Удзел у гэтай акцыі ўзялі блізу двухсот таксістаў. Нагодай стала тое, што напярэдадні ўсіх уладальнікаў мікрааўтобусаў-таксовак сабраў у гарвыканкаме галоўны "вэртыкальшчык" Барысава Васіль Бургун. Ён паведаміў, што з 1 красавіка пачынае дзейнічаць новы парадак, паводле якога колькасьць мікрааўтобусаў на кожным маршруце будзе вызначаць ня попыт пасажыраў, а гарвыканкам і дзяржаўны аўтапарк №3.
Тэхнічны агляд цяпер кожны ўладальнік павінен праходзіць штомесяц, а ня раз на паўгоду, як раней. Прыватнікі таксама абавязаныя стала знаходзіцца на лініі. Мікрааўтобусам забараняецца абганяць дзяржаўныя аўтобусы і забіраць пасажыраў.
Акрамя ўсяго, Васіль Бургун абавязаў таксістаў перафарбаваць мікрааўтобусы ў жоўты колер ды працаваць ва ўніформе, якую тыя павінны набыць за свой кошт.
Такія новаўвядзеньні, паводле разьліку мітынгоўшчыкаў, як мінімум падвояць кошт праезду. Пакуль што барысаўцу адна паездка абыходзіцца ў сярэднім у 250-300 рублёў, гэта не нашмат даражэй, чым праезд на камэрцыйных хуткасных маршрутах аўтобусаў. І значна таньней, чым абыходзіцца паездка на маршрутках менчукам.
Вось што сказаў на сходзе таксіст Іван Кавалёў, падпалкоўнік у адстаўцы, пра патрабаваньне Васіля Бургуна перафарбаваць аўтамабіль.
(Кавалёў: ) "Я гэтага рабіць ня буду.Таму што гэта зьяўляецца маёй уласнай машынай. Другой машыны ў мяне няма. Машына ў мяне таксама служыць і для таго, каб нейкія пытаньні з сям’ёй рашаць. Як я магу на машыне перафарбаванай у таксі ехаць па сваіх справах?"
Уладальнікі мікрааўтобусаў настроеныя наагул не выконваць новае распараджэньне ўладаў:
(Уладальнік мікрааўтобуса: ) "Я на гэта не пайду".
(Другі ўладальнік мікрааўтобуса: ) "Нас не прымусяць. Таму што нас ставяць у такія умовы, што мая машына павінна 18 гадзінаў у суткі знаходзіцца на лініі і хадзіць па раскладу строгім. Чатыры хвіліны туды-сюды — і нада мной уздымаецца гарвыканкам, які можа мяне пазбавіць ліцэнзіі і гэтак далей".
Уладальнікі маршрутных таксовак вырашылі зьвярнуцца па дапамогу ў пракуратуру. Міліцыя нікога з удзельнікаў сходу не затрымала.