыё Зымбабвэ абвесьціла папярэднія вынікі галасаваньня, сілы бясьпекі былі прыведзеныя ў стан трывогі, каб не дапусьціць хваляваньняў. Паліцыя перакрыла асноўныя дарогі ў сталіцу краіны Харарэ. Над горадам Булаваё, дзе знаходзіцца штаб-кватэра апазыцыі, баражыравалі гелікоптэры ўрадавых войскаў.
Якія ж вынікі былі абнародаваныя ўладамі? Пасьля падліку 95% галасоў Мугабэ меў 56%, ягоны спаборнік Цвангіраі – 41%.
Апазыцыя вынікі выбараў адпрэчыла.
Лідэр Руху за дэмакратычныя зьмены Морган Цвангіраі заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў сталіцы Зымбабвэ Харарэ:
(Цвангіраі: ) “Найбольшы выбарчы падман, што мне давялося калі-небудзь бачыць у маім жыцьці, прывёў да выніку, які паказвае перамогу прэзыдэнта пануючай партыі (ЗАНУ)”.
Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Джэк Стро заявіў у Лёндане: “Чатыры месяцы ўрад Зымбабвэ праводзіў сыстэматычную кампанію гвалту і запалохваньня з мэтай дасягнуць аднае мэты – улады любым коштам. Нічога дзіўнага, што мэта была дасягнутая”.
Сваё асуджэньне палітыкі ўладаў Зымбабвэ на выбарах выказалі таксама ЗША і Паўднёва-Афрыканская рэспубліка.
Міністар юстыцыі Зымбабвэ Патрык Чынамаза назваў перамогу Мугабэ бясспрэчнай. “Ён выйграў у пытаньні аб зямлі”, – сказаў Чынамоза. Міністар меў на ўвазе палітыку захопу земляў у белых фэрмэраў і перадачы яе безьзямельным афрыканцам, якую праводзіў прэзыдэнт.
Незалежныя назіральнікі ставяць пад сумнеў легітымнасьць выбараў, адзначаючы запалохваньне, увядзеньне ў зман, а таксама пазбаўленьне права голасу тысячаў выбаршчыкаў у Харарэ, дзе апазыцыя мае шмат прыхільнікаў.
Кіраўнік нарвэскай групы назіральнікаў (самай вялікай групы ад эўрапейскіх краінаў) Карэ Волан сказаў, што яны выявілі заганы на ўсіх стадыях выбарчага працэсу, пачынаючы ад рэгістрацыі й да моманту галасаваньня.
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, 1400 прадстаўнікоў апазыцыі й незалежных назіральнікаў на выбарчых участках былі затрыманыя.
Паводле афіцыйных зьвестак, выбарчая актыўнасьць у сельскай мясцовасьці, дзе пераважаюць прыхільнікі прэзыдэнта, перавышала 60%, а ў Харарэ яна склала каля 40%. Аднак на выбарчых участках тут выстраіліся даўжэзныя чэргі, і суд вымушаны быў працягнуць галасаваньне ажно на тры дні – улучна да панядзелка. А сёмай гадзіне вечара ў панядзелак паліцыя пачала разганяць тых, хто не пасьпеў прагаласаваць – дзе-нідзе з дапамогай сьлезацечнага газу.
Справа ў тым, што на выбарчыя ўчасткі ў Харарэ ды іншых буйных местах прыходзілася больш за 5 тысяч выбаршчыкаў, а ў сельскай мясцовасьці – толькі 1 тысяча. Ужо ў суботу большасьць сельскіх участкаў апусьцела.
У аўторак пачаўся судовы працэс над генэральны сакратаром Руху за дэмакратычныя зьмены Ўэльшманам Нкубэ ў сувязі з абвінавачаньнем у змове з мэтай замаху на прэзыдэнта Мугабэ. У змове быў авбінавачаны і Цвангіраі. Абодва адпрэчваюць гэтыя абвінавачаньні як сфабрыкаваныя ўладамі.