Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАТЭСТАНТЫ НАВАЖЫЛІСЯ БАРАНІЦЬ ПРАВЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ МЕНШАСЬЦЯЎ БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

Падставай для заснаваньня новай праваабарончай арганізацыі стала павелічэньне ў апошнія гады выпадкаў перасьледу грамадзянаў Беларусі паводле рэлігійнай прыналежнасьці. Да прыкладу, яшчэ не завершаны судовы працэс у дачыненьні да тэлевядучага Яўгена Новікава, які з экрана дзяржаўнага тэлебачаньня сьцьвярджаў, што прыхаджане царквы хрысьціян веры Эвангельскай альбо пяцідзясятнікі прыносяць у ахвяру людзей.

Многіх вернікаў уразілі прэміі, уручаныя ад імя праваслаўнай царквы карэспандэнтцы "Народнай газэты" Ніне Яновіч і радыёжурналістцы Ніне Чайцы, якія ў мэдыях вызначыліся выказваньнямі, абуральнымі для неправаслаўных. Сюды ж можна аднесьці разбурэньне ў Менску будынку габрэйскай сынагогі, забарону на дзяржаўным радыё каталіцкай духоўнай праграмы "Голас душы" — і гэта толькі асобныя прыклады.

Дыскрымінацыя вернікаў мае месца і на заканадаўчым узроўні. Гаворыць адна з заснавальніц і старшыня новастворанай арганізацыі Дзіна Шаўцова:

(Шаўцова: ) "Апошнімі гадамі мы часта сутыкаемся з выпадкамі парушэньня правоў вернікаў, зьменамі заканадаўства, рознымі трактоўкамі законаў. У зьвязку з гэтым узьнікаюць праблемы з рэгістрацыяй, пазбаўляюць магчымасьці праводзіць сходы й арэндаваць залі".

У прыватнасьці, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту №36, рэлігійным аб’яднаньням забароненая арэнда грамадзкіх будынкаў, і з гэтай прычыны многія вымушаныя зьбірацца для набажэнстваў на прыватных кватэрах.

Аднак гэта не ратуе вернікаў ад гвалту. Да прыкладу, Павал Рогач — сябра пратэстанцкай царквы — быў аштрафаваны толькі за тое, што прыйшоў для чытаньня Бібліі на кватэру свайго сябра. Гаворыць Павел Рогач:

(Рогач: ) "Прыйшлі да нас на кватэру восем чалавек зь відэакамэрай. Не называліся хто яны, нічога не тлумачылі, фактычна зрабілі ператрус. Непрыемна ўсё гэта, бо калі людзі зьбіраюцца па дамах, каб піць, гуляць, дык гэта нармалёва. А вернікі чытаюць Біблію й моляцца, дык гэта быццам бы й ня вельмі добра".

Новае грамадзкае аб’яднаньне гатовае бараніць правы вернікаў усіх канфэсіяў Беларусі. Але, як сьцьвярджаюць юрысты Беларускага Гельсынскага камітэту, куды вернікі неаднойчы зьвярталіся па дапамогу, канфлікты з уладаю найчасьцей здараюцца у прадстаўнікоў усіх цэркваў, апроч праваслаўнай. Бо рэлігія сталася часткай вонкавай і ўнутранай палітыкі Беларусі — лічыць экспэрт Алег Гулак:

(Гулак: ) "Расейская праваслаўная царква й Беларускі экзархат зьяўляюцца ня столькі духоўнымі інстытутамі, але ўсё больш набіраюць рысы палітычныя. Вельмі актуальным гэта становіцца ў зьвязку з аб’яднаўчымі тэндэнцыямі. Стратэгічным такім падмуркам ёсьць Расейская праваслаўная царква”.

Цяперашнія ўлады заяўляюць, што праваслаўе вызнае "падаўляючая" бальшыня жыхароў Беларусі. Рэальнасьць жа сьведчыць, што ў краіне зьяўляецца ўсё большая колькасьць каталіцкіх, пратэстанцкіх, баптысцкіх рэлігійных суполак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG