Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ ВЫЛУЧЫЛА "МАГУТНЫ БОЖА" НА НАЦЫЯНАЛЬНЫ ГІМН БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня на сход грамадзкасьці, што праходзіў у менскім Палацы мастацтваў, прыйшлі каля 130 прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі, сябраў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Амаль усе ўдзельнікі сходу казалі, што нацыянальна-дэмакратычныя сілы мусяць урэшце зрабіць тое, чаго не ўдалося дасягнуць на пачатку 1990-х гадоў — зацьвердзіць варыянт нацыянальнага гімну, каб трыяда нацыянальных сымбаляў (сьцяг, герб, гімн) была поўнай. Гаворыць адзін з арганізатараў гэтага сходу, галоўны рэдактар газэты "Рабочы" Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Трэба ў гэтым пытаньні паставіць кропку. Трэба, каб урэшце ўсе патрыятычна настроеныя людзі Беларусі ведалі, які ў іх гімн. Каб яны маглі яго сьпяваць на розных урачыстасьцях, раніцай і ўвечары ў хаце зь дзецьмі. У гэтым ёсьць аб'яднаўчы момант".

Сёньня абмяркоўвалі наступныя варыянты гімну: "Радзіма мая дарагая", сучасная апрацоўка старажытнага канту з "Полацкага сшытку" 16 стагодзьдзя, два варыянты "Пагоні" Максіма Багдановіча, гімн БНР "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" й "Магутны Божа".

Вядомыя паэты Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін, пісьменьніца Вольга Іпатава, мастакі Мікола Купава й Аляксей Марачкін, палітык Вінцук Вячорка ды іншыя вядомыя людзі казалі, што гімнам можа стаць толькі тая песьня, якая ўжо мае папулярнасьць у народзе й не выклікае адмоўнай рэакцыі.

Большасьць удзельнікаў казалі, што такой песьняй ёсьць "Магутны Божа", хаця былі прыхільнікі "Пагоні" й гімну БНР. Як вынік, большасьцю 63 галасы на гімн быў абраны твор "Магутны Божа".

Сёньня ж зацьверджаны варыянт нацыянальнага гімну быў накіраваны ў дзяржаўную камісію, якая праводзіць конкурс варыянтаў дзяржаўнага гімну. Праўда, мала хто з удзельнікаў сходу спадзяецца, што цяперашнія ўлады прымуць гэтую песьню ў якасьці дзяржаўнага гімну. Тым ня менш, яны будуць папулярызаваць "Магутны Божа", каб у будучыні гэты гімн разам зь бел-чырвона-белым сьцягам і "Пагоняй" стаў дзяржаўным сымбалем Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG